Праверка. Рэгістрацыя. Агітацыя. 21 жніўня тэрытарыяльныя камісіі завяршылі прыём подпісаў ад ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты

Паводле слоў старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, як мяркуецца, у выбарах будуць удзельнічаць пяць кандыдатаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду. Гэта будзе ўстаноўлена да 10 верасня, калі плануецца правесці пасяджэнне ЦВК і зарэгістраваць іх. На гэты момант вядома, што неабходны бар’ер 100 тысяч подпісаў змаглі пераадолець ініцыятыўныя групы пяці патэнцыяльных кандыдатаў: у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі здадзена 1 761 145 подпісаў, Мікалая Улаховіча — 159 805, Сяргея Гайдукевіча — 140 735, Віктара Цярэшчанкі — 130 404, Таццяны Караткевіч — 107 299. «Вельмі рада пры гэтым, перш за ўсё, за спадарыню Караткевіч з прычыны таго, што гэта першы магчымы кандыдат у Прэзідэнты — жанчына ў гісторыі сучаснай Беларусі», — адзначыла Лідзія Ярмошына.

Яна таксама падзякавала Жанне Раманоўскай за ўдзел у выбарчай кампаніі. «Яна змагла сабраць толькі 780 подпісаў, але, тым не менш, правяла сваю кампанію сумленна і мужна, і гэта дарагога каштуе», — лічыць старшыня ЦВК.

«Астатнія патэнцыяльныя кандыдаты не змаглі або не захацелі здаваць подпісы ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі», — заўважыла Лідзія Ярмошына.

Паводле яе слоў, 22 жніўня тэрытарыяльныя камісіі раёнаў і гарадоў пачалі праверку падпісных лістоў, прадстаўленых ініцыятыўнымі групамі. Спачатку будуць ануляваны подпісы, сабраныя на тэрыторыі іншых адміністрацыйна-тэрытарыяльных утварэнняў, а таксама выключаныя самімі членамі ініцыятыўных груп. Потым пачнецца адбор подпісаў для праверкі, прычым на першым этапе бярэцца не менш за 20 працэнтаў ад колькасці здадзеных. У тым выпадку, калі больш за 15 працэнтаў подпісаў з ліку правераных будуць прызнаны недакладнымі, дадаткова будзе ўзята яшчэ 15 працэнтаў. «Калі агульная колькасць недакладных подпісаў па сумах дзвюх праверак складзе больш за 15 працэнтаў, усе подпісы, сабраныя па гэтым раёне (горадзе), прызнаюцца несапраўднымі і не ўлічваюцца ў агульным балансе подпісаў, якія прадставілі ініцыятыўныя групы ў падтрымку вылучэння кандыдата ў Прэзідэнты», — нагадала Лідзія Ярмошына.

Пры гэтым старшыня Цэнтр-выбаркама выказала надзею, што ініцыятыўныя групы, якія падалі подпісы, змаглі сабраць іх якасна, памылак будзе няшмат, і патэнцыяльныя кандыдаты, у падтрымку якіх напярэдадні была здадзена неабходная колькасць падпісных лістоў, у хуткім часе ўступяць у цікавую перадвыбарную агітацыйную кампанію.

Апраўданне малой колькасці сабраных подпісаў з боку некаторых палітыкаў тым, што ў насельніцтва нібы адсутнічае інтарэс да выбараў, — гэта падмена паняццяў. Такое меркаванне выказала старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

Адказваючы на пытанні, Лідзія Ярмошына згадзілася з тым, што малая колькасць подпісаў тлумачыцца адсутнасцю інтарэсу не да выбараў, а да саміх гэтых патэнцыяльных кандыдатаў.

Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што на многія пікеты выстройваліся чэргі. У той жа час кіраўнікі некаторых партый «праспалі» пачатак выбарчай кампаніі. «Мала таго, што не змаглі сабраць подпісы, дык яшчэ і не здавалі іх. Гэта вельмі вялікая памылка, гэта неабдумана», — адзначыла яна.

Таксама Лідзія Ярмошына пракаменціравала заяву аднаго з прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду Прэзідэнта Беларусі аб тым, што ён прыехаў на прадпрыемства, але там адмовіліся ставіць подпісы ў яго падтрымку, паколькі падтрымалі ўжо іншага чалавека. Кіраўнік ЦВК адзначыла, што па ўсіх цэнтральных тэлеканалах неаднаразова тлумачылі, што ставіць подпісы можна адразу за некалькі кандыдатаў. Таму, калі выбаршчык адмаўляецца падпісацца, апраўдваючы гэта тым, што ўжо аддаў свой подпіс, то гэта проста нежаданне пакрыўдзіць палітыка. «Доказы, якія ў падтрымку сваёй непапулярнасці прыводзяць названыя асобы, няслушныя. Значыць, вы не падабаецеся выбаршчыкам, значыць, вам не хочуць даць шанц», — сказала кіраўнік ЦВК.

Акрамя таго, Лідзія Ярмошына нагадала, што здадзеныя подпісы яшчэ не правераны. «Мы не застрахаваны ад любых, магчыма негатыўных, момантаў, звязаных з прадастаўленнем недакладных подпісаў», — сказала яна.

Адказваючы на пытанне наконт таго, што рабіць патэнцыяльным кандыдатам у перыяд пасля збору подпісаў да рэгістрацыі, Лідзія Ярмошына, у прыватнасці, адзначыла: «Няхай пакуль рыхтуюць інтэлектуальныя матэрыялы: перадвыбарныя праграмы, выступленні».

Лідзія Ярмошына нагадала, што афіцыйна да 11 верасня сустракацца з выбаршчыкамі патэнцыяльныя кандыдаты не могуць і памяшканні ім да пачатку агітацыі прадастаўляцца не будуць. «Але цяпер інтэрнэт дае такія магчымасці для правядзення агітацыі, што кандыдаты, актыўныя ў сацыяльных сетках, не прападуць і не згубяцца за гэты перыяд, а наадварот — узмоцняць і ўмацуюць свае пазіцыі», — лічыць яна.

У ЦВК, паводле яе слоў, часам паступалі скаргі наконт таго, чаму ў час збору подпісаў, яшчэ да пачатку перадвыбарнай агітацыі, вісяць партрэты патэнцыяльных кандыдатаў, прапісаны нейкі перадвыбарны лозунг і г.д. «Подпісы сабраць без рэкламы немагчыма. Таму тое, што віселі партрэты і выказваліся нейкія агульныя ідэі, падаваліся дакументы, якія характарызуюць асобу патэнцыяльнага кандыдата, гэта нармальна», — запэўніла старшыня ЦВК.

Агітацыя за байкот выбараў супярэчыць літары і духу закону, заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама.

«Лічыць магчымым і мэтазгодным вядзенне перадвыбарнай агітацыі, накіраванай на зрыў выбараў, — нонсэнс, гэта супярэчыць духу закону і літары закону. Выбары — гэта дарагое дзяржаўнае мерапрыемства, ад яго залежыць лёс краіны, і зрываць яго толькі таму, што выбары некаму не падабаюцца або не падабаецца спіс кандыдатаў, проста безадказна. Дзяржавы не павінны дапускаць такога», — лічыць старшыня ЦВК.

Старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў у праграме «Актуальны мікрафон» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё, паведаміла: «Больш як 77 тыс. вылучэнняў адбылося ва ўчастковыя камісіі. На гэту колькасць асоб прадстаўлены дакументы па раёнах і гарадах. Я магу сказаць, што з гэтых 77 тыс. больш за 500 чалавек вылучаны апазіцыйнымі палітычнымі партыямі і грамадскімі рухамі».

Яна ўдакладніла, што прадстаўнікоў апазіцыі можа быць вылучана і больш. «Многія грамадскія рухі такой накіраванасці не зарэгістраваны ў Міністэрстве юстыцыі, таму іх прадстаўнікі вылучаліся іншымі спосабамі, напрыклад, ад грамадзян шляхам падачы заявы», — падкрэсліла кіраўнік ЦВК.

Лідзія Ярмошына адзначыла, што работа ў камісіях абяцае быць даволі жывой і актыўнай.

Па інфармацыі БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *