Патрабаваць – значыць шукаць шлях да поспеху. Размова з першым намеснікам старшыні Ляхавіцкага райвыканкама, начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні

Набліжаецца самае чаканае свята аграрнага асяроддзя – Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Свята, як імгненны прыпынак сярод шматлікіх спраў у раскладзе аграрыяў, час зверыць гадзіннікі і заходзіць на новы сельскагаспадарчы круг. У чаканні свята – размова з першым намеснікам старшыні Ляхавіцкага райвыканкама, начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васіліем Пыжыкам.
– Пра многае хочацца сказаць, сапраўды, наша галіна за гэты год зрабіла значны крок наперад. Паднялі планку ў многіх аспектах, часам нават пераўзышлі чаканні. Але нічога дзіўнага – шмат уклаліся ў тэхнічным плане, узводзілі-будавалі-рэканструявалі, падцягнулі вытворчую дысцыпліну, здаецца, і ўзровень агульнай адказнасці перад важнасцю справы – забеспячэннем харчовай бяспекі краіны – беспрэцэдэнтна высокі, – задае тон размовы Васілій Пыжык.
– Якія тэндэнцыі дыктуе жывёлагадоўчая галіна раёна?
– Калі гаварыць пра вытворчасць малака, валавы надой, удой на
карову, то мы ідзём з плюсам. Ёсць пытанні па асобных прадпрыемствах, на жаль, ёсць адрасы, дзе мінусуюць і да ўзроўню мінулага года, тым не менш агульная карціна – з плюсам. Варта адзначыць, што расце якасць малака. Працэнт рэалізацыі малака першым гатункам значна зменшыўся, таварнасць засталася на ўзроўні мінулага года. Захоўваецца тэндэнцыя плюса па прадукцыі вырошчвання. Маем прырост больш за 104 працэнты. У гэтым годзе значна павялічваюцца сярэднясутачныя прывагі. Перасягнулі адзнаку ў 746 грамаў. Да канца года плануем выйсці на 750 грамаў.
– …І гэта на ўзроўні буйных раёнаў, такіх як Баранавіцкі
ці Бярозаўскі, напрыклад… На чым засяродзілі ўвагу?
– Так, узровень дастойны. Для гэтага шмат чаго зроблена. Ёсць вельмі пазітыўныя зрухі ў захаванасці пагалоўя.
Назіраецца зніжэнне падзяжу буйной рагатай жывёлы на 122 галавы ў параўнанні з мінулым годам. З 1,77 працэнта да 1,21 знізілі тэхнічныя страты – гэта ніжэй устаноўленага нарматыву (2,5 працэнта).
У першую чаргу змянілі падыходы да арганізацыі працы. У тым ліку ў вырошчванні цялят ад нараджэння да 6-месячнага ўзросту. У гэтым прафілактычным перыядзе неабходна максімальна іх абараніць, даць супернагляд.
– Значыць, сёння на вынік у першую чаргу ўплывае ўсё ж фактар клопату і тэхнічнага забеспячэння?
– Такое меркаванне мае месца. Сёння практычна на ўсіх фермах і комплексах сельгаспрадпрыемстваў раёна ёсць прафілакторыі для цялят. Мы не трымаем, не вырошчваем маладняк у зімовы перыяд на вуліцы, як гэта было раней, працуем на сучасным, абсталяваным усім неабходным месцы.
Ствараем камфортныя ўмовы не толькі для вырошчвання маладняку, але і даём зусім іншыя ўмовы для працы людзей. Сучасныя прафілакторыі абсталяваны малочнай кухняй, дзе многія працэсы аўтаматызаваны. Напрыклад, мыйка вёдраў ці сосак для цялят аўтаматызавана, працуе малочнае таксі, ёсць пастэрызатары, размарожвальнікі малодзіва. Добра абнавіліся ў гэтым плане: і паказчыкі пайшлі ўверх, і працаўнікі задаволены – камфорт вырашае.
– Сучасная ферма – гэта…
– Сплаў традыцый, інавацыйных тэхналогій і, самае галоўнае, прафе-
сійнага падыходу да справы. Гэта высокатэхналагічная прастора. І мы гэту прастору пашыраем. Аб’екты, якія пабудавалі і рэканструявалі
сёлета, узводзіліся з выкарыстаннем як крэдытных сродкаў, так і бюджэтных. Дапамагае дзяржава, аднак гаспадаркі будуюцца і за ўласныя сродкі.
У ААТ «Жарабковічы» на МТК «Падлессе» ўведзены будынак для сухастою з радзільным аддзяленнем і прафілакторыем для цялят на 250 месцаў. На ферме «Літва» (ААТ «Шлях новы») увялі ў строй такі ж будынак на 200 галоў.
Пабудавалі прафілакторый таксама на 200 цялят у ААТ «Нача» – гэта пра МТК «Цэнтр». Зараз там ідзе рэканструкцыя кароўніка на 320 галоў. У СВК «Ляхавіцкі» адбылася рэканструкцыя малочнатаваранай фермы «Русінавічы» за сродкі гаспадаркі. Таксама не забываем, што ў СУП «Ліпнянка» ў студзені гэтага года быў уведзены ў эксплуатацыю МТК «Востраў» на 500 галоў.
Там пабудавалі новы кароўнік, даільную залу, рэканструявалі два будынкі існуючых кароўнікаў. Цяпер ідзе рэканструкцыя цялятніка. У СВК «Ляхавіцкі» першымі ў раёне набылі самаходны кормараздатчык-змяшальнік, які замяняе адразу тры адзінкі тэхнікі: трактар, сам прычапны кормараздатчык і пагрузчык, які павінен грузіць кармы. Гэта больш дакладнае дазіраванне загрузкі кармоў, лепшае змешванне і, канешне, мабільнасць. Такім апаратам зацікавіліся і іншыя гаспадаркі.
– Цяпер пра палявы расклад…
– Сельскагаспадарчыя работы на палях практычна завершаны. Засталося некалькі дзён – і завершыцца ўборка цукровых буракоў. Гэта культура сёлета
дасць рэкордны ўраджай за ўсю ўборачную гісторыю. Летась думалі, што атрымалі рэкордны ўраджай,
а сёлета пры заданні 103,8 тысячы тон мы ўжо маем больш за 106 тысяч тон. Разлічваем, што буракі парадуюць нас ураджаем на 115 тысяч тон. У «Шляху новым» ураджайнасць перавышае 800 цэнтнераў з гектара. Па раёне пакуль каля 650 цэнтнераў. І гэта рэкорд.
Што датычыць кукурузы: на сілас убралі 106 працэнтаў да плана па раёне. Сельгаспрадпрыемствы поўнасцю забяспечылі сябе травяністымі кармамі: нарыхтавана больш за 36 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.
– Што датычыць уборкі зерневых…
– З улікам кукурузы і рапсу для раёна стаяла задача сабраць 103 600 тон. На сёння сельгаспрадпрыемствы разам з фермерскімі гаспадаркамі намалацілі 112 993 тоны збожжа. Гэта для нас таксама будуць гістарычныя рэкорды. Гаспадаркі раёна намалацілі больш за 17 тысяч тон рапсу. Раён заняў трэцяе месца ў вобласці па вырошч-
ванні і ўборцы рапсу. Найвышэйшая ўраджайнасць у ААТ «Шлях новы» – 51,8 цэнтнера з гектара.
– Зараз ідзе закладка будучага ўраджаю…
– Асноўныя работы на палях – узняцце зябліва. Трэба сказаць, што на будучы год на ўраджай зачын добры. Мы павялічылі азімы клін збожжавых у параўнанні з мінулым годам практычна на тысячу гектараў. Збожжавыя азімыя дэманструюць дастойную ўраджай-
насць. Усё гэта дае нам перавагу ў часе. Нельга не адзначыць, што вялікую дапамогу аказваюць нашы абслуговыя арганізацыі. За «Аграхімсэрвісам» – раскісленне глебы, унясенне даламітавай мукі… Усё гэта спрыяе развіццю раслін, атрыманню вялікіх ураджаяў. Таксама прадпрыемства меліярацыйных сістэм кожны год павялічвае аб’ёмы работ. Значна паляпшаецца якасць працы, тэхнічна яны таксама не стаяць на месцы. На асаблівым кантролі кіраўніцтва краіны – эфектыўнасць меліярацыйных мерапрыемстваў і далейшае выкарыстанне ўведзеных у севазварот зямель. Сёння ПМС працуе
і на цяжкіх участках, дзе дастаткова
магутна разрасліся дрэвы і кустоўе, аднак бальнасць зямель на высокім узроўні. Вяртаем землі ў абарот.
– Вернемся да таго, што поспех любой справы вызначаюць прафесіяналы…
– Безумоўна! Нашы людзі – гэта наш скарб, дзякуй кожнаму, хто на сваім месцы – душой, працай, сэрцам. Паглядзіце, колькі ў нас дынастый, паглядзіце колькі заслужаных працаўнікоў, радуе той факт, што моладзь выбірае стабільную работу ў нашых сельгаспрадпрыемствах. Сёння ў галіне занята каля 1 600 чалавек. За 8 месяцаў сярэдняя заработная плата склала 2 545 рублёў – плюс 364 рублі да мінулага года. Тэхнічная мадэрнізацыя, камфортныя ўмовы працы, бонусы ад прадпрыемстваў у выглядзе даплат
маладым спецыялістам, даплат пры заключэнні кантракта на 5 гадоў,
вырашэнне жыллёвага пытання – усё гэта павышае прэстыж сельскагаспадарчых прапаноў, робіць працоўныя месцы ў гаспадарках прывабнымі.
Шчыра сказаць, і вакансій у нас мала. Больш таго, калі мы гаворым пра кадравы складнік, варта адзначыць, што патрэбу ў працаўніках сярэдняга звяна закрываюць спецыялісты, падрыхта-
ваныя нашым аграрна-лесатэхнічным каледжам. Асобныя словы падзякі калектыву райсельгасхарчу – гэта важнае звяно! Тут акумулююцца ўсе работы, якія праводзяцца ў гаспадарках. Сітуацыя на палях, у майстэрнях, набыццё тэхнікі, абсталяванне, будоўля… Усё на штодзённым кантролі спецыялістаў упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.
Кансультацыі, неабходныя для спецыялістаў сельгасарганізацый і з выездам на месца, вырашэннем надзённых праблем, у тым ліку і кадравых – дапамагаем, стараемся вырашаць сумесна. Безумоўна патрабуем ад кіраўнікоў і іх калектываў вынікаў. А як інакш: патрабаванні – гэта таксама дапамога ў выбары правільнага шляху. Віншую са святам людзей, хто аднойчы выбраў няпросты, але такі важны шлях. Гэта людзі з асаблівым характарам, сілай волі, цярпеннем і любоўю да роднай зямлі. Дзякуй за штодзённую працу!
Гутарыла Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.

