Камфорт і бяспека – прыярытэт газавай службы. У прафесійным календары Беларусі першая нядзеля верасня пазначана як Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. Сярод тых, хто будзе прымаць віншаванні, і калектыў Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння

У прафесійным календары Беларусі першая нядзеля верасня пазначана як Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. Сярод тых, хто будзе прымаць віншаванні, і калектыў Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння

Начальнік Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння Вадзім
Сотнікаў:


– Сёння наша арганізацыя эксплуатуе больш за 320 кіламетраў сетак прыроднага і звадкаванага газу, абслугоўвае амаль 10 800 абанентаў ва ўсіх населеных пунктах Ляхавіччыны. Раён газазабеспячэння займаецца тэхнічным абслугоўваннем ацяпляльнага абсталявання і праточных воданагравальнікаў, планавым тэхнічным абследаваннем вонкавых газаправодаў. Штогод пашыраецца карта сетак газазабеспячэння ў Ляхавіцкім раёне. Такім чынам жыхары ўсё большай колькасці населеных пунктаў атрымліваюць магчымасць карыстацца экалагічным і больш танным блакітным палівам. Так, летась у аграгарадку Ліпск былі пракладзены падземныя газавыя магістралі, прыродны газ прыйшоў у дамы аграгараджан. А сёлета ў межах дагазіфікацыі іншыя жыхары Ліпска сталі спажыўцамі прыроднага газу. Адзначу, што дзяржава аказвае істотную падтрымку тым грамадзянам, якія жадаюць газіфікавацца. Згодна з Указам № 368 фінансаванне распрацоўкі праектнай дакументацыі і будаўніцтва вулічных размеркавальных газаправодаў на 70 працэнтаў аплачвае дзяржава, 30 працэнтаў – грамадзяне. Для больш якаснага абслугоўвання спажыўцоў на базе раёна газазабеспячэння дзейнічае цэнтр па абслугоўванні насельніцтва. Зручна не толькі абанентам, для якіх скараціўся час чакання пры афармленні заявак, але і работнікам газавай службы.

Гісторыя газавай службы раёна пачалася паўстагоддзя назад, калі быў створаны Ляхавіцкі ўчастак Баранавіцкай мантажна-эксплуатацыйнай канторы прыроднага і звадкаванага газу. Газ зрабіў наша жыццё лепшым: яго прымяняюць у якасці гаручага для ацяплення жылля, як паліва для машын, кацельняў, сыравіну – у хімічнай прамысловасці. І сёння прафесія «газаўшчык», дзякуючы, у тым ліку, і прафесіяналам, якія працуюць у Ляхавіцкім раёне газазабеспячэння, гучыць ганарова.
Асноўнай задачай калектыву, як адзначыў яго кіраўнік, з’яўляецца забеспячэнне безаварыйнай дастаўкі да спажыўцоў прыроднага і звадкаванага газу, тэхнічная эксплуатацыя сістэм газазабеспячэння і абсталявання. За гэтым, як і за чыстай і дагледжанай тэрыторыяй базы, аўтапарка, стаяць людзі, якія здольны паспяхова вырашаць любыя пастаўленыя перад імі задачы, у любы час і пры любых умовах надвор’я. Раўненне ў калектыве з 57 чалавек трымаюць на лепшых з лепшых. І яны ёсць у кожным падраздзяленні газавай службы.


Імчыць жоўты аўтамабіль газавай службы. Значыць, дзесьці патрэбна дапамога газавай службы. Па нумары 104 званок паступае на аварыйна-дыспетчарскі ўчастак, які дзейнічае ў кругласутачным рэжыме. Прыёмшчык заказаў не толькі прымае заяўку і высылае брыгаду па ўказаным адрасе, але і ў абавязковым парадку праводзіць інструктаж з тымі, у каго здарыла-ся надзвычайная сітуацыя, каб людзі не засталіся сам-насам з праблемай. Гэта місія ўскладзена на прадстаўніц прыгожай паловы, а тон сярод калег задаюць Ірына Дыдышка і Караліна Дыдышка.
А сапраўднымі выратавальнікамі ў газавай службе з’яўляюцца слесары аварыйна-аднаўленчых
работ. Тут майстар-клас паказваюць Яўгеній Бурчыц, Сяргей Навумік. Своечасова даставіць брыгаду да месца аварыі – абавязак вадзіцеляў. Як з гэтым хутка і якасна справіцца, ведаюць вадзіцелі Аляксандр Македановіч, Генадзій Гатоўчыц.
За бесперабойнае забеспячэнне газам жылога сектара і прамысловых аб’ектаў у адказе служба эксплуатацыі. Вопытны старшы майстар раёна газазабес-пячэння Станіслаў Шчука – гонар арганізацыі. Толькі станоўчую адзнаку за сваю добрасумленную працу атрымлівае слесар па рамонце газавага абсталявання Ігар Дыдышка.
Слесары па рамонце і абслугоўванні газавага абсталявання Віталій Цімашок, Дзмітрый Гунчанка, Генадзій Каролік – незаменныя на ўчастку ўнутраных газаправодаў і ўнутрыдамавога газавага абсталявання, яны без праблем выконваюць рамонтныя работы па адрасах, адкуль паступаюць заяўкі ад насельніцтва.
У раёне газазабеспячэння жанчынам давяраюць адны з самых важных і адказных участкаў. І не толькі ў Год беларускай жанчыны, але і заўжды дакладнасць, адказнасць – вызначальныя аспекты работы аператара персанальных электронна-вылічальных машын Ганны Белагуравай. Яна вядзе ўлік газавага абсталявання, паступіўшых заявак і г. д.

На кожным участку Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння, нягледзячы на розныя ўскладзеныя функцыі, вырашаецца асноўная задача – газ павінен прыносіць спажыўцам выключна карысць.
А выкананне правілаў пры выкарыстанні газавага абсталявання – гарантыя бяспекі. Таму прытрымлівацца іх трэба, як і правілаў дарожнага руху.

І яшчэ, калі пасля планавай праверкі газавага абсталявання супрацоўнікі газавай службы прапануюць вам замяніць газавую пліту, калонку і іншае, гэта не проста іх жаданне, а перш за ўсё – клопат пра бяспеку спажыўцоў, каб не ўзніклі праблемы.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.