Час фарбаў

У настаўніцы Ліпскай СШ Сцепаніды Гапановіч і летам хапае клопатаў: кветкі любяць догляд.

Да пачатку 2015/2016 навучальнага года засталіся лічаныя тыдні. Бацькоўскія клопаты ўжо сканцэнтраваны на тым, як размеркаваць сямейны бюджэт і “экіпіраваць” дзяцей усім патрэбным для вучобы. Дырэкцыя навучальных устаноў, настаўнікі, тэхработнікі яшчэ на пачатку чэрвеня намецілі фронт рамонтна-касметычных работ, а некаторыя і пачалі іх, каб да 1 верасня (а, дакладней, да даты, калі спецыяльна створаныя камісіі правядуць комплексную праверку гатоўнасці школ і садкоў да новага навучальнага года) найлепш падрыхтавацца да сустрэчы вучняў і выхаванцаў.

Як расказаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Прыхач, найбольш маштабныя рамонтна-рэканструкцыйныя работы ў бліжэйшы час будуць праведзены ў спартыўнай зале гімназіі (менавіта сюды пойдуць асноўныя сродкі, выдаткаваныя на рамонтныя мэты з бюджэту), пад замену трапяць вокны ў Малагарадзішчанскім д/с-СШ. Аднак, не застануцца без бягучых і касметычных рамонтаў (зноў жа, у асноўным за дзяржаўны кошт) і іншыя школы і дзіцячыя сады. Значная частка з запланаванага ўжо зроблена. Асфальтаваныя пешаходныя дарожкі з’явіліся ў двары д/с №3 у райцэнтры (на расходныя матэрыялы і работы пайшло 136 мільёнаў рублёў). Заменены дах у Крывошынскім дзіцячым садзе (гэта каштавала бюджэту 30 мільёнаў рублёў). Закуплена фарбаў на 230 мільёнаў. Не застаюцца ў баку ад школьных клопатаў і бацькі вучняў: дапамагаюць з рамонтам, фарбуюць, клеяць. Праўда, рамонт кіпіць не ўсюды.

Сёлета прадоўжыцца аптымізацыя малакамплектных устаноў адукацыі Брэстчыны. Ляхавіцкі раён не выключэнне: з-за нізкай запаўняльнасці груп зачынены 3 дашкольныя ўстановы. Спынілі сваю дзейнасць Ганчароўскі, Свяціцкі, Галаўнінскі дзіцячыя сады, кожны з якіх наведвалі па 6-7 дашкалят. Зразумела, што эканамічна немэтазгодна было ўтрымліваць такія ўстановы, дзе падапечных іншы раз менш, чым работнікаў. Па словах Мікалая Прыхача, бацькам хлопчыкаў і дзяўчынак, якія выхоўваліся тут, турбавацца не варта: дзяцей перавялі адпаведна ў Тальмінавіцкі, Ліпскі і Крывошынскі дзіцячыя сады. Ён запэўніў, што не будзе праблем з падвозам – для гэтых мэт у аддзеле ёсць неабходны транспарт. Работнікам таксама прапанавана працаўладкаванне.

Астатнія навучальныя ўстановы рыхтуюцца да новага навучальнага сезона па сваім графіку. Карэспандэнты “ЛВ” пабывалі ў некаторых школах і дзіцячых садках.

У поле зроку 22 ліпеня трапіў аграгарадок Ліпск. Першы прыпынак – мясцовая сярэдняя школа. Вялікая тэрыторыя добраўпарадкавана, трава падкошана, на клумбах кветкі, вакол чысціня і парадак. Дзе-нідзе на тэрыторыі пачалі падфарбоўваць, засталося не так многа – крыху бардзюр, абсталяванне на стадыёне. Большая частка рамонтных работ выканана і ў самім двухпавярховым будынку. Новенькая фарба блішчыць на сценах, падлозе, батарэях. У некаторых класах пераклеены шпалеры – гэтым займаліся настаўнікі разам з тэхработнікамі. Цяпер рамонт у асноўным перамясціўся ў калідоры – вокны вымыты, настаўніца Сцепаніда Гапановіч якраз прыводзіла ў парадак кветкі ў вазонах – іх у Ліпскай СШ шмат. Ва ўсю ідзе падрыхтоўка да афарбоўкі падлогі. Праўда, на другім паверсе школы дошкі на падлозе настолькі пашкоджаныя, што новая фарба не здольна паправіць становішча: вынік афарбоўкі перастане быць бачным літаральна праз некалькі тыдняў. Ды і вучням небяспечна хадзіць па такім пакрыцці з “бар’ерамі”. Як запэўнілі ў школе, у аддзеле адукацыі, спорту і турызму паабяцалі купіць для навучальнай установы лінолеум. Як толькі падыдзе чарга на перасоўную вышку, пачнецца і касметычны рамонт спартзалы.

Са станоўчага боку ўражваюць арыгінальна аформленыя і тэматычна насычаныя стэнды, на якіх размешчана інфармацыя не толькі пра навучальную ўстанову, але і пра жыццё і гісторыю аграгарадка.

Ёсць у Ліпску і дашкольная ўстанова. У лепшыя гады ў тутэйшым дзіцячым садку было да 6 груп, у кожнай з якой па 15 дзяцей. Цяпер сітуацыя іншая: у ліпені было ўсяго 12 дзетак. Па словах загадчыцы садка Марыі Яраш, з восені маленькіх наведвальнікаў будзе больш, на колькасць паўплывае і тое, што зачыніўся Свяціцкі д/с, і дашкольнікаў з гэтай вёскі будуць прывозіць у Ліпск.

З 27 ліпеня дзіцячы сад працуе ў рэжыме касметычнага рамонту: фарбуюцца сцены, падлога, рамантуецца абсталяванне. Марыя Яраш упэўнена, што ўсё запланаванае работнікі садка выканаюць. На добры лад – патрабуюць замены асфальтавыя дарожкі на дваровай тэрыторыі, але пакуль гэта толькі мары. Дарэчы, калі такая мара нарэшце стала рэальнасцю ў д/с №3 у райцэнтры, уздыхнулі з палёгкай і супрацоўнікі дашкольнай установы, і бацькі выхаванцаў.

Прыкладна з 10 жніўня пачнецца прыёмка навучальных устаноў спецыяльнымі камісіямі. Часу засталося зусім мала. І многім трэба паспяшацца, каб атрымаць пашпарт гатоўнасці.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

На лесвічных пляцоўках Ліпскай СШ рамонт завершаны.

У дзіцячым садку аграгарадка Ліпск чакаюць папаўненне.

One thought on “Час фарбаў

  • 09/08/2015 в 11:15
    Permalink

    Молодцы!
    Красиво!!!
    Очень теплый репортаж, вспомнилось детство!!!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *