Іду галасаваць!

Зоя ГАТОЎЧЫЦ, сацыяльны педагог ЦКРНіР:

– Мне неабыякавая будучыня краіны, дзяцей, унукаў. Актыўная жыццёвая пазіцыя для мяне і маёй сям’і – гэта правіла, якое не патрабуе тлумачэння, таму галасаваць буду абавязкова.

За апошнія гады беларусам многага ўдалося дасягнуць у самых розных сферах. З кожным годам наша краіна, Брэстчына, Ляхавіччына становяцца больш добраўпарадкаванымі, прыгожымі, павышаецца якасць жыцця людзей.

Без актыўнага ўдзелу кожнага ў грамадскім жыцці станоўчыя змены немагчымыя. Даўно вырашыла за каго аддам свой голас – за кандыдата ў Прэзідэнты, якому веру, якога паважаю. Буду галасаваць за згоду, мір, спакой, дабрабыт і наша шчаслівае заўтра.

Аляксандр ВАШЧУК, старшыня СВК “Шлях новы”:

– Для мяне нават не паўстае пытанне: галасаваць ці не. Абавязкова выказваю грамадзянскую пазіцыю. Свой выбар зрабіў даўно на карысць моцнага і надзейнага Кіраўніка дзяржавы, таму разам з жонкай прагаласавалі датэрмінова.

Упэўнены, што і далей Беларусь будзе нарошчваць тэмпы развіцця ў эканоміцы, у тым ліку і сельскай гаспадарцы. Красамоўна пра здабыткі і дасягненні гаворыць, напрыклад, сёлетняе жніво, якое наш раён завяршыў з выдатным вынікам. Высокая ўраджайнасць зерневых і ў “Шляху новым”. Хуткімі тэмпамі развіваецца і жывёлагадоўля. Пашыраюцца магчымасці для вядзення асабістых падсобных і фермерскіх гаспадарак. З кожным годам расце дабрабыт людзей, вяскоўцаў – у тым ліку. Радуе, што моладзь, атрымаўшы сярэднюю спецыяльную ці вышэйшую адукацыю, вяртаецца дыпламаванымі спецыялістамі ў сваю родную гаспадарку. Значыць, у вёскі ці аграгарадка ёсць дастойная будучыня.

Андрэй ІВАНЮЦЕНКА, старшы трэнер ДЮСШ па лёгкай атлетыцы:

–Іду галасаваць таму, што не лічу магчымым дазволіць сабе не ўдзельнічаць у прыняцці найважнейшага для краіны, для сябе, сваёй сям’і рашэння. Каму, як не грамадзянам рэспублікі, вырашаць, якой быць яе будучыні.

Дар’я ПІЛІНОГА, спецыяліст РКЦ № 35 ААТ “Белаграпрамбанк”, сакратар пярвічкі БРСМ :

– Галасую не ўпершыню. І кожны раз раблю гэта прынцыпова і асэнсавана. Іду на выбары таму, што мне не абыякавы лёс роднай Беларусі. Каб жыць дастойна і ўпэўнена, неабходна сёння зрабіць правільны выбар – аддаць голас за квітнеючую і моцную краіну. Краіну, у якой падтрымліваюць сем’і, дзе і створаны выдатныя магчымасці для самарэалізацыі моладзі і кожны мае права на выбар, дзе людзі ўпэўнена ўвасабляюць у жыццё свае планы і бачаць перспектывы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *