Стартаваў час добрых спраў. Ляхавічане актыўна далучаюцца да дабрачыннай акцыі, прымеркаванай да пачатку новага навучальнага года
Па традыцыі землякі актыўна далучаюцца да дабрачыннай акцыі, прымеркаванай да пачатку новага навучальнага года. Разам удзельнічаем у прыемных клопатах – збіраем дзяцей у школу.
Хутка ў школу. Значыць, прыйшоў час збіраць партфель. Дапамагчы са школьнымі зборамі хлопчыкам і дзяўчынкам, якія выхоўваюцца ў сем’ях з абмежаванымі магчымасцямі, традыцыйна становіцца агульным клопатам для ўсіх неабыякавых людзей і ў нашым раёне.
У мінулую сераду ў фае райвыканкама прайшла акцыя «Дапаможам сабраць дзіця ў школу». Дабрачынная дапамога напярэдадні новага навучальнага года накіравана на тое, каб у кожнага дзіцяці, незалежна ад даходу сям’і, было ўсё патрэбнае для вучобы, каб яго партфель быў напоўнены ўсім неабходным.
Кіраўніцтва раёна і дэпутацкі корпус, прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, супрацоўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама і розных арганізацый сабралі вялікі набор таго, што абавязкова спатрэбіцца школьнікам розных узростаў. Рукзакі, канцылярскія прыналежнасці, сшыткі, альбомы, усё для творчасці і многае іншае будуць размеркаваны па дамах сямейнага тыпу, сем’ях, дзе выхоўваецца пяцёра і больш дзяцей, малазабяспечаных сем’ях.
Як расказалі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, падарункі ад усёй душы адправяцца ў 25 сем’яў, каб падарыць радасць дзецям.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.




