Ёсць прыёмы супраць ВРВІ

З паніжэннем тэмпературы паветра мы традыцыйна ўваходзім у перыяд сезонных прастуд. У Беларусі штогод з вірусамі сутыкаецца кожны трэці жыхар краіны, прычым большасць захварэлых – дзеці. Зараз эпідэміялагічная абстаноўка застаецца спакойнай і знаходзіцца пад кантролем. Назіраецца цыркуляцыя звычайных восеньскіх вірусаў: рынавірусаў, адэнавірусаў і іншых узбуджальнікаў, якія выклікаюць знаёмыя ўсім сімптомы – насмарк, пяршэнне ў горле і лёгкае недамаганне.
Вострая рэспіраторная вірусная інфекцыя (ВРВІ) – самая распаўсюджаная ў свеце група захворванняў, якая аб’ядноўвае грып, каранавірус, ротавірусную, адэнавірусную і іншыя інфекцыі.
Клінічныя праяўленні грыпу – востры пачатак, ліхаманка (тэмпература цела ў большасці пацыентаў – вышэй за 38 градусаў), галаўны боль, агульная слабасць, боль у вачах, сухі кашаль, закладзены нос ці насмарк, сустракаюцца боль у жываце, ірвота і іншае. У многіх грып заканчваецца поўным выздараўленнем праз 7–10 дзён, хаця кашаль і слабасць могуць захоўвацца на працягу двух і больш тыдняў. У пацыентаў групы рызыкі могуць узнікнуць ускладненні з боку дыхальнай і сардэчна-сасудзістай сістэм. Да клінічных прыкмет ускладненняў адносяцца задышка пры невялікай фізічнай актыўнасці ці ў стане спакою, праблемы з дыханнем,
цыяноз скуры, боль у грудзях, узбуджаны стан, санлівасць, высокая
тэмпература цела трымаецца больш за тры дні, моцны кашаль і іншыя.
Каранавірус – таксама цяжкая ВРВІ. Можа працякаць як у лёгкай,
так і цяжкай форме. Сярод найбольш распаўсюджаных сімптомаў кавіда – павышаная тэмпература цела, сухі кашаль і стамляль-
насць. А найбольш цяжкае ўскладненне – вірусная пнеўманія, якая можа прыводзіць да вострага рэспіраторнага дыстрэс-сіндрому і далейшай вострай дыхальнай недастатковасці.
Прафілактыка ВРВІ прадугледжвае комплекс мер, накіраваных на ўмацаванне абаронных сіл арганізму і абмежаванне кантактаў з крыніцай інфекцыі.
Самы эфектыўны спосаб пазбегнуць цяжкага цячэння – вакцынацыя. Прышчэпка «вучыць» наш імунітэт пазнаваць вірус, ствараючы надзейны бар’ер на 6–12 месяцаў.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе праводзіць вакцынацыю супраць грыпу штогод з кастрычніка па снежань – да пачатку эпідэміі, каб арганізм паспеў выпрацаваць дастаткова моцны абаронны механізм. Вакцынацыя не толькі істотна зніжае ўзровень захворвання, але і папярэджвае ўзнікненне цяжкіх ускладненняў і смяротных зыходаў.
Зараз у Ляхавіцкай райбальніцы стартавала вакцынацыя супраць грыпу. У першую чаргу запрашаем прышчапіцца пацыентаў з групы рызыкі. Для грыпу гэта – цяжарныя, дзеці ва ўзросце ад шасці месяцаў да трох гадоў, людзі старэйшыя за 65 гадоў, а таксама грамадзяне з хранічнымі хваробамі, работнікі ўстаноў аховы здароўя і навучальных устаноў. Вакцынацыя супраць кавіда асабліва неабходна асобам з хранічнымі захворваннямі і імунасупрэсіяй, грамадзянам старэйшым за 60 гадоў, тым, хто знаходзіцца ў якасці пастаяльцаў ці працуе ў кругласутачных установах.
Супраць грыпу вакцынацыя праводзіцца прэпаратам «Грыпол Плюс»
расійскай вытворчасці. Для вакцынацыі супраць каранавіруса ў доступе будзе расійскі прэпарат «Канвасэл». Спецыяльная падрыхтоўка для атрымання прышчэпкі не патрабуецца. Важна, каб у дзень вакцынацыі не было вострага захворвання ці абвастрэння хранічнай хваробы. Перад працэдурай пацыент абавязкова аглядаецца ўрачом.
Прайсці вакцынацыю ад грыпу можна ў ЦРБ у кабінеце № 30 (нумар тэлефона 6-07-33) і ў прышчэпачным кабінеце дзіцячай кансультацыі
(панядзелак – пятніца 8.00–20.00, субота 8.00–15.00). Таксама вакцынацыя даступна ў амбулаторыях урача агульнай практыкі (панядзелак – пятніца 8.00–18.00, субота 8.00–15.00). Арганізоўваюцца выезды медыкаў на прадпрыемствы і ў арганізацыі.
Варта не забываць пра простыя правілы, якія здольныя засцерагчы ад інфекцыі. Рацыянальнае харчаванне, здаровы лад жыцця, загартоўванне, заняткі актыўнымі відамі спорту павысяць супраціўляльнасць арганізма прастудам і папярэдзяць іншыя праблемы са здароўем.
Вольга ВАСІЛЬКО,
урач-інфекцыяніст УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ».

