Станоўчая дынаміка настройвае на «плюс»

Багаты на падзеі, знакавыя і звычайныя, гэты год і ў маштабах краіны, і ў фармаце раёна. Што вызначыць галоўным, калі ён – Год моладзі і юбілею Перамогі, мірных ініцыятыў і працоўных здабыткаў, вялікага хлеба і рашучай мадэрнізацыі, працягу адкрытага дыялогу ўлады з народам і сацыяльна-арыентаваных клопатаў. Гэта год выбараў Прэзідэнта краіны.

У транскрыпцыі азначаных падзей – канкрэтныя справы і ініцыятывы, праблемы і пошукі іх вырашэння, выкарыстаныя рэзервы развіцця эканомікі і пакуль незадзейнічаныя магчымасці. Пра ўсё гэта – у інтэрв’ю са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Вячаславам СЕЛЬМАНОВІЧАМ.

– Вячаслаў Лукіч, хацелася б пачаць размову са складальніка развіцця, які з’яўляецца падмуркам усеагульнага дабрабыту. Як адчувае сябе эканоміка раёна ў няпростых умовах, справакаваных сусветным фінансавым крызісам?

– Самае галоўнае, на чым акцэнтую ўвагу, – гэта тое, што мы захавалі ўсю вытворчасць і працоўныя калектывы (дарэчы, узровень беспрацоўя ў нас не перавышае 1 працэнта), і што яны выпускаюць прадукцыю не на склад. Давайце абыдземся без агульных лічбаў, а спынімся на некаторых красамоўных канкрэтных фактах у тэму. А факты гэтыя сцвярджаюць, напрыклад, што як быў СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” перадавым прадпрыемствам у раёне і вобласці, такім ён і застаецца. Яго прадукцыя карыстаецца нязменным попытам і ў сталіцы, і ў рэгіёнах, і нават у замежжы. Канкурэнтаздольнасць забяспечана высокай якасцю запатрабаванай прапановы, што, у сваю чаргу, з’яўляецца вынікам фактычна бесперапыннай мадэрнізацыі сучаснейшай вытворчасці.  Менавіта мадэрнізацыя дазволіла ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” перажыць другое нараджэнне. Пасля будаўніцтва новага цэха, рамонту і рэканструкцыі старога, што адбыліся ў рамках рэспубліканскай праграмы развіцця льнаводства і каштавалі больш за 180 мільярдаў рублёў (41 мільярд рублёў крэдыту, астатнія – бюджэтныя), тут у 1,7 раза павялічыліся аб’ёмы вытворчасці, вырасла зарплата, завод разлічыўся з даўгамі, паспяхова працуе на айчынных спажыўцоў і на экспарт.
На плаву і старэйшае прадпрыемства раёна – ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”. Яго прадукцыя не залежваецца.  Заслугоўвае ўвагі развіццё прыватнага бізнесу. Спрыяльны клімат для яго на Ляхавіччыне. Толькі сёлета дзякуючы гэтаму сектару эканомікі ў раёне створана 125 рабочых месцаў на васьмі новых вытворчасцях. І чвэрць экспарту прадукцыі з ляхавіцкім адрасам выпушчана прадпрымальнікамі. Ёсць чаму павучыцца па арганізацыі вытворчасці, расшырэнні геаграфіі рынкаў збыту прадукцыі ў ТАА “Трансэлектракамплект”, некаторых іншых прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці. Пазітыўная дынаміка – заўсёды прыемная тэма, настройвае на “плюс”. Але нельга замоўчваць праблемы і задачы. Напрыклад, ва ўмовах, на якіх не можа не адбівацца сусветны фінансавы крызіс, трэба забяспечыць канкурэнтаздольнасць выпускаемай прадукцыі. Спажыўца цікавяць не сучасныя тэхналогіі ў чыстым выглядзе, а высокая якасць і прымальны кошт, якія забяспечваюцца менавіта такімі тэхналогіямі. Адпаведна гэта, ды яшчэ новыя рынкі збыту, у сваю чаргу, цікавяць і вытворцаў. Як бачым, кропкі агульных інтарэсаў супадаюць.
Трывалая эканоміка – не падарунак з нябёс, а вынік карпатлівай, сістэмнай, паслядоўнай, мэтанакіраванай працы. Адсюль жа і рост зарплаты, якую трэба зарабіць, а не проста атрымаць. Спадзяюся, што гэта ўжо засвоеная ісціна.
– Наш раён заўсёды быў і застаецца пераважна аграрным. Вячаслаў Лукіч, ці дастаткова, на вашу думку, сельскагаспадарчы сектар эканомікі “сябруе” з мадэрнізацыяй вытворчасці?
– Сябруе і вельмі. Маецца на ўвазе не толькі набыццё новай, самай сучаснай тэхнікі, якою пастаянна папаўняецца машынна-трактарны парк гаспадарак. Гэта, у першую чаргу, укараненне прагрэсіўных тэхналогій вытворчасці і ў жывёлагадоўлі, і раслінаводстве. Перакананы, што яны дазволяць нам пераўзысці сёлетні прыгожы вынік у намалоце зерня – амаль 87 тысяч тон – і ўзяць у блізкай перспектыве стотысячатонную планку. Для гэтага ў аграрыяў раёна на сённяшні дзень ёсць практычна ўсё неабходнае. І забяспечаная на жніве-2015 адна з дзвюх самых высокіх у вобласці ўраджайнасць хлеба, дасягнутая ляхавіцкімі земляробамі, і трэцяе месца ў спаборніцтве сярод раёнаў Брэстчыны сведчаць на карысць рэальнасці мэты.
Прыемна гаварыць пра поспехі на ўборцы хлеба ў СВК “Ляхавіцкі”, “Шлях новы”, “Жарабковічы”. Не менш прыемна, што да гэтых традыцыйна перадавых калектываў падцягваюцца іншыя. Сёлета ніва шчодра аддзячыла важкім коласам ЗАТ “Белпрампрыбор”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, ДП “Нача”. Дастойны вынік там, дзе агратэхніка на высокім узроўні. Эканамічна слабым гаспадаркам трэба ўшчыльную заняцца менавіта гэтым. Прычым, укараненне новых тэхналогій датычыць літаральна ўсіх галін сельскай гаспадаркі.
Вопыт работы новых і мадэрнізаваных малочна-таварных фермаў раёна – лепшая агітацыя на карысць новаўвядзенняў. Першымі ластаўкамі былі Русінавіцкая, Навасёлкаўская, Вялікалотаўская МТФ, нядаўна далучылася Падбароччанская. З іх на перапрацоўчае прадпрыемства паступае малако пераважна гатунку экстра. Утрыманне статка ў належных умовах, збалансаванае кармленне, ветэрынарны кантроль, тэхналагічны, ад “а” да “я”, догляд, прафілактыка захворванняў, селекцыйная работа – гэта і многае іншае з’яўляецца канстантай паспяховай жывёлагадоўлі.
Шчодраму караваю з хлебных ніў пасуюць, калі працягваць вобраз, малочныя рэкі. Менавіта малако дае вытворцам “жывыя” грошы кожны тыдзень. Таму сезон корманарыхтовак па значнасці можна параўнаць са жнівом. Як атрымалася гэта кампанія сёлета, “рапартаваць” будуць вынікі галіны ў час стойлавага ўтрымання жывёлы. Ад іх ва многім залежыць эканоміка гаспадарак, узровень зарплаты працаўнікоў.
І не толькі гэта. Наогул, вынікі працы вытворцаў прадукцыі – прамыслоўцаў, аграрыяў – значна ўплываюць на развіццё сацыяльнай сферы. Такая логіка ўзаемасувязі і ўзаемадзеяння.
– Прывычныя словы “сацыяльная арыентаванасць дзяржавы” часам успрымаюцца як аксіёма, і не задумваешся над глыбінным сэнсам гэтага паняцця.
– Да добрага людзі прывыкаюць хутка. Між тым гэта добрае не з’яўляецца падарункам нябёс, яно – рукастваральнае, а значыць, патрабуе затрат. Мы ўсе любуемся нашым папрыгажэўшым да абласных “Дажынак-2013” і пасля іх райцэнтрам. Маштабнае добраўпарадкаванне, капітальны рамонт многіх аб’ектаў, рамонт шматпавярховак, зручныя тратуары, абноўленыя плошчы, стадыён, можна сказаць наваселле паліклінікі і многае іншае, што радуе вока ляхавічан і стала для іх прывычным камфортам, абышлося бюджэту (абласному і раённаму) больш як у 200 мільярдаў рублёў. Вось такі падарунак землякам ад дзяржавы. Гэта ж скажу і пра аграгарадкі, якія палепшылі якасць жыцця вяскоўцаў.
Натуральна, што ў адказ чакаецца беражлівае стаўленне да зробленага, асабісты ўдзел ляхавічан у падтрыманні і навядзенні парадку. Мы ў стане зрабіць наш горад і вёскі яшчэ больш прывабнымі для вока і зручнымі для пражывання – важна разумець асабістую адказнасць, усвядоміць, што не толькі ўласныя двор і квадратныя метры патрабуюць увагі, клопату і беражлівых адносін.
Лічыцца, што лёгка дастаецца, тое не беражэцца. Хаця “лёгка дастаецца” – паняцце ўмоўнае. Людзі прывыкаюць да бясплатных даброт, часта не заўважаюць іх, не адчуваюць важкасці аказанай палёгкі. А трэба! Між тым, “бясплатнае” каштуе для дзяржавы не танна. За камунальныя паслугі, напрыклад (ацяпленне, водазабеспячэнне, каналізацыя, тэхабслугоўванне) сям’я з чатырох чалавек, якая займае кватэру плошчай 50 квадратных метраў, плаціць усяго 15,6 працэнта ад іх сабекошту – 360 тысяч рублёў замест 2,3 мільёна, калі “па поўнай праграме”. Устаноўлена льготнае карыстанне газам, электраэнергіяй (50 працэнтаў) для асобных катэгорый грамадзян.
А колькі каштуюць для дзяржавы бясплатныя паслугі адукацыі? Малыш ходзіць у дзіцячы сад, і бацькі аплачваюць толькі ягонае харчаванне, што складае каля 18 працэнтаў ад месячнага кошту знаходжання дзіцяці ва ўстанове дашкольнай адукацыі. Усе вучні сельскіх школ раёна і пачаткоўцы атрымліваюць бясплатныя абеды. Бюджэтныя затраты на гэта штомесяц у разліку на адно дзіця складаюць больш як 220 тысяч рублёў.
Датацыя на дзіцячую пуцёўку ў аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем складае 1,4 мільёна рублёў, з дзённым – 580 тысяч. За кошт штомесячнай бацькоўскай платы кампенсуецца толькі  5,3 працэнта затрат на ўтрыманне навучэнца дзіцячай школы мастацтваў.
У многіх сельскіх установах адукацыі настаўнікаў ці не больш, чым вучняў. Самыя затратныя школы – малакамплектныя. Параўнаем: у гарадскіх фінансаванне ў разліку на аднаго навучэнца нашага раёна вагаецца ад 15 да 17 мільёнаў рублёў у год, у Свяціцкай – перавышае  57 мільёнаў, Мядзведзіцкай – 50 мільёнаў, Тальмінавіцкай – 48 мільёнаў. Падобная сітуацыя і з дзіцячымі садкамі. Больш пераканаўчых доказаў мэтазгоднасці аптымізацыі ўстаноў адукацыі і шукаць не трэба. Усё адбываецца паступова, ніякіх нязручнасцей дзеці не адчуваюць (дастаўка ў школы, якія знаходзяцца ў іншых населеных пунктах, і дадому арганізаваная – для гэтых мэт набыты спецыяльныя аўтобусы). Пытанні працаўладкавання настаўнікаў таксама вырашаюцца. А сэканомленыя сродкі могуць выкарыстоўвацца на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, заахвочванне педработнікаў.
Бясплатная для нашых грамадзян медыцына таксама датуецца дзяржавай. Удумайцеся ў лічбы. Калі б гэтыя паслугі былі платныя, то сярэдні кошт абышоў-ся б у важкія сумы: наведванне ўрача ў паліклініцы – 76,3 тысячы рублёў; выезд брыгады хуткай дапамогі – 347,2 тысячы рублёў; знаходжанне на працягу дня ў тэрапеўтычным аддзяленні райбальніцы – 183,2 тысячы рублёў; інфекцыйным – 652,8 тысячы рублёў; аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі – 1,85 мільёна рублёў.
І гэта без затрат на дапаможныя службы (аддзяленне ультрагукавой дыягностыкі, рэнтгенаўскага, фізіятэрапеўтычнага, клініка-дыягнастычнага).
Датацыі дзяржавы накіроўваюцца на развіццё культуры, мастацтва, падтрымку талентаў і здольнасцяў. Кампенсуюць страты транспарту ад перавозкі пасажыраў – кошт білетаў значна меншы фактычных выдаткаў.
Асобы артыкул расходаў – сацыяльнае забеспячэнне. Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога, матэрыяльная падтрымка інвалідаў, выплата пенсій і дапамог (толькі за першае паўгоддзе на гэтыя мэты зрасходавана 139,4 мільярда рублёў), клопат пра мнагадзетныя сем’і і наогул пра сем’і, якія выхоўваюць дзяцей, і многае іншае даўно і трывала стала для ўсіх прывычным. І гэта нармальна. Важна, каб людзі разумелі той дзяржаўны ўзнос, які такім чынам пастаянна робіцца ў бюджэт кожнай сям’і, кожнага грамадзяніна. Ці можна сфармуляваць інакш: колькі з дапамогай дзяржавы эканомяць на расходах грамадзяне рэспублікі.
– Вячаслаў Лукіч, на прыкладзе нашага раёна відавочныя тыя грандыёзныя змены, якія адбыліся за дваццацігоддзе існавання суверэннай Беларусі. Што галоўнае вы вызначы-
лі б у гэтым накірунку?

– Галоўнае, мір на нашай зямлі, міратворчая палітыка нашай краіны. Людзі шануюць памяць пра подзвіг і пра герояў, якія яго здзейснілі. Як узнёсла і светла святкавалі сёлета юбілей Перамогі! Клопат пра ветэранаў – не разавая акцыя, а пастаянная справа гонару дзяржавы і землякоў. І тое, што  9 мая стала агульнанацыянальным святам, гаворыць пра многае.
У нашага раёна багатая гісторыя, самабытная культурная спадчына. На Ляхавіччыне ў міры і згодзе жывуць людзі розных нацыянальнасцей і веравызнанняў. Разам мы на адзіным шляху – будуем моцную і квітнеючую Беларусь.
А для гэтага трэба быць: патрыётам, грамадзянінам, гаспадаром. І памятаць не толькі пра свае правы, але і пра абавязкі. Заклікаю вас, паважаныя землякі, прыйсці заўтра на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць за дастойнага кандыдата на галоўную пасаду ў краіне, якому давяраеце будучыню. Гэта якраз і ёсць канстытуцыйнае права і абавязак. Кожны голас вырашальны: з волевыяўлення кожнага складаецца воля народа.
Гутарыла  Вольга БАРАДЗІНА.

Вытворчы дзённік Ляхавіччыны

● У раёне 5 буйных прамысловых прадпрыемстваў, 135 прадпрыемстваў малога бізнесу (у тым ліку 19 фермерскіх гаспадарак і 28 прамысловага профілю). За
9 месяцаў прамысловасць раёна, у якой занята 1000 нашых землякоў, выпусціла прадукцыі на суму каля 400 мільярдаў рублёў.

● Аграрны сектар прадстаўлены 10 сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі розных формаў уласнасці. Вядучая роля ў рабоце АПК раёна належыць прамысловай жывёлагадоўлі. Спецыялізуемся на вытворчасці мяса, малака з развітай вытворчасцю зерневых і тэхнічных культур. За 9 месяцаў аб’ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі склаў каля 600 мільярдаў рублёў. 56 працэнтаў ад гэтага паказчыка прыпадае на жывёлагадоўчую галіну. У сельскай гаспадарцы раёна заняты 2300 чалавек.

● Агульны экспарт прадукцыі з ляхавіцкім адрасам за 8 месяцаў года дасягнуў 6,9 мільёна долараў ЗША.

● З пачатку года ў раёне пабудавана 5643 квадратных метраў жылля.

● На Ляхавіччыне развіваецца сфера камунальных і бытавых паслуг, гандаль.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *