За тыдзень да новага года навучальнага. 26 жніўня вялікі педагагічны савет раённага маштабу сабраў у ГДК прадстаўнікоў усіх устаноў адукацыі Ляхавіччыны

26 жніўня вялікі педагагічны савет раённага маштабу сабраў у ГДК прадстаўнікоў усіх устаноў адукацыі Ляхавіччыны.
Традыцыйны жнівеньскі педагагічны форум – час узгадаць дасягнутае, падзяліцца здабыткамі ў адукацыі і выхаванні, расказаць пра навацыі, а яшчэ пагаварыць па душах, бо канферэнцыя такога кшталту – гэта сустрэча сяброў, аднадумцаў, аб’яднаных любоўю да дзяцей і гонарам за сваю прафесію.
У холе ГДК было надзвычай актыўна і цікава. Кожная выстава дасягненняў – своеасаблівая педагагічная справаздача, адзнака настаўнікам і выхавальнікам за мінулы навучальны год.
Свой летапіс сістэма адукацыі раёна вядзе з 1944 года. За гэты перыяд захаваны і прымножаны слаўныя традыцыі, закладзеныя папярэднімі пакаленнямі для рознабаковага развіцця юных землякоў і для ўдасканалення прафесіяналізму педагогаў.
І як адзначыў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, адна з галоўных місій педагога – выхаванне сапраўдных патрыётаў, тых, ад каго залежыць будучыня Беларусі і яе жыхароў.
Пра патрыятызм,
прафарыентацыю,
выніковасць
адукацыі і не толькі
Канструктыўную размову з калегамі на тэму «Адукацыйная прастора Ляхавіцкага раёна: ад эфектыўных працэсаў – да высокіх вынікаў» пачала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік.
– Сучасныя эканамічныя і сацыяльныя змяненні ставяць новыя задачы. Беларускаму грамадству патрабуюцца дынамічныя, мабільныя, канструктыўныя асобы з пачуццём адказнасці за ўласны лёс і за будучыню сваёй краіны.
З кожным днём павышаецца планка чаканняў ад сістэмы адуацыі.
І гэта не проста словы: аб’яўленая Прэзідэнтам краіны пяцігодка якасці задае вектар, на якім няма месца фармалізму. Разам мы павінны прыкласці ўсе намаганні, каб установы адукацыі былі той прасторай, дзе высокія стандарты якасці спалучаюцца з душэўнай цеплынёй. Каб сучасныя інструменты навучання
і выхавання не замянялі, а дапаўнялі мудрасць педагога і дапамагалі дзіцяці раскрыць свае таленты
і магчымасці. Мы павінны працаваць так, каб кожны выпускнік выходзіў са школы не проста з наборам ведаў, а з упэўненасцю ў сваіх сілах і гатоўнасцю прыносіць карысць грамадству, – адзначыла Марыя Саракавік.
Спынілася начальнік аддзела па адукацыі на прыярытэтах у дашкольнай адукацыі і атрыманні агульнай базавай і сярэдняй адукацыі, патрыятычным выхаванні, дзейнасці профільных класаў і груп, развіцці творчых здольнасцей хлопчыкаў і дзяўчынак, на кадравым складніку, у тым ліку прафесійных дасягненнях педагогаў Ляхавіччыны на абласным і рэспубліканскім узроўнях, мерах, прымаемых для павышэння прэстыжу прафесіі настаўніка, а таксама – на інфарматызацыі, матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні ўстаноў адукацыі і іншых пытаннях парадку дня для адукацыйнай прасторы раёна.
Марыя Саракавік падзякавала калегам за адкрытасць і ініцыятыўнасць, інавацыйныя падыходы ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення.
Пра важнасць пераемнасці пакаленняў, удасканаленне дашкольнай адукацыі, дзейнасць, накіраваную на зберажэнне здароўя школьнікаў, прафарыен-
тацыю разважалі ў сваіх выступленнях метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Патаповіч, намеснік дырэктара Малагарадзішчанскай СШ Аксана Сакуць, намеснік дырэктара
СШ № 2 Вольга Рокач.

Узнагароды, віншаванні, пажаданні
Прыемных момантаў, шчырых ушанаванняў і падзяк на канферэнцыі было шмат. Яшчэ перад пачаткам форуму яго ўдзельнікаў з прывітаннямі і прыгожымі паштоўкамі сустракалі юныя ляхавічане. Колькі пяшчоты і прыгажосці ў кожным фотаздымку выставы, прымеркаванай да Года беларускай жанчыны, што размясцілася ў фае ГДК! Шчырымі апладысментамі віталі калегі Людмілу Юнік, якая з
2008 года ўзначальвала цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а зараз – на заслужаным адпачынку.
Выхаванцы дзіцячых садкоў і школьнікі крэатыўна, эксклюзіўна і весела павіншавалі педагогаў з новым навучальным годам.
Апладысменты, кветкі, гасцінны прыём у вялікую педагагічную сям’ю Ляхавіччыны – усё гэта для маладых настаўнікаў, якія прыйшлі ва ўстановы адукацыі раёна на сваё першае працоўнае месца. У якасці маладых спецыялістаў 2026/2027 навучальны год пачнуць дзевяць чалавек.
Поспехаў у педагагічнай дзей-насці, цярпення, выдатных вучняў, спраўджвання ўсіх мар і надзей, здароўя і аптымізму шчыра жадалі старшыня райвыканкама Мікалай Мароз і кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч, намеснік старшыні райвыканкама Алег Траццяк, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Хмарук. Вялікай
плеядзе кіраўнікоў устаноў адукацыі, педагогам уручаны Граматы і Падзячныя пісьмы Міністэрства адукацыі, райвыканкама і райсавета, аддзела па адукацыі, прафсаюзныя ўзнагароды.
А пераходны Кубак за стварэнне ўмоў для работы з адоранымі і высока-матываванымі навучэнцамі перададзены ў СШ № 1 .
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

