«Водар» – асалода для душы. Народны ансамбль народных інструментаў «Водар» настаўнікаў Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў адзначыў 30-годдзе з дня прысваення звання «народны»

Больш фота тут

На якой бы канцэртнай пляцоўцы ні выступаў народны ансамбль народных інструментаў «Водар» настаўнікаў Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў, заўжды пануе незабыўная атмасфера творчасці, натхнення, музычнай гармоніі і радасці.
Вось і ўвечары ў мінулы чацвер у ГДК было хвалююча прыгожа, душэўна меладычна, па-сапраўднаму святочна. Разам са шматлікімі прыхільнікамі свайго таленту, калегамі – работнікамі ўстаноў культуры Ляхавіцкага і Баранавіцкага раёнаў «Водар» шыкоўна адзначыў 30-годдзе з дня прысваення звання «народны».

Краналі душу цудоўныя мелодыі ў выкананні таленавітых удзельнікаў музычнага калектыву. Беларускія народныя і аўтарскія мелодыі, ваенная тэматыка, зарубежныя і айчынныя хіты ў выкананні «Водару» нікога не пакінулі абыякавымі.

З 2012 года мастацкім кіраўніком і дырыжорам «Водару» з’яўляецца таленавіты музыкант Ларыса Муралава. Галоўнай адметнасцю рэпертуара ансамбля з’яўляюцца яскравыя інтэрпрэтацыі музыч-ных твораў, створаныя ў выніку сумеснай творчай работы ўдзельні-каў ансамбля. «Водар» актыўна ўдзельнічае ў культурным жыцці Ляхавіччыны, з’яўляецца пераможцам шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсаў і фестываляў.
Гучала шмат цёплых і шчырых слоў у адрас калектыву-юбіляра.
З павагай і прызнаннем за творчасць гаварыў пра ўдзельнікаў «Водару» намеснік старшыні райвыканкама Алег Траццяк. Шыкоўныя падарункі калегам – музычныя сольныя выступленні ў суправаджэнні ансамбля падрыхтавалі Марына Галушка, Марыя Камінская, Людміла Ламака, Мікалай Шклянік, народная арт-група  «ВІНС-акорд».
– Усе мы, каму пашчасціла стаць удзельнікамі гэтага музычнага свята, знаходзіліся пад уражаннем ад пачутага і ўбачанага. Ганарымся такімі калегамі і радуемся іх поспеху. Дзякуй, «Водар», за такі выдатны музычны падарунак. Няхай і далей творчасць і поспех спадарожнічаюць ансамблю, – адзначае дырэктар Ляхавіцкай ДШМ Марына Галушка.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.