Перш за ўсё самалёты. На канікулах навучэнцы Начаўскай СШ наведалі 61-ю знішчальную авіяцыйную базу

Ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны – на заўсёднай варце мірнага неба нашай дзяржавы. Круглыя суткі нясуць вахту мужныя, адказныя і адданыя сваёй справе вайскоўцы.

На канікулах навучэнцы 2–9 класаў Начаўскай СШ наведалі 61-ю знішчальную авіяцыйную базу, якая дыслацыруецца ў Баранавічах.
Школьнікі з цікавасцю слухалі ваеннаслужачых, якія праводзілі экскурсію ў музеі вайсковай часці. Рабят пазнаёмілі з гісторыяй стварэння і сённяшнім днём авіябазы, расказалі пра новую тэхніку і паказалі яе. А некаторым пашчасціла прымераць элементы вайсковай формы баявога лётчыка, патрымаць зброю – адчуць сябе пілотам баявога знішчальніка.
Вучні школы пабывалі і ў рамонтна-тэхнічных майстэрнях, з задавальненнем разглядвалі ваенныя самалёты.
У час экскурсіі знішчальнікі выконвалі вучэбна-трэніровачныя палёты – відовішча яркае і запамінальнае.
Вучні і настаўнікі падзякавалі за захапляльную экскурсію намес-ніку камандзіра авіябазы па ідэалагічнай рабоце Міхаілу Скачко і ўсім ваеннаслужачым.
Вярталіся рабяты з добрым настроем і феерверкам станоўчых эмоцый.
Пасля такога знаёмства, пэўна, хтосьці з вучняў школы ў будучым захоча звязаць свой лёс з мужнай прафесіяй лётчыкаў.
Уладзімір ПОГАС, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Начаўскай СШ.