Які двор пасуе дому. Ляхавіцкія камунальнікі добраўпарадкуюць тэрыторыі капітальна адрамантаваных летась дамоў

Важна, калі запыты, праблемныя моманты, актуальныя пытанні, узнятыя грамадзянамі, вырашаюцца паспяхова. Гэтане толькі ўмацоўвае давер людзей да ўлады, але і садзейнічае кансалідацыі грамадства – беларусы ўпэўнены, што іх чуюць, што іх праблемы могуць быць вырашаны.

Вуліца Дзесюкевіча, 8.

Не сакрэт, што значная частка пытанняў, якія хвалююць грамадзян, тычыцца капітальнага рамонту жылых дамоў, добра-ўпарадкавання населеных пунктаў, дарожнага абнаўлення. І многія з іх вырашаюцца паспяхова. Зразумела, што гэта адбываецца не ў адзін момант і не адразу пасля таго, як тэма ўздымаецца. Галоўнае – канчатковы вынік. І за прыкладамі далёка хадзіць не трэба.

У Ляхавічах у мінулым годзе капітальна адрамантаваны дом № 18 па вуліцы Арлоўскага, дом № 8 па вуліцы Дзесюкевіча і дом № 3 па вуліцы Мінскай. Але, акрамя капітальнага рамонту, тутэйшых жыльцоў радуе яшчэ адно абнаўленне – сёлета робіцца добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый на азначаных аб’ектах.
– Па ўсіх трох адрасах праводзяцца аналагічныя работы ў межах бягучага рамонту прыдамавых тэрыторый. Устаноўлены дарожныя борцікі, добраўпарадкавана тэрыторыя. Больш падрабязна спынюся на прыкладзе двара дома № 18 па вуліцы Арлоўскага. Тут уладкаваны тратуарнай пліткай пешаходныя дарожкі паміж пад’ездамі, каля пад’ездаў з’явіліся новыя лаўкі. Зроблена падсыпка праезнай часткі, а на жнівень – верасень запланавана асфальтаванне. Асфальтавае пакрыццё прыкладна ў гэтыя ж тэрміны з’явіцца і па двух іншых адрасах, – расказвае намеснік дырэктара КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Віталій Калупановіч.

Абнаўленне відавочна не толькі на прыдамавых тэрыторыях шматкватэрнікаў райцэнтра. Камунгас радуе камфортнымі абноўкамі для аўтатранспарту. Удала ўпісаліся ў агульную інфраструктуру на вуліцы Южакова, недалёка ад адміністрацыйнага будынка камунгаса, дзве паркоўкі для аўто. Увогуле, за апошні час колькасць парковак у нашым райцэнтры істотна павялічваецца, што зручна для ўладальнікаў аўтамабіляў.
Ляхавічане ў чаканні адкрыцця пасля рэканструкцыі аўтазаправачнай станцыі. У бліжэйшы час пачнуцца работы па ўладкаванні асфальтавага пакрыцця на завулку Арлоўскага паміж АЗС і ветклінікай.

Вуліца Арлоўскага, 18.
Вуліца Мінская, 3.