На лініі агню і хлеба. На палях Ляхавіцкага раёна задзейнічаны ў якасці камбайнераў старшыя інструктары-выратавальнікі

Калі ў Ляхавіцкім раёне пачынаецца жніво, на поле разам з аграрыямі выходзяць тыя, каго прывыклі бачыць у баявой амуніцыі выратавальнікаў. Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у вольны ад службы час дапамагаюць убіраць ураджай. Сёння на палях раёна задзейнічаны ў якасці камбайнераў старшыя інструктары-выратавальнікі Сяргей Зянько  (ПАВП № 11), Раман Папко (ПАВП № 13)і Арцём Шклянік  (ПАВЧ № 1). Іх вопыт ліквідацыі надзвычайных сітуацый дапамагае і на жніве: умеюць хутка прымаць рашэнні, дзейнічаць зладжана і не баяцца цяжкасцей.

Экстрым –гэта па-нашаму!
– Прывыклі працаваць у экстрэмальных умовах, – адзначае старшы інструктар-выратавальнік Тальмінавіцкага ПАВП № 13
Раман Папко. – А жніво – гэта таксама экстрэмальная сітуацыя, толькі мірная. Заўсёды гатовы, калі трэба дапамагчы сваёй гаспадарцы,– дзеліцца Раман Папко, які на жніве ў ААТ «Жарабковічы» пяты сезон.
Для яго гэта справа, якая грэе душу не менш, чым служба ў РАНС.
– У адным выпадку выратоўваем людзей ад бяды, у другім – дапамагаем забяспечваць эканамічную бяспеку краіны, – гаворыць
Раман. – Сэнс адзін: дапамагаць. І ад гэтага атрымліваю задавальненне. Хлеб – ён галава ўсяму!
Камбайнер родам з Жарабковічаў. Тут некалі працавалі бацька і брат, поварам шчыруе маці. Так што ў жніўнай справе чалавек не выпадковы. Сёлета ён у адным экіпажы з Сяргеем Бураком. У лепшыя дні і на ўраджайным полі малацілі да 20 бункераў. У кабіне Раман адчувае сябе камфортна. Тэхніку ведае дасканала, рамонт, калі трэба, робяць самі – без гэтага на жніве ніяк. Калі вяртаецца позна дадому, дачка радасна сустракае яго. І гэта, бадай, галоўная ўзнагарода
за ўсе працоўныя змены.
– На жніво мяне цягне не толькі матэрыяльная зацікаўленасць. Гэта нешта большае. Тут і любоў да тэхнікі, і замілаванне залатым разлівам хлебных палёў, і ўсведамленне значнасці ўборачнай кампаніі. Адным словам, гэта маё хобі! Што тычыцца напарніка
Сяргея Бурака, то працаваць з ім – гонар і задавальненне, – падкрэслівае Раман Папко, які і сам неаднойчы быў сярод лепшых на жніве.

Старшы інструктар-выратавальнік Ліпскага ПАВП № 11 Сяргей Зянько – паважаны чалавек і ў пажарнай службе, і ў хлебаробскай справе.
У ААТ «Жарабковічы» на жніве ён шосты сезон і адзначае, што для яго ўборачная – не чарговая змена, а сапраўдная праверка сілы і характару. Расказвае, што, калі бачыць перад сабой бязмежныя палі, то яшчэ глыбей разумее вялікую цану кожнага працоўнага дня ў полі. Ва ўсіх агульная мэта – засыпаць у засекі якаснае збожжа. Не забывае ён і пра сваю ролю выратавальніка. Адзначае, што і ў полі важна ўмець бачыць, адчуваць небяспеку і быць гатовым у любую хвіліну падстрахаваць таго, хто побач. У кабіне камбайна ён каторы
год поплеч з прафесіяналам Віктарам Клемянёй, і сёння на КЗС-GS12-А1 намалацілі больш за 2 700 тон збожжа.

Тэхніка прыкрыцця
Бяспека на жніве – пытанне нумар адзін, якое патрабуе максімальнай дысцыпліны і адказнасці ад кожнага працаўніка. Важную ролю адыгрывае і тэхніка прыкрыцця.
Ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама адзначылі, што ў кожным сельгаспрадпрыемстве на час жніва арганізавана работа тэхнікі і вопытных працаўнікоў, якія забяспечваюць пажарную бяспеку і гатовы да аператыўнага рэагавання ў выпадку надзвычайнай сітуацыі. Для гэтых мэт задзейнічаны трактары з помпай, цыстэрны з вадой і іншыя сродкі. Так, у ААТ «Жарабковічы» ў страі тры пажарныя машыны сельгаспрадпрыемства і прыстасаваны для гэтых мэт малакавоз. На чале адной з пажарных машын другі сезон – вадзіцель ААТ Пётр Блашэнка.
Адказны і нераўнадушны, яго вопыт запатрабаваны і на пенсіі, а яго працоўны стаж складае паўстагоддзя.
У ЗТАА «Белдан» на дзяжурства заступаюць вадзіцелі Ляхавіцкага РАНС. Як расказаў «ЛВ» намеснік начальніка райаддзела Дзмітрый
Берташ, вадзіцелі працуюць па зменным графіку – у вольны ад асноўнай службы час.
Пажарная машына выязджае ў поле на месца ўборкі і дзяжурыць там з раніцы да змяркання.
Жніво – адзін з тых выпадкаў, калі дзяржаўную важнасць уборачнай кампаніі адчувае кожны, хто выходзіць у поле – ад кіраўніка да маладога камбайнера. І ўклад выратавальнікаў у гэту справу важкі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.