Сямейныя арыенціры і пытанні камунальнай галіны. У мінулы чацвер Ляхавіцкі раён з рабочым візітам наведаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Генадзій Трубіла

Сям’я – аснова асноў
У адзіны дзень інфармавання Генадзій Трубіла сустрэўся з калектывам КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
Асноўная тэма сустрэчы – «Традыцыйныя каштоўнасці беларусаў: сям’я, грамадства, дзяржава». Выступаючы перад камунальнікамі, Генадзій Трубіла адзначыў, што сёння Беларусь, як і многія іншыя
дзяржавы, сутыкнулася з ключавымі выклікамі ў дэмаграфічнай сферы: старэннем насельніцтва, зніжэннем нараджальнасці і міграцыйнымі працэсамі. Таму перад грамадствам і дзяржавай стаіць важная задача – павышэнне прэстыжу адказнага бацькоўства.
Кіраўнік галіновага міністэрства нагадаў пра дзейсную сістэму прававой абароны сям’і, мацярынства, бацькоўства, дзяцінства. Размова ішла і пра паспяховую рэалізацыю праграмы сямей-
нага капіталу, узмацненне падтрымкі сем’яў, якім патрабуецца дапамога рэпрадукцыйных тэхналогій, у тым ліку ЭКА.
– У нашай краіне распрацавана і рэалізуецца інфармацыйная стратэгія сямейнай палітыкі на 2026–2030 гады, асноўная задача якой – павысіць значнасць моцнай традыцыйнай сям’і для людзей рознага ўзросту, для жыхароў горада і сельскай мясцовасці, для моладзі і бацькоў. У аснове – каштоўнасці, якія аб’ядноўваюць: павага да свайго роду, традыцый, клопат і падтрымка, радасць
бацькоўства. І пазітыўныя вынікі такой работы відавочныя, – сказаў Генадзій Трубіла.
Тэмы камунальна-экалагічнай важнасці
Падчас сустрэчы з работнікамі камунгаса міністр ЖКГ Генадзій Трубіла падняў актуальныя пытанні развіцця галіны і непасрэдна работы Ляхавіцкага камунгаса. У прыватнасці, размова ішла пра выкананне мэтавых паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2026–2030 гады, павышэнне якасці жыллёва-камунальных паслуг, будаўніцтва і рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў, будаўніцтва станцый абязжалезвання і змяненні дзеючай схемы абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі.
– Неабходна ўмацоўваць пазіцыі ЖКГ у плане пашырэння відаў дзейнасці праз аказанне дадатковых запатрабаваных у насельніцтва камунальных паслуг – рамонтных, сантэхнічных, абкошвання тэрыторый, абслугоўвання дамафоннай сістэмы, будаўніцтва і рамонту жыллёвага фонду. Запаўняючы гэту нішу, прадпрыемства ўмацуе свой эканамічны складнік, – падкрэсліў Генадзій Трубіла.
Міністр станоўча ацаніў работу Ляхавіцкага камунгаса, але ўказаў напрамкі, дзе неабходна ўзмацніць работу, каб вынікі і паказчыкі былі больш унушальнымі.
Ачышчальныя збудаванні СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» – адзін з аб’ектаў, якія наведаў міністр ЖКГ. Збудаванні ўведзены ў эксплуатацыю ў снежні 2025 года і зараз працуюць у тэставым рэжыме. Як расказаў галоўны інжынер прадпрыемства Сяргей Страмавус, зараз магутнасць ачышчальных збудаванняў складае
540 кубаметраў у суткі. Міністр адзначыў, што рэалізацыя праекта накіравана на зніжэнне нагрузкі на навакольнае асяроддзе рэгіёна і ачышчальныя збудаванні камунгаса, і падкрэсліў важнасць такіх аб’ектаў для паляпшэння экалагічнай абстаноўкі. Таксама Генадзій Трубіла пабываў ў некаторых падраздзяленнях Ляхавіцкага камунгаса.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

