Чатыры тысячы не мяжа?

У мінулую сераду на мехдвары ААТ «Жарабковічы» зноў і зноў гучалі словы падзякі за працу! У галоўных ролях – тыя, хто шчыраваў на жніўных палетках у кабіне камбайна ці ў кабіне аўто, перавозячы хлеб новага ўраджаю. А якія вынікі паказалі сёлета – рэкордныя! Экіпажу Георгія Жука і Аляксандра Пронькі ўпершыню на Ляхавіччыне пакарыўся сезонны намалот у чатыры тысячы тон збожжа. А на рахунку маладога вадзіцеля Уладзіслава Бурака больш за чатыры тысячы тон перавезенага збожжа новага ўраджаю.


Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз павіншаваў чатырохтысячнікаў з адметным дасягненнем і выказаў пажаданне, каб і ў наступным годзе намалоты ў гаспадарцы былі не меншыя, а асабістыя вынікі яшчэ больш высокія. Тым больш для гэтага ёсць усе перадумовы: гаспадарка забяспечана кваліфікаванымі кадрамі, надзейнай тэхнікай, а людзі тут працавітыя і адданыя сельскай гаспадарцы.


Да шчырых віншаванняў далучыліся пракурор раёна Ігар Палыка, першы намеснік старшыні райвыканкама Васілій Пыжык, дырэктар ААТ «Жарабковічы» Андрэй Новік, прадстаўнікі прафсаюза аграрыяў, райсельгасхарчу, райвыканкама.
А віншаванні прадоўжыліся ўручэннем падарункаў. Так, экіпаж камбайнераў чакаў прыемны сюрпрыз. Другі сезон Георгій Жук і Аляксандр Пронька працуюць на гомсельмашаўскім GH-800.
Ад ААТ «Гомсельмаш» у падзяку за працу намеснік начальніка аддзела УР «Гомсельмаша» Ілья Лагачоў уручыў Георгію Жуку мапед
«Мінск», а Аляксандру
Проньку – пуцёўку ў санаторый «Машынабудаўнік».
У якасці музычнага віншавання – выступленне артыстаў Ляхавіцкага ГДК.
Пасля віншавальнай часткі прадоўжылася размова пра справы надзённыя – сялянскія. Кіраўнік «Жарабковічаў» расказаў, што ўсе 12 кам-байнаў, задзейнічаных на жніве – вытворчасці «Гомсельмаша», прычым палова з іх – «узростам» да пяці гадоў. І праблем з тэхнікай няма, працуе добра. Гэтай жа думкі прытрымліваюцца і камбайнеры. Увогуле, як адзначыў рэкардсмен-чатырохтысячнік Георгій Жук, іх жалезны сябар – камбайн GH-800 зарэкамендаваў сябе надзейным і мабільным. Механізатары падзякавалі за тое, што ў сельгаспрадпрыемстве створаны ўсе ўмовы для паспяховай працы. Каб намалоты былі ўраджайнымі, стараліся і падчас пасяўной, і падчас догляду пасеваў. І, канешне ж, перадавікі падзяліліся планамі на сезон-2027: «Будзем імкнуцца перасягнуць планку сёлетняга жніва. Пяць тысяч тон гучыць рэальна!»
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.