Утаймавальнік агню з Ляхавіцкага РАНС

У пераліку прафесій для сапраўдных мужчын пажарны-выратавальнік займае далёка не апошняе месца. Рашучасць, смеласць, здольнасць хутка арыентавацца ў неардынарнай сітуацыі і ўзяць на сябе адказнасць за жыццё іншага, вытрымка і добрая фізічная падрыхтоўка – можна сказаць, прафесійныя прыкметы таго, хто служыць у падраздзяленнях МНС. Менавіта гэтыя якасці калісьці і прадвызначылі лёс Валерыя Плюты.

10 гадоў назад пасля заканчэння камандна-інжынернага інстытута Міністэрства па надзвычайных сітуацыях юнак прыйшоў на службу ў Баранавіцкі ГРАНС. За гэты час у прафесійным плане ён дасягнуў многага: у свой 31 год маёр Плюта – намеснік начальніка Ляхавіцкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях па аператыўна-тактычнай рабоце, адначасова ўзначальвае пажарную аварыйна-выратавальную часць № 1. Але бадай самае галоўнае – сваім прафесіяналізмам, працавітасцю, прынцыповасцю заслужыў бясспрэчны аўтарытэт сярод калег. Не па словах ведае, як супрацьстаяць агню і іншым не менш небяспечным стыхіям, разам з таварышамі выратаваў жыццё не аднаго чалавека.

Малады, адукаваны, спартыўны (Валерый – майстар спорту па рукапашным боі, выступае за зборную каманду Міністэрства па надзвычайных сітуацыях) – ён з тых, пра каго гавораць “гонар МНС”. Прозвішча Валерыя Плюты – сярод прозвішчаў іншых землякоў, занесеных сёлета на Галерэю славы Ляхавіцкага раёна.

Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *