Што ў школьным гардэробе. Зараз самы час абнавіць школьны гардэроб і набыць канцтавары. Наколькі гэта магчыма зрабіць у Ляхавічах

У новым навучальным годзе змен у патрабаваннях да дзелавога стылю школьнікаў не будзе. Такую інфармацыю распаўсюдзіла Міністэрства адукацыі. Летась ужо замацавалі ўсе нормы: на ўрокі – толькі дзелавы стыль, а кожная школа сама выбрала сваю гаму і адметныя элементы. Зараз самы час абнавіць школьны гардэроб і набыць канцтавары.
Наколькі гэта магчыма зрабіць у Ляхавічах і ці прымальныя цэны? Карэспандэнт «ЛВ» вывучыў школьны асартымент і яго даступнасць.

Форма ў камплекце
За адзеннем карэспандэнт адправіўся спачатку ў «Марк Фармэль». Прадаўцы на пытанне пра школьны асартымент ветліва пачалі дэманстраваць і расказваць. Кашулі, камізэлькі, штаны, пінжакі, спадніцы, сукенкі, спартыўныя касцюмы – выбар ёсць. Цана залежыць ад росту і памеру.
За 200 рублёў можна набыць камплект, у які ўваходзяць пінжак, штаны, кашуля і футболка пола. Калі ж браць паасобку: пінжак на рост 128 (7–8 гадоў) каштуе каля 65 рублёў, спартыўны касцюм – 70 рублёў. Джэмпер для хлопчыка ростам 140 сантыметраў – 55 рублёў. Прадаўцы адзначаюць, што найбольш запатрабаваныя колеры – сіні і чорны.
Яшчэ адна гандлёвая кропка, дзе арганізаваны «школьны гандаль» –
магазін «Світанак», які зараз знаходзіцца па вуліцы Леніна, 45, там, дзе райпоўскі «ПраЗапас». Тут таксама маецца выбар як бялізны, так і школьнага гардэроба. У магазіне пастаянна працуюць скідкі дня.
Школьная калекцыя прадстаўлена і ў гандлёвым цэнтры «Этаж». У адным з павільёнаў у продажы як абутак, так і вопратка. Жыхарка аграгарадка Русінавічы Ілона Гаўрыльчык адзначыла, што кожны год з задавальненнем апранае тут да школы дачку Дар’ю і сына Мацвея. Падкрэслівае, што асартымент на любы густ: і штаны, і майкі, і кашулі, спадніцы, і якасць добрая.
Адзенне, па словах Ілоны, павінна быць зручным, добра мыцца, прапускаць паветра і не мяцца. Менавіта па такіх крытэрыях яна і выбірала. Касцюмы-двойкі тут на рост 116–146 – 60 рублёў, тройкі – (146–160) – 100 рублёў. Кашулі на хлопчыкаў – ад 33 рублёў, дзявочыя блузкі – ад 40 рублёў.

Ад ручкі да вокладкі
Напоўніць школьны партфель канцылярскімі прыладамі можна ў гандлёвай кропцы райпо на рыначнай плошчы. Рэжым работы: штодзень, акрамя панядзелка, па будных днях з 9 да 14 гадзін, у выхадныя – да 13 гадзін.
У «БелБланку» таксама тавар і цэны на любы густ. Прадавец растлумачыла, што цана на сшыткі да канца верасня складае 18 капеек, сшыткі ў папяровай і вінілавай вокладцы – ад 88 капеек да 2 рублёў 40 капеек, прадметныя – па 1 рублі 78 капеек, а са старога прывозу – па 94 капейкі. Прывабная цана і на ручкі: ад 13 капеек да аўтаматычнай за 3 рублі 30 капеек, алоўкі – ад 25 капеек, вокладкі для сшыткаў (набор з 10 штук) – ад 2 рублёў 20 капеек да крыху больш за 4 рублі, вокладкі для дзённіка (набор з пяці штук) – 2 рублі 15 капеек, вокладкі на падручнікі ад 4 рублёў 90 капеек і для 11 класа – 11 рублёў 75 капеек. Акрамя таго, у шырокім асартыменце альбомы, пеналы, пластылін, фарбы і многае іншае.
Пэўны асартымент маецца і ў «Паштавіку», і іншых гандлёвых кропках райцэнтра. Канешне, параўноўваць школьную лінейку з суседнімі Баранавічамі не карэктна. Але хацелася б, каб і абутак быў у ляхавіцкім асартыменце, і ўсё ж спецыялізаваны магазін з пастаяннай школьнай калекцыяй.

На мінулым тыдні ў Ляхавічах прайшоў маніторынг рынку школьнага адзення. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч разам з галоўным спецыялістам аддзела эканомікі райвыканкама Таццянай Мацкевіч, аддзелам ідэалагіч-най работы і па справах моладзі райвыканкама наведалі гандлёвыя кропкі.

– Гэта не толькі кантроль, а магчымасць на свае вочы паглядзець, ці сапраўды ў Ляхавічах ёсць даступны і якасны школьны тавар. Каб карціна была поўнай, пабывалі ў некалькіх магазінах, якія карыстаюцца попытам у ляхавічан, а таксама ў «Этажы». Адзначу наяўнасць тавараў як беларускай, так і расійскай вытворчасці. Выбар не малы, і важна, каб школьнае адзенне было зручным і падабалася самім дзецям. Разам з тым мы бачым і кропкі росту, каб у наступным годзе асартымент стаў больш разнастайным і шырокім, мог задаволіць густы пакупнікоў з розным дастаткам. Пастаўлена задача раённаму спажывецкаму таварыству па арганізацыі гандлю школьным адзеннем, – адзначыў старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.