На «Дажынках» /фота/

Каравай з мукі новага ўраджаю па традыцыі ўручаны старшыні райвыканкама Вячаславу Сельмановічу

З самага ранку 26 верасня паветра ў Жарабковічах поўнілася пахам свята, а, дакладней, – хлебнага каравая-2015, які сёлета ў раёне заважыў больш за 86 тысяч тон! Ураджайнасць нашых шчодрых палеткаў (каля 55 цэнтнераў з гектара) – адна з лепшых на Брэстчыне. Сярод лідараў па ўраджайнасці і СВК «Жарабковічы», які прымаў раённы фестываль-кірмаш.

Аграгарадок Жарабковічы апрануў святочнае ўбранне і шчыра сустракаў гасцей – удзельнікаў жніва. Менавіта яны ўтварылі ганаровую калону раённых “Дажынак-2015”, якая ўзяла пачатак на вуліцы Садовай, прайшла ўрачыста па Мінскай і завяршыла шэсце каля ўпрыгожанай фестывальнай сцэны ў цэнтры аграгарадка.

Хлебаробаў усіх 12 гаспадарак (іх было відаць здалёк, дзякуючы стужкам з надпісам “Пераможца”), іх кіраўнікоў, а таксама прадстаўнікоў працоўных калектываў, кіраўніцтва раёна і запрошаных гасцей віталі апладысментамі. І тыя, хто яшчэ нядаўна ад світання да змяркання ўбіраў, перавозіў і перапрацоўваў хлеб, адчувалі сябе нават няёмка ад такой павышанай увагі.

Урачыстае імгненне – гучаць фанфары і вядучыя абвяшчаюць адкрыццё “Дажынак”.

Удзельнікі фальклорнай групы Жарабковіцкага СДК паказалі старажытны дажыначны абрад.  Шчыра віталі хлебаробаў, якія 2 тыдні назад атрымалі ўзнагароды на абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі ў Іванаве, дзе дэлегацыя Ляхавіччыны была надзвычай прадстаўнічай.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч ад душы дзякаваў усім працаўнікам вёскі за самаадданую працу.  Нямала добрых слоў у свой адрас пачулі і былыя кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, якія цяпер на заслужаным адпачынку, – іх вопыт бясцэнны. Вячаслаў Сельмановіч уручыў хлебаробам узнагароды райвыканкама. Дружнымі апладысментамі віталі лепшых сярод экіпажаў, вадзіцеляў, машыністаў зернетакоў.

Шмат цёплых слоў у адрас перадавікоў сказаў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч. Ён уручыў ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы райсавета, узнагароды ўдзельнікам жніва, якія занялі другое месца ў раённым спаборніцтве ў сваіх намінацыях.

Дыпломы ІІІ ступені ўручаў намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Сяргей Баргамон. Шэраг працаўнікоў адзначаны граматамі абкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК. Яго старшыня Мікалай Вайцешык шчыра вітаў перадавікоў.

Дарэчы, сярод пераможцаў раённага спаборніцтва нямала маладых. А гэта значыць, што ў заслужаных аграрыяў – дастойная змена.   Па традыцыі лепшых працаўнікоў сельскагаспадарчай нівы ўшаноўвалі не толькі прэміямі і дыпломамі. Музычныя падарункі ўдзельнікам раённага фестывалю-кірмашу падрыхтавалі калектывы мастацкай самадзейнасці раёна.

Запрашалі гандлёвыя рады, атракцыёны, спартыўныя спаборніцтвы – не давялося сумаваць нікому.  На “Дажынках” працавалі выязная міні-паліклініка, якая прымала ўсіх жадаючых. Можна было атрымаць кансультацыю тэрапеўта, хірурга, эндакрынолага, гінеколага, нарколага, памераць ціск, вагу і рост.

Шмат народу было і на імправізаваных сялянскіх падворках, якія на свой лад і густ аформілі ўсе сельсаветы. Чаго тут толькі не было! Абавязкова ў кожным – стравы нацыянальнай кухні. Іх можна было каштаваць і нават даведацца “сакрэтныя” рэцэпты. У куточку Крывошынскага сельсавета дзівіліся на плеценыя з паперы кошыкі майстрыхі Вольгі Свянтэцкай. Лялькі, у тым ліку, абярэгі, робіць сваімі рукамі Тамара Кандратчык з Востраўскага сельсавета, а яе зямлячка Тамара Пятух паказала цэлую партрэтную вышываную галерэю. У Навасёлкаўскай гасцёўні сярод ласункаў і самых разнастайных вырабаў не згубілася кніжная выстава, якой зацікавіліся многія аматары садаводства і агародніцтва. А яшчэ на кожным падворку можна было ўбачыць, як нараджаецца чарговы выраб і нават самім паспрабаваць змайстраваць ляльку ці сплясці кошык, што ў многіх і атрымлівалася.

Бойка і ажыўлена вяло гандаль раённае спажывецкае таварыства. З апетытам і задавальненнем госці “Дажынак” ласаваліся разнасоламі, удзельнічалі ў бяспройгрышнай латарэі. Гандлёвыя палаткі працавалі на працягу ўсяго свята.

Цудоўныя работы выхаванцаў і выкладчыкаў экспанаваў цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Свята не толькі спявала, але і танцавала.

Да апоўначы над Жарабковічамі гучала музыка.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Больш фота тут

СВК «Ляхавіцкі» прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва на жніве.

У СВК «Шлях новы» другі вынік у жніўным спаборніцтве.

У СВК «Жарабковічы» – трэцяе месца.

ЗАТ «Белпрампрыбор» вызначыўся рэкордным для яго намалотам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *