Саюздрук – на ўсе часы

Ёсць з’явы і рэчы, якія не з’яўляюцца прыкметай аднаго часу, а арганічна ўпісваюцца ў любы. Як, напрыклад, кіёскісаюздруку. Пастаянных кліентаў у іх хапала і дзесяцігоддзі таму, не па-крыўджаны ўвагай пакупнікоў і сёння.

Прычым сярод тых, хто не пройдзе проста міма кіёска, – шаноўныя ветэраны і моладзь, працаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў і дзетсадаўская малеча.

Папулярнасці саюздрукаўскіх гандлёвых кропак спрыяе зручны графік іх работы: з 7.00 да 20.00 (а летам і да 21.00) без перапынку на абед. І, безумоўна, надзвычай багаты асартымент асноўнай прадукцыі. Толькі ўявіце: на паліцах кіёскаў – больш за 600 найменняў газет і часопісаў. У кожнага выдання ёсць свае аматары і прыхільнікі. Прыемна, што нязменнай папулярнасцю ў пакупнікоў карыстаецца і “Ляхавіцкі веснік”.

Наогул жа, 4 кіёскі Ляхавіцкага аддзялення УП “Брэстаблсаюздрук” за 11 месяцаў з пачатку года рэалізавалі перыядычных выданняў  на суму амаль 266 мільёнаў рублёў. Дарэчы, тут можна не толькі купіць перыёдыку, але і аформіць падпіску на любімыя выданні.

“Мы не проста стабільна забяспечваем патрэбы насельніцтва ў газетна-часопіснай і іншай друкаванай прадукцыі. Мы выконваем вельмі важную ролю ў фарміраванні дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі,” – падкрэслівае начальнік аддзялення Святлана Саладуха.

Па многіх паказчыках Ляхавіцкае аддзяленне Брэстаблсаюздруку – лідар сярод калег: сярэднямесячная рэалізацыя тавару на гандлёвую кропку, тавараабарот і продаж тавараў з разліку на тысячу чалавек насельніцтва і інш. Такі паспяховы вынік забяспечваецца нешматлікім калектывам – усяго 10 штатных супрацоўнікаў (з іх 6 кіяскёраў) і 2 пазаштатнікі.

“Каб развівацца, павялічваць тавараабарот, сёння неабходна пашыраць гандлёвыя плошчы. Іншыя рэзервы мы практычна вычарпалі”, — разважае Святлана Саладуха.

Дарэчы, ад планаў тут ужо перайшлі да канкрэтных дзеянняў. У жніўні быў заменены на сучасны – большай плошчы і са свабодным доступам да друкаванай прадукцыі – кіёск па вуліцы Леніна. Для саюздруку гэта абышлося ў 120 мільёнаў рублёў. Але і аддача не прымусіла сябе чакаць: тавараабарот у павільёне павялічыўся ўдвая.

Абнавіўся сёлета і аптовы склад аддзялення: устаноўлена стэлажнае абсталяванне, зманціравана выставачная вітрына – з’явілася магчымасць “паказаць тварам” больш тавару. Зроблена гэта для зручнасці кіяскёраў і пакупнікоў, якія аплачваюць тавар безнаяўным спосабам. Такіх, дарэчы, таксама нямала: Ляхавіцкае аддзяленне займае адно з вядучых месцаў сярод падраздзяленняў Брэстаблсаюздруку па безнаяўным тавараабароце. Дагаворы на забеспячэнне канцтаварамі заключаны з 60 арганізацыямі. Сёння прапрацоўваецца магчымасць заключэння дагавораў з іншагароднімі арганізацыямі. І паралельна шукаецца  магчымасць пашырэння плошчаў аптовага складу.

Добрая навіна для жыхароў мікрараёна па вуліцы Інтэрнацыянальнай: ужо ў самай бліжэйшай перспектыве тут з’явіцца кіёск  Брэстаблсаюздруку. І ёсць усе падставы не сумнявацца, што ён таксама будзе запатрабаваны.

Сёння кіёскі прадпрыемства, акрамя перыёдыкі, прапануюць шырокі асартымент спадарожных тавараў – каля 600 найменняў разнастайнай неабходнай дробязі ад канцылярыі, касметыкі і тавараў санітарна-гігіенічнага прызначэння да посуду і цацак.  Яшчэ – прыстойны выбар мастацкай, пазнавальнай і даведачнай літаратуры, а таксама магчымасць для грамадзян і арганізацый атрымаць канкрэтную кнігу, дапаможнік, юрыдычную ці медыцынскую літаратуру пад заказ – па прайс-лістах выдавецтваў.

Дарэчы, цяпер мясцовыя кіяскёры могуць заказаць тавар, што называецца, у рэжыме рэальнага часу — такую магчымасць забяспечвае камп’ютарная праграма. Кіяскёры самі вызначаюць, які тавар і ў якой колькасці ім неабходны. Літаральна некалькі хвілін – і, калі неабходнага тавару няма на сваім складзе, заказ адпраўляецца на абласныя базы.

“Трэба сказаць, што распрацоўка і ўкараненне падобнай сістэмы – адно з яскравых сведчанняў клопату кіраўніцтва Брэстаблсаюздруку і асабіста дырэктара абласнога прад-прыемства Васілія Марэйкі пра нашых работнікаў.  А такая ўвага, у сваю чаргу, садзейнічае прадукцыйнай і зацікаўленай рабоце на месцах. Як, натуральна, і нядрэнная зарплата, –  адзначае Святлана Саладуха: – А наогул, нямала стымулюе і тое, што ёсць магчымасць знаёміцца з перадавым вопытам калег, цікавымі навінамі прадпрыемства і проста тымі, хто працуе ў сістэме аблсаюздруку, і праз карпаратыўную газету “Сябрына-інфа”, якая выходзіць штоквартальна. Вучымся адзін у аднаго, пераймаем арыгінальныя ідэі. Усё для таго, каб нашым пакупнікам і партнёрам з Брэстаблсаюздрукам было зручна.”

Святлана БЕЛЬМАЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *