Па маршруце дарожнай прафілактыкі. Супрацоўнікі АДАІ Ляхавіцкага РАУС падвялі вынікі спецыяльнага комплекснага мерапрыемства «Увага –дзеці!» на тэрыторыі Ляхавіччыны

Традыцыйна рэспубліканская акцыя праходзіць з 25 жніўня па 5 верасня. Яе асноўная мэта – папярэджанне і прафілактыка дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Мерапрыемства заклікана прыцягнуць усеагульную ўвагу да праблемы бяспекі дзяцей на дарозе, а таксама павысіць узровень адказнасці бацькоў і вадзіцеляў.
У перыяд дзеяння акцыі на тэрыторыі Ляхавіччыны супрацоўнікі АДАІ прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці 193 вадзіцелі. З іх 65 ехалі без уключанага бліжняга святла фар. Тры вадзіцелі перавозілі дзяцей без спецыяльных утрымліваючых прыстасаванняў. Адзін вадзіцель у райцэнтры на вуліцы Леніна не заўважыў пешахода і не саступіў яму дарогу на «зебры» – парушальнік быў спынены супрацоўнікамі ДАІ. Таксама ў цэнтры ўвагі супрацоўнікаў АДАІ на вуліцы Арлоўскага ў райцэнтры стаў матацыкліст, які рухаўся без уключаных фар. Гэта было двайное парушэнне ПДР, бо матацыклісты павінны ездзіць з уключанымі фарамі не толькі падчас СКМ «Увага – дзеці!», але і ў любы час сутак. Аднак вадзіцель пра гэта нават не ведаў. Супрацоўнікі АДАІ падрабязна растлумачылі яму яго памылкі, расказаў «ЛВ» старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Ляхавіцкага РАУС Аляксандр Анікевіч.
За час правядзення СКМ «Увага – дзеці!» дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх не зарэгістравана.
Супрацоўнікі АДАІ рэкамендуюць бацькам заўсёды напярэдадні новага навучальнага года праходзіць разам з сынам ці дачкой маршрут ад дому да ўстановы адукацыі і назад, звяртаючы ўвагу на ўсе небяспечныя ўчасткі. Пры перавозцы дзяцей трэба абавязкова выкарыстоўваць спецыяльныя ўтрымліваючыя прыстасаванні, якія адпавядаюць узросту і вазе дзіцяці, а ў цёмны час сутак важна забяспечыць дзіця святлоадбівальнымі элементамі (флікерамі) на адзенні і партфелі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

