Скліканне актыўнасці. Мінулы працоўны тыдзень завяршыўся на Ляхавіччыне другой сесіяй Маладзёжнага савета пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў
Мінулы працоўны тыдзень завяршыўся на Ляхавіччыне другой сесіяй Маладзёжнага савета пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў трэцяга склікання.
Удзел у сесіі ўзялі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Георгій Хлябовіч і старшыня Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аліна Рацькова.

Старшыня ляхавіцкай маладзёжнай структуры Яна Дзедуль акцэнтавала ўвагу на духоўна-маральным і грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі раёна. Сярод шматлікіх праектаў савета – інфармацыйна-прафілактычны праект «Маладзёжны шчыт».
Сустрэчы ў калектывах накіраваны на тое, каб дапамагчы моладзі пазбегнуць небяспечных сітуацый і зрабіць свядомы выбар на карысць здароўя, усвядоміць наступствы ўжывання алкаголю, нікаціну і наркотыкаў. Для забеспячэння больш эфектыўнага дыялогу з аўдыторыяй і якаснай рэалізацыі праектаў для ўдзелу запрашаліся медыкі – псіхіятры і нарколагі. Заслугоўвае ўвагі праект «Не нашкодзь». Юнакі і дзяўчаты вучацца практычным навыкам аказання першай неадкладнай дапамогі. І не толькі тэорыя, гэта магчымасць на практыцы асвоіць важныя тэхнікі. Для гэтага былі арганізаваны выязныя мерапрыемствы на базе Ляхавіцкай ЦРБ, дзе галоўны ўрач установы аховы здароўя Аляксей Майсей сумесна з загадчыкам аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Вадзімам Піваварчыкам знаёмілі школьнікаў з сучасным медыцынскім абсталяваннем, тлумачылі яго прызначэнне і дэманстравалі, як правільна выкарыс-тоўваць розныя прылады ў экстранных сітуацыях.
– Сёння Маладзёжны савет імкнецца быць побач з моладдзю і адчуваць яе настрой. Мы імкнёмся, каб патрыятычны складнік выхавання заўжды прысутнічаў у нашай рабоце. На гэта накіравана інтэлектуальна-гістарычная віктарына «Нам дадзена права памятаць». Захаванне памяці пра вайну – гэта агульная задача, і сёння нам дадзена права называцца нашчадкамі пераможцаў, а, значыць, наша задача – захаваць мір, – адзначыла Яна Дзедуль.
У аснове работы маладзёжнай структуры – узаемадзеянне з органамі мясцовага кіравання і самакіравання.
– Члены Маладзёжнага савета ўзаемадзейнічаюць з органамі ўлады на розных узроўнях. Гэта дае маладым людзям рэальную магчымасць даносіць сваю пазіцыю да ўлады і ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў, якія датычацца моладзі і грамадства ў цэлым, – адзначыла намеснік старшыні Маладзёжнага савета пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў Дзіяна Бурак.
Як было адзначана падчас сходу, на рэспубліканскім узроўні ўзаемадзеянне выбудавана з абедзвюма палатамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Пры верхняй палаце – Савеце Рэспублікі – дзейнічае Маладзёжны савет, у які ўваходзіць і ляхавічанка Яна Дзедуль. Яго члены актыўна паглыбляюцца ў прадстаўнічы працэс: прымаюць удзел у сесіях і пашыраных пасяджэннях. Члены Маладзёжнага савета ўдзельнічаюць у сесіях абласнога Савета дэпутатаў праз відэаканферэнцыю. Гэта дае магчымасць маштабаваць раённыя ініцыятывы на ўзровень вобласці.
– Прыемна адзначыць, што Ляхавіцкі Маладзёжны савет адзін з першых прадэманстраваў вопыт узаемадзеяння з кіраўніцтвам раёна ў праекце Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі «Без гальштукаў», накіраваным на непасрэднае ўключэнне моладзі ў дзейнасць органаў мясцовага самакіравання.
Сярод тэм, якія ўзнімаліся падчас сесіі, – і сумесная работа з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі. Як адзначыла член савета Вольга Дуброўская, узаемадзеянне Маладзёжнага савета пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў з грамадскімі аб’яднаннямі раёна дазволіла выбудаваць комплексную сістэму выхавання і сацыяльнай падтрымкі моладзі. Сёння структура імкнецца стварыць свае традыцыі і ў дабрачыннасці, і ў валанцёрстве, і ў грамадскай дзейнасці. Сумесная работа з грамадскімі аб’яднаннямі дае магчы-масці пашырыць свой удзел, гэта і перайманне вопыту.
Старшыня Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аліна Рацькова адзначыла станоўчую работу калег, а таксама ўзнагародзіла Падзячнымі пісьмамі начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольгу Бурак і галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ Аляксея Майсея.
Таксама старшыня Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч уручыў заслужаныя ўзнагароды актыўным членам
Маладзёжнага савета пры райсавеце дэпутатаў.
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

