Ключы адкрываюць маршруты ведаў. Новыя аўтобусы будуць падвозіць школьнікаў за ведамі ў Начаўскую і Конькаўскую школы
Новыя аўтобусы будуць падвозіць школьнікаў за ведамі ў Начаўскую і Конькаўскую школы. Ключы ад новай тэхнікі ўжо атрымаў вадзіцель Вячаслаў Македановіч. Новай тэхніцы, канешне, рады інжынер-механік Генадзій Кірмель – ён у тым ліку ў адказе за заўсёдную спраўнасць тэхнікі. У добры шлях за ведамі!



Два новыя школьныя аўтобусы і аўтамабіль з ізатэрмічным кузавам – такія падарункі атрымаў Ляхавіцкі раён напярэдадні новага навучальнага года. Ва ўрачыстай абстаноўцы каля сцен легендарнай Брэсцкай крэпасці ў мінулы чацвер адбылася перадача ключоў ад новых транспартных сродкаў
Варта адзначыць, што такі віншавальны сюжэт – традыцыйны!
Штогод школьныя аўтапаркі Першага рэгіёна папаўняюцца неабходнымі транспартнымі сродкамі. Сёлетняе абнаўленне важкае – парк школьных аўтобусаў вобласці абнавіўся 49 адзінкамі школьных аўтобусаў.
Таксама 19 аўтамабіляў з ізатэрмічным кузавам будуць дастаўляць харчаванне ва ўстановы адукацыі вобласці.
– У нашай дзяржаве вялікая ўвага надаецца пытанням дзіцячага дашкольнага выхавання і забеспячэння. Каб дзеці даязджалі ў навучальную ўстанову ў поўным парадку, нашы вытворцы, МАЗ да пачатку навучальнага года падрыхтавалі цудоўны транспарт, які паступіць у распараджэнне раёнаў Брэсцкай вобласці, – адзначыў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык падчас урачыстай цырымоніі ўручэння.
Ключы ад новай тэхнікі кіраўнік Першага рэгіёна ўручыў у тым ліку начальніку аддзела па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама Марыі Саракавік і кіраўніку цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Наталлі Кулак.

– У Ляхавіцкім раёне для перавозкі больш як 400 вучняў у горадзе і ў сельскай мясцовасці будзе выкарыстоўвацца 16 аўтобусаў (з улікам набытых). Новыя аўтобусы адправяцца ў Конькаўскую і Начаўскую СШ. Тым самым здымаецца пытанне аб выкарыстанні тэхнікі старэйшай за 10 гадоў. Амаль кожны год мы адчуваем такую важкую падтрымку – дзяржаўная увага ў плане абнаўлення тэхнікі накіравана на камфорт і бяспеку падчас паездкі. І сёлета за сродкі абласнога бюджэту набыты два аўтобусы, якія будуць вазіць дзяцей за ведамі. Важна, што тэхніка наша – айчынная! Нашы вадзіцелі і інжынер-механік ведаюць яе ад а да я, – адзначае Марыя Саракавік.
Значны плюс для арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі раёна – падораны аўтамабіль «МАЗ» з ізатэрмічным кузавам. Тэхніка прызначана ў тым ліку і для перавозкі хуткапсавальных прадук-
таў. А гэта гарантуе строгае выкананне стандартаў якасці пры дастаўцы харчавання дзецям.
– Аўтобусы ўжо занялі сваё месца ў аўтапарку і рыхтуюцца выйсці па сваіх маршрутах. А гэтымі днямі праходзіць важная працэдура – абавязковы агляд тэхнікі. Экзаменуецца тэхнічны стан машын, спраўнасць усіх сістэм, стан шын, тармазных сістэм, светлавых прыстасаванняў, абсталяванне аварыйных выхадаў і іншае. Пад увагай наяўнасць медаптэчак, вогнетушыцеляў, безумоўна, кантроль наяўнасці ўсіх неабходных дакументаў па транспартным сродку і дакументаў у вадзіцеля. Агляд праходзяць усе транспартныя сродкі аддзела па адукацыі, а таксама школьны транспарт цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый. Агляд праходзіць з удзелам прадстаўнікоў АДАІ Ляхавіцкага РАУС і транспартнай інспекцыі вобласці, – адзначыла намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Марына Глушко.
Рыта КРАСАВІЦКАЯ




