«Вясёлка»: настрой цудоўны. У СШ №2 г.Ляхавічы на працягу 18 дзён дзейнічаў лагер

Нашы педагогі – выдатнікі. Менавіта так у кутку “Настрой атраду” літаральна кожны дзень ацэньвалі хлопчыкі і дзяўчынкі сваіх выхавальнікаў у прышкольным лагеры “Вясёлка”, які на працягу 18 дзён чэрвеня дзейнічаў у СШ №2.

60 пачаткоўцаў змянілі школьныя парты на цудоўны, запамінальны і бяспечны адпачынак у летніку. Каб ён і сапраўды быў такім, пастараліся дарослыя. У кожным з трох атрадаў хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі з карысцю бавілі час, але і развівалі свае творчыя здольнасці, раскрывалі таленты і, канешне, знаходзілі новых сяброў.

“Давайце пазнаёмімся”, Дружба пачынаецца з усмешкі” — такія сустрэчы з першых дзён паспрыялі камфортнаму надвор’ю ў лагеры. А яшчэ былі экскурсіі, прэзентацыі, конкурсы, шоу. Рабяты з азартам і гатоўнасцю ўдзельнічалі ў спартландыях, “малых алімпійскіх гульнях”. Кожная раніца абавязкова пачыналася з гімнастыкі, плюс загартоўка на працягу дня, пасляабедзенны сон і вітаміны. Шмат увагі надавалася і экалагічнаму выхаванню: хлопчыкаў і дзяўчынак зацікавіў конкурс вырабаў з утыльсыравіны, а потым і паказ касцюмаў “Эка-мода”.

З асаблівым нецярпеннем чакалі штодзённую лінейку, дзе падводзіліся вынікі папярэдняга дня, называліся пераможцы віктарын і спаборніцтваў. Найбольш актыўныя ўзнагароджваліся граматамі, падарункамі і салодкімі пачастункамі.

На развітанне рабяты арганізавалі дыска-шоу і расказалі, што ім асабліва спадабалася ў “Вясёлцы”.

Ларыса ЖЭРКА,

дырэктар лагера.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *