Паштовы раман. Верасень – час аформіць падпіску на «Ляхавіцкі веснік» /фота/

Верасень – час аформіць падпіску на любімую прэсу. Раённы падпісны тыраж на газеты і часопісы складае 16063 экземпляры, з якіх амаль 5500 – на рахунку раёнкі.
Па серадах і суботах – днях, калі выходзіць раёнка, – у паштальёна Альхоўскага аддзялення сувязі Надзеі Ісакавай (на здымку) клопатаў значна прыбаўляецца. “Ляхавіцкі веснік” выпісваюць амаль у кожным вясковым доме. “Прывыклі быць у курсе падзей разам з “Веснічкам”. З задавальненнен чытаем пра землякоў і іх поспехі”, – адзначаюць мясцовыя жыхары Соф’я Кавальчык і Аляксандр Палуян. Яны шмат гадоў застаюцца нязменнымі сябрамі “ЛВ”.
Заставайцеся і вы разам з намі, нашы паважаныя чытачы. Падпіска на ”Ляхавіцкі веснік” на чацвёрты квартал у самым разгары.

Здавалася б, знаёмая да дробязяў служба, але колькі «скрытага за кадрам» у рабоце паштавікоў. Карэспандэнты «ЛВ» пераканаліся ў гэтым на ўласныя вочы.

З асаблівым пачуццём кожны раз адчыняю паштовую скрыню. Магія друкаванага слова на працягу многіх гадоў цудоўным чынам   увасабляецца ў любі-мых газетах і часопісах, што даўно сталі неад’емнай часткай жыцця. На жаль, сёння мы амаль не пішам адзін аднаму пісьмы – ёсць мабільнікі, інтэрнэт. Але ланцужок друкарня – пошта – паштальён –  чытач непарыўны. Паштавікі ў любую пару года, у любое надвор’е на пасту.

…На гадзінніку 7.50. Машына Баранавіцкага раённага вузла паштовай сувязі па раскладзе даставіла свежую карэспандэнцыю для нашага раёна ў транзітны сартавальны пункт. На працягу амаль трох дзесяцігоддзяў стосы свежых газет, часопісаў, пасылак прафесійна сартуе і арганізавана адпраўляе далей па іншых аддзяленнях паштовай сувязі Ляхавіччыны аператар Ірына Нікуліна.
Праз невялікае акно “абменніка” аператары прымаюць гарадскую карэспандэнцыю. На дзень экскурсіі “ЛВ” па раённым вузле паштовай сувязі тут па графіку шчыравалі аператары Ларыса Малахвей і Данута Архангельская. Яны і іх калегі, як казачныя чараўнікі, з вялікіх мяшкоў спрытна вымалі скрынкі і ўпакоўкі з айчыннымі і замежнымі пасылкамі. Колькасць іх, вялікіх і маленькіх, за дзень можа дасягаць паўсотні. Спецыяльным прыстасаваннем сканіруюць кожную, што дазваляе адсочваць і ведаць знаходжанне пасылкі. Адразу ж друкуецца паведамленне для атрымальнікаў. Як расказала начальнік раённага вузла паштовай сувязі Вольга Арэхва, днямі ўведзена ў дзеянне праграма “Стэлажы”, дзякуючы якой аператары дакладна ведаюць, на якой паліцы і на якім месцы знаходзіцца любая пасылка.

У “паштальённай” раніцай – цішыня, што парушаецца толькі шапаценнем перагортваемых старонак. Гарадскія паштальёны фальцуюць газеты, распісваюць адрасы на прэсе згодна хадавіка. Гэта адказная работа займае ад гадзіны да дзвюх з паловай. Дарэчы, хадавіком на пошце называюць сшытак, у які, адпаведна падпісных квітанцый на перыядычныя выданні, упісаны адрасы землякоў.
Сярод разнастайнасці друкаваных СМІ (іх каля паўтысячы, у асноўным бела-рускія) выдзяляецца родная раёнка ці, як пяшчотна называюць яе некаторыя землякі, – “Веснічак”.
Нарэшце, усё гатова – карэспандэнцыя ў сумках, і сямёра паштальёнаў адпраўляюцца па гарадскіх участках, працягласць якіх, дарэчы, складае больш за дзясятак кіламетраў. Паштальёны пераадольваюць іх пешшу. Самы вялікі ўчастак у Антаніны Лейман. Яна абслугоўвае раёны вуліц Інтэрнацыянальная, Кастрычніцкая, Арлоўскага і іншыя. За самы густанаселены раён – Будаўнікоў, Кальцавая, Южакова на працягу 15 гадоў адказвае Галіна Марцінкевіч.
– Дастаўка – строга па ходу, – расказвае Вольга Арэхва. – Ні адзін з паштальёнаў не мае права адхіліцца ад схемы руху. Усё дакладна і па часе.
Дарэчы, арганізацыі могуць заключыць дагавор з поштай на раннюю (да 10 гадзін раніцы) дастаўку карэспандэнцыі.
Хутка ў паштальёнаў з’явіцца памочнік – аўтамабіль, які будзе падвозіць газетныя пачкі да спецыяльных пунктаў. Паштальёны пераважна жанчыны. І нават дапушчальная вага сумкі (7 кілаграмаў) – ноша нялёгкая. А калі ўлічыць працягласць маршруту… Таму памочнік на чатырох колах ім будзе вельмі дарэчы.
Адпраўляюцца раніцай у вёскі паштовыя аўтамабілі. Вадзіцель-паштальён Аляксандр Міхайлаў, папярэдне распісаўшы ўсю карэспандэнцыю, акуратна звязвае і пакуе яе ў сумку, каб адправіцца ў Савейкі, Гайнінец, Гайнін, Рачканы і Мыслабаж. Там яго ўжо чакаюць. Прыме ў вяскоўцаў плацяжы, прадасць латарэі, аформіць падпіску на газеты, папытаецца пра жыццё-быццё і далей – затрымлівацца нельга.
Зацвярджаецца не толькі схема руху паштовых аўтамабіляў, але і час іх знаходжання ў шляху. Кожны абсталяваны спадарожнікавай навігацыяй. Таму пры неабходнасці заўсёды можна адсачыць, дзе зараз спецмашына.

З сярэдзіны жніўня калясіць па Зубелевічах, Сваятычах і іншых вёсках перасоўнае аддзяленне паштовай сувязі – мабільны кіёск. Шкляная вітрына, праз якую красуюцца газеты і яркія вокладкі часопісаў, канцтавары і іншая неабходная дробязь, прыцягвае пакупнікоў. Кожны прыезд кіёска на колах чаканы. Яго гаспадыня Вольга Казакевіч выдае пенсіі, перасылае пераводы, аплачвае камунальныя паслугі і крэдыты, прадае перыёдыку – аказвае такія ж паслугі, як і стацыянарны вузел паштовай сувязі.
Сярод паштальёнаў людзі выпадковыя не затрымліваюцца. Чалавек з поўнай навін сумкай – свой у кожным вясковым доме. Такімі для жыхароў Навасёлак даўно сталі Галіна Кацуба і Браніслаў Страмавус. Яны ў РВПС – лідары ўнутрывытворчага спаборніцтва “Лепшы па прафесіі”.
Паштовы раман начальніка Альхоўскага паштовага аддзялення сувязі Валянціны Собаль працягваецца больш за 3 дзесяцігоддзі. Дарэчы, у яе адзін з самых высокіх паказчыкаў падпіскі на раёнку ў разліку на 100 чалавек.
…Нягледзячы на ранні час, на пошце ў райцэнтры людна. Некаторыя сюды прыходзяць не толькі за стандартнымі паслугамі, купіць ці пагартаць перыёдыку (стэнды з ёй паштавікі абнаўляюць штодзённа), але і за самымі разнастайнымі таварамі. Ва ўсіх аддзяленнях раёна паштовыя прылаўкі ўкамплектаваны не горш, чым у якім магазіне. Да таго ж, можна заказаць і буйнагабарытныя тавары. Ёсць свае пастаянныя прыхільнікі і ў інтэрнэт-магазіна Белпошты, дзе шырока прадстаўлены тавары беларускіх вытворцаў.
Паштавікі пастаянна прапануюць сваім кліентам нешта новенькае. Акрамя розных формаў дастаўкі заказных пісьмаў і паслугі адпраўкі грашовага пераводу (цяпер і з з дастаўкай на дом), на пошце прымаюць і плацяжы па прынцыпе адзінага асабовага рахунку, падключаюць да аператара МТС і многае іншае – не пералічыць. А нядаўна з’явілася платная інфармацыйная паслуга – агульнадзяржаўная аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма (ААІС). Яна дазваляе даведацца пра свае маёмасныя правы і абмежаванні.
17.00. Фінішаваў чарговы паштовы дзень. Як заўсёды выніковы і плённы. Нашы землякі пасля работы і дамашніх клопатаў узялі, нарэшце, у рукі свежы выпуск раёнкі. Дзякуй за гэта і паштальёнам.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

P.S. Паколькі на календары верасень, паштавікі зноў у клопатах пра падпіску, у тым ліку, на любімую раёнку. Для таго, каб «ЛВ» двойчы на тыдзень з’яўляўся па адрасах, дзе яго чакаюць, яны штодня прапаноўваюць, раяць, афармляюць дзясяткі падпісных абанементаў. Чацвёрты квартал пачнецца праз тры тыдні.

Галоўны паштавік раёна Вольга Арэхва. Пад яе кіраўніцтвам знаходзіцца гарадское і 20 вясковых паштовых аддзяленняў і адно перасоўнае.

Перш чым трапіць да чытача, раёнка фальцуецца (складваецца) паштальёнамі. Затым згодна хадавіка, распісваецца па адрасах.

Вадзіцель Генадзій Макарэвіч і начальнік Альхоўскага вузла паштовай сувязі Валянціна Собаль.

Аўтапарк пошты пастаянна абнаўляецца. Нядаўна ён папоўніўся перасоўным паштовым аддзяленнем і машынай для падвозу газет у паштовыя апорныя пункты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *