У купалаўцы перапалох… казачны. 18 верасня ў ляхавіцкай купалаўцы прайшоў штогадовы квэст да Дня бібліятэк «Казачны перапалох»

БОЛЬШ ФОТА ТУТ


Штогод у верасні, калі ўсе бібліятэкі Беларусі адзначаюць сваё прафесійнае свята, наша бібліятэка ператвараецца ў тэрыторыю прыгод. У гэтым годзе традыцыйны «Кнігаварот на вуліцы Гагарына» прапанаваў удзельнікам прайсці квэст пад яркай назвай «Казачны перапалох».

Галоўны віноўнік казачнай сітуацыі – гарэза Безграмацей, які прабраўся ў кніжкі і пераблытаў усе казкі. Юным выратавальнікам прыйшлося адправіцца ў займальнае квэст-падарожжа, каб усё выправіць.
Узброіўшыся маршрутнымі казачнымі чэк-лістамі, хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся па зачараваных сцежках.
Сем казачных лакацый чакалі юных падарожнікаў – на кожнай свая гісторыя, прыгоды, казачныя персанажы і героі.
У Лясным царстве, дзе векавыя дрэвы захоўваюць старажытныя таямніцы, разам з Лесавіком, хітрай Лісай і Матухнай-Прыродай рабяты шукалі згублены ключ: давялося разгадаць шэпт лісцяў, прайсці па слядах лясных сцежак.

У Зачараванай вёсцы іх чакала сустрэча з Бабай-Ягой і Вавёрачкай – давялося рабятам напружыць розум, каб разгадаць хітрую крыжаванку. А як па-іншаму, калі кожнае слова з падвохам.
На балі ў Папялушкі ўсё закружылася ў віхуры танцаў: Папялушка, яе хросная і мачыха вучылі прыгоднікаў танцавальным бальным элементам. Ох і насмяяліся, але ж без танцаў не засталіся.
На Казачнай паляне Шапакляк і Карлсан засыпалі ўдзельнікаў пытаннямі з падвохам, хітрымі віктарынамі. Правяралі не толькі веды, але знаходлівасць і кемлівасць рабят. Казачны кірмаш сустрэў вясёлым шумам і мітуснёй: разам з Зайчыхай, катом Базіліа і Самадзелкіным дзеці дапамагалі шукаць згубленыя рэчы казачных герояў, разблытваючы няпростыя галаваломкі.

У Падводным царстве Русалка, Вадзянік і Кікімара даверылі рабятам важную справу – вылечыць зубы кракадзілу. «Зубастае» выпрабаванне стала самым шчодрым на дзіцячыя ўсмешкі. У Горах чараўніцтва разам з героямі «Аладзіна» юныя вандроўнікі прасейвалі пясок у пошуках падказкі з малпачкай Абу, а затым збіралі чароўную лямпу разам з Жасмін і Аладзінам. І, нарэшце, стваралі воблака жаданняў, дзе кожны мог загадаць самае запаветнае – тое, што абавязкова спраўдзіцца, калі прайсці ўвесь казачны шлях.
Сабраўшы ўсе «страчаныя» казкі і вярнуўшы героям іх імёны, юныя выратавальнікі дапамаглі кнігам зноў знайсці сваіх чытачоў. Безграмацей атрымаў жыццёвы ўрок, а парадак у казачным каралеўстве адноўлены!
Чарговы кнігаварот стаў гісторыяй, але якой – казачнай. А для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак – светам прыгод, жаданняў, весялосці. Галоўнае кніжнае свята нагадала, што кніга – гэта сапраўдны сябар, які заўсёды прыйдзе на дапамогу.

– Кнігаварот стаў для нас і нашых наведвальнікаў добрай традыцыяй. Для нас гэта выклік сабе, зрабіць яшчэ лепш, цікавей, стварыць непаўторны свет эмоцый для нашых юных чытачоў. Таму кожны год – новыя персанажы, новыя тэмы, новыя лакацыі. На гэта нашы супрацоўнікі гатовы прыкласці ўсе свае сілы і творчасць, заўжды рыхтуемся не шкадуючы сіл. І ведаеце, калі дзеці шчыра смяюцца, калі з зайздросным жаданнем пагружаюцца ў нашы прыгоды, мы атрымліваем сапраўднае шчасце. У наступным годзе «Кнігаварот на вуліцы Гагарына» абавязкова вернецца, але ўжо з новай,
не менш займальнай тэмай, – адзначыла дырэктар Ляхавіцкай бібліятэчнай сістэмы Вольга Пляшэвіч.

Лізавета Мацулевіч, загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.