Ад эканоміі дома да самастойнасці нашай краіны

З 30 кастрычніка па 11 лістапада Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь праводзіць рэспубліканскую інфармацыйна-адукацыйную акцыю «Беларусь – энергаэфектыўная краіна», прымеркаваную да Міжнароднага дня энергазберажэння.

Галоўная мэта акцыі – дапамагчы насельніцтву лепш зразумець, чаму важна берагчы энергарэсурсы, і навучыць, як гэта рабіць у штодзённым жыцці: ад звычайнай эканоміі дома да ўласнага ўкладу ў энергаэфектыўнасць краіны.

Да Міжнароднага дня энергазберажэння, які адзначаецца 11 лістапада, у межах акцыі праводзіцца шмат тэматычных мерапрыемстваў. Усе накіраваны на тое, каб прыцягнуць увагу да энергаэфектыўнасці і энергазберажэння і зразумелай мовай расказаць шырокаму колу людзей пра эканамічныя, экалагічныя і сацыяльныя плюсы энерга- і рэсурсаашчаднага ладу жыцця. А яшчэ – пра тое, што беражлівыя адносіны да энергіі ўмацоўваюць энергетычную самастойнасць нашай краіны.
Міжнароднаму дню энергазберажэння прысвечаны і раённы этап
XX рэспубліканскага конкурсу «Энергамарафон», у якім традыцыйна прымаюць актыўны ўдзел установы адукацыі Ляхавіччыны.
Конкурс стартаваў 20 кастрычніка. Сярод тых, хто зацікаўлена
рыхтуе творчыя заданні, – СШ № 2. Намеснік дырэктара ўстановы
Наталля Кудраўцава расказала, што педагогі і навучэнцы імкнуцца
прэзентаваць школу ва ўсіх намінацыях: адны здымаюць відэаролік, іншыя распрацоўваюць тэматычнае мерапрыемства, плакат ці пішуць праект. Свае ўменні школа прадэманструе і ў намінацыі «Гейміфікацыя ў энергазберажэнні».  Акрамя таго, установы адукацыі
прадставяць настаўніка ў намінацыі «Лепшы педработнік па арганізацыі работы па выхаванні культуры рэсурса- і энергазберажэння ў навучэнцаў».
Плануецца, што фінал мерапрыемства пройдзе 1 снежня на базе ЦДАДіМ, паведаміла кіраўнік цэнтра Алена Гардзей.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.