Шчасце па-Каралеўску. Дзень бацькі для агранома-хіміка СВК «Ляхавіцкі» Андрэя Караля – свята адметнае і важнае

Дзень бацькі для агранома-хіміка СВК «Ляхавіцкі» Андрэя Караля – свята адметнае і важнае. У сям’і Каралёў падрастаюць дачка і сыны-двайняты.На пытанне, што галоўнае ў выхаванні траіх дзяцей, Андрэй без ваганняў адказвае: любоў. Не гучная і не паказальная – штодзённая, ціхая, у дробязях. У тым, каб выслухаць, падтрымаць і зразумець. Сапраўдны бацька – той, хто штодня вучыць сваіх дзяцей любві да сям’і, роднай зямлі, працы і да людзей. І ў гэтым сэнсе Андрэй Кароль – сапраўдны кароль сваёй сям’і.

Кажуць, што дом трымаецца на матчыным цяпле. Але ёсць у сямейнай сцяне і другая апора – тая, што не заўсёды кідаецца ў вочы, але без яе дом не моцны. Гэта бацька. Гэта тыя самыя рукі, што ловяць, калі падаеш. Тыя самыя вочы, што глядзяць з гонарам. І тое самае сэрца, што хвалюецца маўкліва.
З бацькам надзейна, спакойна і ўтульна. Напярэдадні Дня бацькі «ЛВ» завітаў у мнагадзетную сям’ю ляхавічан Андрэя і Аліны Каралёў. Яны разам ужо больш за дзесяць гадоў, выхоўваюць траіх дзяцей: дзесяцігадовую дачку Аляксандру і дзевяцігадовых хлопчыкаў-двайнят Арцёма і Арсенія. І ў гэтай сям’і добра ведаюць: калі тата побач – усё будзе добра!

Сям’я Кароль утварылася дзякуючы выпадковай сустрэчы на чужым вяселлі. Аліна – з Клецка, Андрэй – з Баранавіцкага раёна, а сваімі сталі Ляхавічы. З 25 красавіка 2015 года Аліна стала «каралевай» ад прозвішча Кароль, а Андрэй – умелым капітанам сямейнага карабля.
Андрэй больш за 16 гадоў шчыруе аграномам-хімікам у СВК «Ляхавіцкі». Тут жа, у гаспадарцы, на пасадзе юрыста працуе і Аліна. Разам хварэюць за адну справу, разам дабіраюцца і на працу. Летам жывуць у Русінавічах, дзе ад гаспадаркі атрымалі дом. Гэта дазваляе бацьку, які шмат працуе, больш часу бываць з сям’ёй. У астатні час жывуць у райцэнтры, дзе на сямейны капітал набылі трохпакаёвую кватэру. Цесна не бывае, бо ў іх доме заўсёды шмат смеху, гульняў і тых простых радасцей, якія і робяць сям’ю сям’ёй.

Экзамен на бацькоўства

Экзамен на бацькоўства Андрэй вытрымаў не толькі са старэйшай дачкой, але і калі нарадзіліся двайняты.
– Ноччу я не ўставала – сыноў глядзеў муж. Ён у гэтым плане малайчына. Магу з упэўненасцю сказаць: Андрэй – сапраўдная апора і для мяне, і для дзяцей, – дзеліцца мнагадзетная маці.

Андрэй не дзеліць абавязкі на мужчынскія і жаночыя. Можа і абед прыгатаваць, і дапамагчы дзецям з «дамашкай». А яшчэ менавіта ён гаспадарыць у цяпліцы, а сям’я яму дапамагае. Пад кіраўніцтвам бацькі вырошчваюць таксама гарбузы і дыні. Андрэй і Аліна – людзі зямлі і ведаюць, што такое праца і адказнасць. Гэтаму вучаць і дзяцей.
Бацька не любіць доўгіх павучанняў і паказвае на ўласным прыкладзе: вось як трэба ставіцца да працы, вось як трэба клапаціцца пра блізкіх. І дзеці гэта бачаць. Хлопцы любяць тэхніку і просяць бацьку, каб дазволіў пасядзець за рулём. А ён з задавальненнем паказвае віды тэхнікі.

 Ёсць у сям’і і свая традыцыя – рыбалка. З палаткай і з начоўкай выязджаюць усёй сям’ёй на вадаём. Рэкорд Андрэя – шчупак вагой пяць кілаграмаў. З сынамі бацька ездзіць і на паляванне.
– І дзеці чакаюць гэтых выездаў. Для іх гэта не проста адпачынак, а час з татам. Я бачу, як яны гэтым жывуць, – усміхаецца Аліна.
Для дзяцей Андрэй – той, хто пакажа, як трымаць вуду, дазволіць пасядзець за рулём трактара, раскажа пра сваю працу так, што захапляе. Ён – сябар, да якога можна прыйсці з любым пытаннем і ведаць: цябе пачуюць. Калі Аліне патрэбна падтрымка, то муж побач. Калі дзецям патрэбна парада – заўсёды знаходзіць патрэбныя словы.
– Калі ў цябе адно дзіця, ты думаеш што ведаеш пра бацькоўства ўсё. Калі нараджаецца другое – разумееш, што не ведаў нічога. А калі трэцяе – бярэш і робіш, бо ўжо не да філасофіі. У нас з Алінай спачатку была дачка Аляксандра, а потым адразу двайняты – Арцём і Арсеній. І я вам скажу шчыра: гэта не падвоіла клопатаў. Гэта падвоіла адказнасць. І шчасце, вядома, таксама.  Роля таты, лічу, – гэта не толькі зарабіць і прынесці. Гэта яшчэ і навучыць справамі. Паказаць, што праца – гэта важна, клапаціцца пра блізкіх – звычайна, а быць мужчынам – гэта не пра сілу, а пра адказнасць.  Я не ідэальны. Бываюць дні, калі стомлены і хочацца проста сесці і нічога не рабіць. І мае дзеці бачаць, што тата таксама чалавек. І гэта, мабыць, даволі важны ўрок. Праца на зямлі не церпіць фармальнасці: калі не ўкладзеш сілы і душу – не атрымаеш. Гэтак жа і з дзецьмі. Нельга быць татам «па графіку» – з 18.00 да 20.00. Гэта праца, якая не спыняецца. І менавіта таму яна цікавая, – разважае мнагадзетны бацька Андрэй Кароль.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.