Напярэдадні. У Ляхавічах агульны педсавет праходзіў пад дэвізам “Ад якасці ўмоў да якасці вынікаў – як стратэгія развіцця сістэмы адукацыі раёна”

Перад пачаткам форуму старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч азнаёміўся з выставай і пагутарыў з педагогамі

Першавераснёўскім ранкам ва ўсіх школах раёна празвінеў званок, паклікаў за парты ў адрамантаваныя класы 2896 хлопчыкаў і дзяўчынак, сярод якіх і нясмелыя пакуль першакласнікі, і выпускнікі – для іх гэты навучальны год будзе апошнім школьным.

Каб гэты дзень стаў сапраўды святочным і адначасова настроіў рабят на сур’ёзную школьную “работу”, дарослым давялося нямала папрацаваць: арганізаваць летнюю аздараўленчую кампанію, абнавіць кабінеты, лабараторыі і спартзалы, наогул, ва ўсіх сэнсах і накірунках грунтоўна падрыхтавацца да новага навучальнага года. Пра зробленае і тое, над чым яшчэ трэба працаваць, дасягнутае і тое, да чаго варта імкнуцца, ішла размова на традыцыйным раённым жнівеньскім педагагічным форуме, што адбыўся ў апошнюю суботу лета ў гарадскім Доме культуры.

Сёлета агульны педсавет праходзіў пад дэвізам “Ад якасці ўмоў да якасці вынікаў – як стратэгія развіцця сістэмы адукацыі раёна”. У свой даклад начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская пастаралася ўкласці не толькі лічбы і факты, хаця і яны, безумоўна, здольны сказаць многае. Мінулі тыя часы, калі вынікі работы настаўнікаў ацэньваліся выключна сярэднім балам іх вучняў, колькасцю медалістаў, паступленнем у ВНУ. Сёння, падкрэсліла Святлана Якубоўская, асноўны крытэрый ацэнкі якасці адукацыі – паспяховасць вучняў у жыцці. І ў гэтай справе няма дробязяў. На яе працуюць і кадравае ўдасканаленне ў сістэме адукацыі, і здаровае харчаванне школьнікаў і дашкалят, і падтрымка юных талентаў, і ўвядзенне з гэтага года профільнай адукацыі ў гарадскіх, Крывошынскай і Навасёлкаўскай школах, і, напрыклад, фестываль для 5-7-гадовых рабят “Я даследчык”, што сёлета ўпершыню праходзіў у раёне. І яшчэ многае іншае, пра што згадвалі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму, а таксама маладая настаўніца Ганна Дзенісовіч з Востраўскай СШ, загадчыца дзіцячага сада № 3 Людміла Мяжуева, намеснік дырэктара цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Галіна Шайкоўская, старшыня прафсаюзнага камітэта ЦКРНіР Алена Кубіцель.

Пра тое, што ў падрастаючага пакалення важна фарміраваць актыўную жыццёвую пазіцыю і самастойнасць, выхоўваць агульную культуру і патрыятызм, гаварыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч. Ён падкрэсліў, што вельмі многае залежыць ва ўсім гэтым ад асобы настаўніка.

Віншаванні, кветкі, шчырыя ўсмешкі – тое, што здольна прыўнесці нават у самую сур’ёзную размову ноты святочнасці і ўрачыстасці. А іх на жнівеньскім педсавеце было нямала. Ад удзячных вучняў (іх увасаблялі гімназісты, якія падрыхтавалі для сваіх і не толькі настаўнікаў лаканічнае, але вельмі шчымлівае прывітанне), кіраўніцтва, калег.

Адным з самых прыемных момантаў падчас форуму стала ўзнагароджанне лепшых работнікаў і калектываў. Кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч уручыў педагогам ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама і райсавета, падзякаваў за адданасць прафесіі – няпростай, але надзвычай важнай.

Словы ўдзячнасці за шматгадовую працу і любоў да справы свайго жыцця гучалі ў адрас ветэранаў, якія яшчэ зусім нядаўна былі сярод лепшых кіраўнікоў устаноў адукацыі: былых загадчыц Галаўнінскага і Навасёлкаўскага дзіцячых садоў Тамары Туцінай і Марыі Нячай, а таксама Надзеі Патапчык, якая шмат гадоў узначальвала лагер “Чайка”.

У цэнтры ўсеагульнай увагі ў гэты дзень традыцыйна былі маладыя спецыялісты. Сёлета ва ўстановы адукацыі нашага раёна іх прыйшло 17. Да тых, хто толькі робіць першыя крокі ў прафесіі, з наказамі і цёплымі пажаданнямі звярнулася настаўніца гімназіі Святлана Ермаковіч, якой сёлета прысуджана спецыяльная прэмія райвыканкама “Чалавек года” ў намінацыі “адукацыя”.

Яшчэ адна добрая традыцыя – ушаноўваць на жнівеньскім педсавеце лепшыя па выніках мінулага навучальнага года ўстановы адукацыі. Пад апладысменты калег сертыфікаты пераможцаў раённага конкурсу былі ўручаны гімназіі і яслям-саду № 1. Лепшым у намінацыі “за стварэнне здароўезберагальнай сістэмы ва ўстанове дашкольнай адукацыі” прызнаны яслі-сад № 2. За якасць адукацыйных, выхаваўчых, спартыўных вынікаў адзначана СШ № 2; за якасць работы з педагагічнымі кадрамі – яслі-сад № 3; за якасць створаных умоў для адукацыйнага, выхаваўчага і спартыўнага асяроддзя – СШ № 1. А вось у галіне эканоміі, беражлівасці і добраўпарадкавання прыкладам для ўсіх стала Востраўская сярэдняя школа, што цяпер пацвярджае адпаведны сертыфікат. На сцэну запрашаліся таксама прадстаўнікі ўстаноў адукацыі – пераможцаў раённага конкурсу па добраўпарадкаванні і азеляненні: Тухавіцкай СШ, гімназіі, Малагарадзішчанскага вучэбна-педагагічнага комплексу, Тухавіцкага дзіцячага сада.

Падарункамі для настаўнікаў сталі святочны канцэрт і выстава ў фае ГДК, аздобленая апошнімі летнімі букетамі.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота аўтара.

Яшчэ ўчора – студэнткі, сёння – маладыя спецыялісты.

У зале сабраліся калегі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *