У мамы ёсць дзяржава!

За апошні час толькі лянівы не спытаў у мяне, ці чакаю я пераразліка дэкрэтных? Маўляў, ты ж на кіруючай пасадзе, добра атрымаеш,
мо адразу за другім?
Сёння тэндэнцыі мяняюцца. З гэтым не паспрачаешся. Спачатку маладыя людзі выбіраюць пажыць дзеля сябе, вызначыцца з кар’ерай, напоўніць фінансавую падушку, вырашыць жыллёвае пытанне.


А затым… усё самае лепшае. Не бяруся крытыкаваць такі падыход. Аднак тэндэнцыя ёсць тэндэнцыя. Дзяржава вымушана адаптавацца да такіх умоў і знаходзіць шляхі, каб дэмаграфія станавілася больш аптымістычнай. За час дэкрэта ўпэўнілася: быць мамай у Беларусі – гэта быць пад заўсёднай дзяржаўнай увагай. Краіна нават турбуецца пра тое, каб мамы маглі ў дэкрэце працаваць пры жаданні. Дзе такое яшчэ існуе? І гэта нягледзячы на існуючую каласальную сістэму падтрымкі для маладых мам, для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей да трох гадоў.
Сёння на дзяржаўны разгляд вынесена прапанова пераглядзець падыходы да вызначэння памераў дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Магчыма, стрымліваючым фактарам для наражэння дзіцяці з’яўляецца тое, што да дэкрэта маці атрымлівала значна вышэйшую заработную плату, чым дэкрэтныя. Таму крок да нараджэння дзіцяці здаецца фінансава цяжкім. Заўжды хочацца даць свайму немаўлятку ўсё самае лепшае, а жаданне часам упіраецца ў матэрыяльны бок. А калі маці будзе ўпэўнена, што фінансавы бок істотна не зменіцца, магчыма, гэта паўплывае на наступнае дэмаграфічнае рашэнне.

Важна! Што мінімальны парог выплат не зменіцца. Аднак усё ж гэта толькі на ўзроўні планаў. Урад, лічу, выбудуе сістэму, якая задаволіць жанчын.

Гляджу на гэта так: дзяржава бачыць праблему і не баіцца прапаноўваць смелыя рашэнні. Паглядзіце, як гэта навіна ўскалыхнула грамадства. А гэты крок павінен усё ж стаць штуршком, стымулам да бацькоўства, прэстыж мацярынства павінен быць значна вышэйшым. Аднак і гэты пераход павінен быць плаўным, прадуманым.
Паглядзіце, як граматна дзяржава падышла да жадання жанчын развівацца ў дэкрэце. Калі ласка – групы ў садах ад года да двух. Жадаючых шмат – гэта рэальная магчымасць для маці працягнуць кар’ерны рост, пры гэтым ведаць, што тваё дзіця ў надзейных руках. Ці ж не гэта клопат менавіта пра жанчыну і яе амбіцыі?
Пакуль у каментарыях да навіны разгараюцца баталіі: адныя ўжо збіраюцца ў наступны дэкрэт і разлічваюць на павышаную дапамогу, іншыя лічаць, што догляд дзіцяці не вырашае заработная плата. Час пакажа, як памер заработнай платы будзе ўплываць на выплаты.
…Зразумела адно, што Беларусі патрэбны маленькія беларусы – апора і будучыня дзяржавы. Для іх у нашай краіне створана ўсё – за дзевяць месяцаў да нара-джэння яны пад пільнай медыцынскай увагай, здароўе мамы – здароўе малыша. Аднаразовыя выплаты пры нараджэнні дзіцяці складаюць каля 5 тысяч рублёў на першае і больш за 7 тысяч рублёў – на другое і наступных дзяцей. Сямейны капітал для шматдзетных складае 35 тысяч рублёў, ёсць і штомесячныя дапамогі. А колькі разоў падымалася дапамога па доглядзе дзіцяці. І чарговы стымул – крок да вырашэння дэмаграфічнага пытання. Таму чакаем студзень і думаем над сямейным пытаннем.

Маргарыта
КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.