Новы адрас для старой тэхнікі. У рэдакцыю «ЛВ» патэлефанавала ляхавічанка
З роспаччу, разгубленасцю і з пытаннем «А куды ж мне дзець старую пліту?» у рэдакцыю «ЛВ» патэлефанавала ляхавічанка. Жанчына апынулася ў знаёмай для многіх сітуацыі. Падчас паверак газавага абсталявання ў дамах і кватэрах жыхароў раёна прадстаўнікі газавай службы выпісваюць прадпісанні аб неабходнасці замены абсталявання, у якога закончыўся тэрмін службы. Грамадзяне патрабаванне выконваюць, устанаўліваюць новыя пліты, воданагравальнае абсталяванне. І тут узнікае праблема. А што рабіць са старымі плітамі, калонкамі і г. д.? Выкарыстоўваць іх нельга, пасярод дома, кватэры, двара не пакінеш. Далёка не кожны мае магчымасці вывезці яе і здаць на металалом самастойна. Якое выйсце?
Як паведамілі ў Ляхавіцкім раёне газазабеспячэння, такога кшталту газавае абсталяванне з’яўляецца ўласнасцю гаспадара дома ці кватэры, які і павінен вырашаць праблему з вывазам гэтых рэчаў.
Наступны адрас, куды «ЛВ» звярнуўся, каб атрымаць адказ на хвалюючае пытанне, – КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
– Так, наша прадпрыемства аказвае гараджанам і жыхарам сельскай мясцовасці такі від паслуг, як вываз буйнагабарытнай бытавой тэхнікі накшталт тэлевізараў, халадзільнікаў, а таксама газавага абсталявання для іх далейшай утылізацыі. І такая паслуга вельмі запатрабавана ў насельніцтва. Алгарытм дзеянняў даволі просты. Калі з’явілася неабходнасць пазбавіцца ад старой тэхнікі, трэба патэлефанаваць у камунгас па нумары 6-09-48 (прыёмная) і зрабіць заяўку. У прызначаны час прыедзе транспарт, і супрацоўнікі камунгаса забяруць рэчы. Такая паслуга для насельніцтва бясплатная, – расказаў дырэктар КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі.
Дарэчы, не пройдзе і варыянт самастойна вынесці газавую пліту і пакінуць яе каля кантэйнернай пляцоўкі для збору цвёрдых камунальных адходаў. За незаконнае выкіданне буйнагабарытнай тэхнікі ў недазволеных месцах, у тым ліку каля смеццевых кантэйнераў, згодна з артыкулам 16.44 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжаны штраф для фізічных асоб –
да 30 базавых велічынь, для індывідуальных прадпрымальнікаў –
да 100 БВ, для юрыдычных асоб – да 1 000 БВ.
Галіна КАНЬКО.

