У ЛДАКу яшчэ адзін выдатнік

Студэнцтва. Які ж гэта цудоўны і незабыўны час! Новыя знаёмствы, цікавыя сустрэчы, мары і спадзяванні, захапляючае падарожжа па краіне ведаў у будучую прафесію, інтэрнацкія пасядзелкі, будаўнічыя атрады і яшчэ шмат чаго, што аб’ядноўвае студэнтаў усіх часоў і народаў.
17 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень студэнтаў. Гэта свята і для 619 навучэнцаў Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Па традыцыі, менавіта ў гэтыя лістападаўскія дні ў каледжы праходзіць папулярны фестываль «Залатая восень», падчас якога ў цэнтры ўвагі — першакурснікі. З года ў год залатая каледжская восень адкрывае новыя імёны таленавітых і неардынарных юнакоў і дзяўчат.
Заўсёды побач з рабятамі іх старэйшыя сябры і дарадчыкі — выкладчыкі, якія могуць лічыць сябе студэнтамі на ўсё жыццё. Свой сярод сваіх у дружнай студэнцкай сям’і — дырэктар ЛДАКа кандыдат сельскагаспадарчых навук Вячаслаў Сельмановіч. Энтузіязм, пастаяннае імкненне да самаўдасканалення, ініцыятыўнасць, уменне слухаць і чуць суразмоўцу, інтэлігентнасць — якасці, якія сталі візітоўкай гэтага цікавага чалавека, сучаснага кіраўніка, любімага выкладчыка і вучонага-аграрыя. Нядаўна каледж абляцела прыемная навіна. За шматгадовую плённую працу, дасягнутыя поспехі ў падрыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў Вячаслаў Сельмановіч узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі». Дастойная ўзнагарода сапраўднага прафесіянала.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *