Пра дзяцей за рулём: як спыніць бяду

Навіна пра жудасную аварыю ў Лельчыцкім раёне некалькі дзён назад не пакінула абыякавых. Трагедыя, якая забрала жыцці трох падлеткаў, зноў прымушае нас гаварыць пра актуальную, але зусім не звычайную і няправільную з’яву – падлеткі за рулём аўто.

Паводле афіцыйных даных Следчага камітэта, у ноч на 31 кастрычніка пяцёра непаўналетніх жыхароў Лельчыц пасля сумеснага адпачынку вырашылі пакатацца па раёне.

17-гадовы юнак без дазволу ўзяў дома ключы ад «аўдзі» старэйшага брата, сеў за руль і павёз сяброў за горад. Вадзіцель і частка пасажыраў знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Каля паловы чацвёртай гадзіны раніцы на трасе вадзіцель не справіўся з кіраваннем, выехаў на сустрэчную паласу, і машыну вынесла ў кювет, дзе яна ўрэзалася ў дрэва. Тры пасажыры, якім было па 16 і 17 гадоў, загінулі на месцы. Вадзіцель і 15-гадовы пасажыр трапілі ў бальніцу…
Літаральна за некалькі дзён да гэтага ў Вілейскім раёне 18-гадовая
дзяўчына, якая не мела права кіравання аўтамабілем, не справілася з кіраваннем, выехала на сустрэчку і ўрэзалася ў легкавое аўто. Вадзіцель і яго пасажыры загінулі на месцы…
Статыстыка МУС несуцяшальная: сёлета за дзевяць месяцаў у краіне ў 475 ДТЗ з удзелам пешаходаў загінулі 77 чалавек і 424 атрымалі траўмы. Прычынай амаль паловы здарэнняў стала тое, што вадзіцелі не саступілі дарогу, а большасць выпадкаў зафіксавана ў цёмны час сутак. Лічбы – як халодны душ. За кожнай з іх – канкрэтны лёс, сям’я, боль.

Лічбы засведчваюць

На тэрыторыі нашага раёна з пачатку года назіраецца зніжэнне агульнай колькасці зарэгістраваных дарожна-транспартных здарэнняў – з шасці да пяці, і амаль удвая – траўмаваных у іх людзей, адзначыў на рабочым пасяджэнні райвыканкама выкон-
ваючы абавязкі па пасадзе начальніка РАУС Аляксей Паплаўскі. Разам з тым колькасць загінулых у ДТЗ сёлета ўзрасла – два чалавекі. Сёлета за дзесяць месяцаў на тэрыторыі раёна выяўлена 10 асоб, якія кіравалі транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення,
і 60 чалавек, якія знаходзіліся за рулём транспартных сродкаў, не маючы права кіравання. Алкаголь і вадзіцелі – тэма, што пастаянна на слыху, абмяркоўваецца на розных узроўнях, аналізуецца з мэтай прафілактыкі. Супрацоўнікі АДАІ праводзяць сустрэчы з працоўнымі калектывамі і падрастаючым пакаленнем, падчас якіх размова ідзе і пра канкрэтныя жыццёвыя сітуацыі, якія дапамагаюць зразумець:
бяспека на дарозе – не абстрактнае паняцце, а штодзённая адказнасць
кожнага. Асаблівая ўвага – прафілактыцы дзіцячага дарожна-
транспартнага траўматызму. Супрацоўнікі міліцыі нагадваюць бацькам: ключы ад машыны павінны быць у недаступным для дзяцей месцы, а размова пра забарону кіравання без правоў павінна
гучаць не аднойчы, а пастаянна.
Менавіта бацькоўскія ўвага і кантроль – апошняя лінія абароны, якая можа прадухіліць трагедыю.

Датычыць усіх і кожнага

Праблема падлеткавага кіравання транспартам і нецвярозых вадзіцеляў – вострая тэма для грамадства.
Пачынаецца яна з дробязяў: з ключоў, якія ляжаць на бачным месцы, размовы, якая не была праведзена, з «ды нічога не здарыцца», якое мы часам гаворым самі сабе.
– Бацькоўская ўвага – не проста кантроль, а валоданне сітуацыяй: дзе і з кім знаходзіцца дзіця, чым займаецца. Гэта ўменне сказаць
«не» нават тады, калі хочацца сказаць «так». Свабода падлетка
не павінна каштаваць жыцця, – падкрэслівае намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Мацкевіч.
Дарожныя выпадкі з непаўналетнімі мелі месца і на Ляхавіччыне. Леташняй вясной у Ляхавічах зарэгістравана ДТЗ, у якім пацярпелі непаўналетнія. 16-гадовы вадзіцель матацыкла і 15-гадовая пасажырка трапілі ў аварыю, у якой вінаваты вадзіцель аўто. Але ад гэтага не лягчэй.

Перш за ўсё – жыццё

Кожнае ДТЗ – бяда. Трагедыя ў Лельчыцах – час задумацца, што самая
вялікая каштоўнасць – не машына, не свабода, не даросласць. Гэта жыццё. Таму давайце гаварыць з падлеткамі, з сабой. Не маўчаць, не спадзявацца, што «са мной нічога не здарыцца». Хто, калі не бацькі, не настаўнікі, не суседзі, не мы самі, спыніць гэтую бясконцую бяду? Варта пачаць з сябе і ўжо сёння: праверыць, дзе ляжаць ключы ад аўто, пагаварыць з сынам ці дачкой не аднойчы, а што-
дня. І, магчыма, тады лічбаў трагедый стане менш. Жыццё – гэта самае дарагое, што ў нас ёсць.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.