Мясцовыя «Рабінзоны»

Дзевяць дзён у лесе – праверка на трываласць, смеласць для любога чалавека, які прывык да камфорту і ўсіх даброт цывілізацыі. 20 захопленых турызмам рабят сабраў сёлета напрыканцы чэрвеня перасоўны лагер “Рабінзоны”.

Першым прыпынкам на маршруце юных аматараў турызму аказаўся палігон па спартыўным арыентаванні за вёскай Набярэжная. Сапраўдным адкрыццём для “рабінзонаў” стала наведванне Мыслабажскага дома народнай творчасці. Ткацкі станок, старадаўнія музычныя інструменты і прадметы побыту вяскоўцаў – да ўсяго можна дакрануцца. Не паспелі сціхнуць эмоцыі пасля наведвання ўстановы культуры, як чакаў чарговы сюрпрыз – паказальныя выступленні супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Турыстычная зарніца і спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні прымусілі каманды крыху пахвалявацца, але ў выніку перамагла дружба, а кожны з удзельнікаў атрымаў задавальненне, збіраючы пікеты і выконваючы марш-кідок спецназа па мокрым лесе.
Экскурсія ў Флер’яноўскі палацава-паркавы ансамбль нагадала, наколькі багаты гісторыяй наш край.
Другі пераход быў больш сур’ёзным. Маршрут пралягаў праз вёскі Петухоўшчына, Туркі, Федзюкі, Лабузы. Пазнавальнымі сталі экскурсіі ў Дараўскі дом рамёстваў, Касцёл Святой Марыі, па мясцінах Першай сусветнай вайны. Спаборніцтвы па тэхніцы горна-пешаходнага турызму прымусілі ўспомніць усё, што рабяты вывучалі на занятках у цэнтры турызму і краязнаўства.
Хоць і стомленыя, але з вялікім багажом уражанняў завяршылі змену прысвячэннем у сапраўдныя турысты.
Ларыса ДЗЯРЭЧЫК,
метадыст цэнтра турызму і краязнаўства.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *