З малітвай і спортам. У мінулы чацвер у Ляхавічах адбыўся турнір па валейболе, прысвечаны 1000-годдзю з дня спачыну святога роўнаапостальнага і вялікага князя Уладзіміра – Хрысціцеля Русі /фота/

У Год моладзі па блаславенні архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцефана па ініцыятыве маладзёжнага аддзела Пінскай епархіі ў мінулы чацвер у нашым райцэнтры адбыўся турнір па валейболе, прысвечаны 1000-годдзю з дня спачыну святога роўнаапостальнага і вялікага князя Уладзіміра – Хрысціцеля Русі. У турніры ўдзельнічалі 9 каманд благачынняў епархіі: з Пінска, Ганцавічаў, Баранавічаў, Івацэвічаў, Іванава, Століна, Лунінца і 2 каманды гаспадароў (зборная Ляхавіцкага благачыння і каманда ваеннаслужачых).

Спартыўныя спаборніцтвы пачаліся з урачыстага малебна каля памятнага знака “Капліца”. Потым усе прайшлі Хрэсным ходам ад рыначнай плошчы да дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, дзе і адбыліся матчы. З прывітальным словам да ўдзельнікаў спаборніцтваў і прысутных звярнуліся старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч і протаіерэй Георгій Жытко.

Загадчык маладзёжнага аддзела Пінскай епархіі іерэй Андрэй Сыцэвіч уручыў Вячаславу Сельмановічу ікону Божай Маці “Дзяржаўная”. Кіраўнік раёна, у сваю чаргу, перадаў ікону ў Ляхавіцкую Святакрыжаўзвіжанскую царкву.

У выніку вельмі напружанай барацьбы на спартыўнай пляцоўцы ў сваіх падгрупах перамаглі ляхавіцкія валейбольныя дружыны (капітаны – іерэі Іаан Ніканчук і Уладзімір Тынавец). Мясцовыя каманды і падзялілі першае месца, на другім і трэцім адпаведна зборныя Івацэвіцкага і Іванаўскага благачынняў. Без дыпломаў і сувеніраў дамоў не вярталася ні адна каманда.

Пасля спаборніцтваў усіх чакаў смачны абед, прыгатаваны на сапраўднай салдацкай кухні на колах.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Перад турнірам яго ўдзельнікі прайшлі Хрэсным ходам.

Валейбольная каманда Ляхавіцкага благачыння.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *