Ільняныя шохі гарантуюць перспектыву. Радуюць вока запоўненыя пад дах ільнозаводскія шохі


Галоўны інжынер ільнозавода Антон Маслоўскі і кантрольны майстар
Алена Кайгародава.

Радуюць вока запоўненыя пад дах ільнозаводскія шохі. Для калектыву гэта не проста прыгажосць, а сапраўднае багацце, што дазволіць прадпрыемству загрузіць вытворчыя лініі да наступнага ўраджаю. Сёлета сыравінныя запасы Ляхавіцкага льнозавода набліжаюцца да 12 тысяч тон. А гэта значыць, што будзе нямала работы, у тым ліку для лініі па вытворчасці катанізаванага валакна (гэты інвестпраект рэалізаваны ў межах праграмы «Адзін раён – адзін праект»). Адпаведна – стабільная зарплата для тутэйшых працаўнікоў.

Сваю ўборку Ляхавіцкі льнозавод завяршыў. Але ж нарыхтоўчы сезон не завершаны, ільнотраста працягвае паступаць ад вытворцаў з Баранавіцкага раёна.

Складскія шохі ўжо сёння «абяцаюць» не вытрымаць магутнага націску валакністага ўраджаю палёў 2026 года. Як і большасць папярэдніх, год быў неадназначным. На розных этапах і палях вытворчасці капрызлівай, патрабавальнай тэхніч-най культуры часам не хапала вільгаці, сонечнага святла і цяпла. Навальнічныя ападкі, якія здарыліся, калі расліна ўжо выходзіла ў блізкую да ўборачнай фазу, палажылі-пакруцілі-змяшалі значную частку палёў. Што, канешне ж, не магло не адбіцца на тэмпах цераблення, спажывецкіх характарыс-тыках канчатковага прадукту льнопалёў.

Як паведаміла бухгалтар прадпрыемства Таццяна Несцяровіч, пад куратарствам якой знаходзяцца пытанні ўліку і ацэнкі якаснага складніка зыходнай сыравіны, уласныя палеткі прынеслі заводу некалькі больш за 9 150 тон ільнотрасты. Аб’ём бягучага года крыху
саступае мінулагод-няму, аднак дастаткова пераўзыходзіць уласныя нарыхтоўкі 2024 года. Сярэдні нумар ільнотрасты склаўся на ўзроўні ацэначнага індэкса 0,83. А з часткі плошчаў паступіла траста за нумарам і 1, і 1,25. Траста з меншымі лічбавымі характарыстыкамі, як правіла, была сабрана з палеглых у выніку навальнічных з’яў участкаў палёў, доля якіх месцамі перавышала 60 працэнтаў.

Важным вытворча-сыравінным партнёрам завода з году ў год выступае міжраённая льнонасенстанцыя, якая таксама ажыццяўляе гаспадарчую дзейнасць на сельскагаспадарчых палетках нашага раёна. Насенная станцыя ў гэтым годзе са сваіх палёў вырошчвання культуры «падняла» крыху больш за 1 613 тон трасты.
Баранавіцкі раён паставіў ужо на наш завод-перапрацоўшчык больш за 777,2 тоны льнотрасты. Гружоныя прэс-рулонамі доўгія аўтавозы працягваюць актыўна прыбываць у вёску Задвор’е. Усяго заводскія сыравінныя запасы складуць, па папярэдніх падліках, каля 12 тысяч тон трасты.

Сёлета льнозавод істотна абнавіў свой парк тэхнікі. Закуплена новая лінія ў ранейшы цэх, устанавіць яе плануецца да канца года. Мехдвор папоўнілі два энерганасычаныя «Беларусы-3522», два пасяўныя агрэгаты, тры пагрузчыкі, камбайн, што будзе выкарыстоўвацца для абмалоту і збожжа, і льнонасення, тры самаходныя прэс-падборшчыкі, а яшчэ плугі, хімраскідвальнік і іншае. Новая тэхніка – істотны плюс у справе нарыхтоўкі сыравіны. Так што планы на наступны год – ураджайныя.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.