За танец- лайк. Школа танца ANANKO DANCE SCHOOL з г. Баранавічы, у якой займаюцца і ляхавіцкія рабяты, заслужыла званне лепшага калектыву LikeChallenge

Танцавальны чэмпіянат LikeChallenge 2.0 сабраў  15 – 16 мая ў сталіцы лепшыя калектывы краіны. Сярод удзельнікаў – і школа танца ANANKO DANCE SCHOOL  з г. Баранавічы, у якой займаюцца і ляхавіцкія рабяты.

Філіял гэтай школы з верасня мінулага года працуе пры Ляхавіцкім гарадскім Доме культуры. Дзяцей з чатырох гадоў і дарослых сучасным танцавальным стылям навучае харэограф Дар’я Верамей. Яна і прапанавала рабятам з узроставай групы 9 – 11 гадоў паўдзельнічаць у прэстыжным творчым спаборніцтве. І ўсё атрымалася! У намінацыі #STREET_challenge ляхавіцкая каманда, у якую ўвайшлі шэсць дзяўчынак і хлопчык, заваявала другое месца.
– Цудоўна, што талент рабят быў так высока ацэнены. Вельмі задаволена вынікам! Асаблівасць  танцавальнага чэмпіянату ў тым, што вынікі выступлення трансліруюцца ў рэжыме рэальнага часу на экране, дзе выводзяцца адзнакі ўсіх членаў журы, а пасля высвечваецца размеркаванне месцаў. Да таго кожны член журы ставіць лайкі за тыя элементы танца, якія спадабаліся. Гэта дадатковы бонус да асноўных адзнак за выступленне, які дае магчымасць перамагчы ў намінацыі #LIKE_SUPERPRIZE, – падкрэслівае Дар’я Верамей.
Па выніках двух дзён чэмпіянату канкурсанты школы танца ANANKO DANCE SCHOOL (у тым ліку і ляхавіцкія зорачкі) зарабілі 630 лайкаў і абышлі 1500 каманд – выйгралі прыз фестывалю – 500 рублёў і званне лепшага калектыву LikeChallenge.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.