Эфектыўнасць і парадак. Але не ва ўсім і пакуль не на ўсёй зямлі

Фота з архіва «ЛВ»

Учора ў раёне афіцыйна завяршыўся традыцыйны вясенні месячнік добраўпарадкавання.
А некалькімі днямі раней – у панядзелак – у фармаце апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама разглядалася «профільная» тэма – аб эфектыўнасці выканання мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі, што праводзяцца на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна. Кароткай абагульняючай высновай да той нарады падышлі б словы: прысутнічае эфектыўнасць і ёсць парадак. Але пакуль не ва ўсім і не на ўсёй ляхавіцкай зямлі.

Галоўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў адзначыў, што з праманітораных ведамствам з пачатку года шасці соцень розна-
га кшталту тэрыторый, на 141 выяўлены парушэнні ў плане іх
санітарнага ўтрымання. Атрымліваецца, што амаль кожны чацвёрты з правераных санслужбай аб’ектаў патрабуе хоць нейкага
ці ў нечым упарадкавання.
Работа ў накірунку навядзення чысціні, санітарыі, павышэння эстэтыкі і паляпшэння функцыяналу тэрыторый і аб’ектаў раёна знаходзіцца пад пастаяннай увагай. Праводзіцца рэгулярна, актывізуецца з надыходам вясны. А месячнік па добраўпарадкаванні, традыцыйныя суботнікі з’яўляюцца памочнікамі ў дасягненні чыстага, больш здаровага і камфортнага для жыцця асяроддзя.
– Асаблівая ўвага пры навядзенні парадку надаецца догляду за аб’ектамі расліннага свету, – адзначыла начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марына Завадская.
Гэта, у тым ліку азначае, што раёнам выкананы значны
аб’ём работ па ліквідацыі непатрэбнай драўнінна-хмызняковай расліннасці, прарэджванні і фарміраванні крон зялёных насаджэн-
няў, прыбіранні паркаў і сквераў, азеляненні і іншае. Але, як было заяўлена, работы па выдаленні аб’ектаў расліннага свету нярэдка могуць пачацца толькі пасля атрымання шэрага ўзгадненняў і прадпісанняў. А часам гэта некароткая, але абавязковая працэдура перапіскі. Напрыклад, неаднаразова на працягу мінулага года разглядалася пытанне адносна насаджэнняў, што знаходзяцца ў паласе адводу чыгункі ў лакацыі гарадскога чыгуначнага вакзала. Нарэшце сёлета пачалася практычная рэалізацыя данага пытання, а яго ход і тэрміны завяршэння знаходзяцца на кантролі аддзела архітэктуры, будаўніцтва і  ЖКГ райвыканкама.
Востра стаіць тэма ўтрымання зялёных насаджэнняў, што знаходзяцца ў кантралюемых і палосах адводу аўтамабільных дарог.
– Арганізацыі, якія іх абслугоўваюць – ДЭУ-24 і ДРБУ-200, – не надаюць належнай увагі насаджэнням, размешчаным у прыдарожных палосах. Несвоечасова праводзіцца ачыстка ад ламачча, аварыйных і сухастойных дрэў, абрэзка пашкоджаных і сухіх галін, не ажыццяўляецца ліквідацыя драўнінных парасткаў – як унутры палос, так і на мяжы з лясным фондам, – адзначыла Марына Завадская.
Неаднойчы прыдарожная тэма падымалася на апаратных нарадах у старшыні райвыканкама, на пасяджэннях раённага выканаўчага камітэта. У тым ліку і даручэнні райвыканкама ў адрас
дарожнікаў стымулявалі апошніх актывізавацца ў добраўпарад-
каванні прыдарожных палос. Але, як прагучала, «тэмпы работ пакідаюць жадаць лепшага».
КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ»  на ўтрыманне вуліц горада Ляхавічы ў 2022 годзе з раённага бюджэту выдаткавана 140 тысяч рублёў. У залік чаго з пачатку года прадпрыемствам ужо выкананы ямачны рамонт дарожнага пакрыцця агульнай плошчай 250 квадратных метраў, рамонтная прафіліроўка дарог і вуліц працягласцю 40 кіламетраў, усталявана 12 новых і адрамантавана больш за 40 дарожных знакаў і іншае. Тым не менш, як прагучала ў дакладзе, нягледзячы на вялікі аб’ём работ, што праводзяцца, прысутнічаюць недахопы ва ўтрыманні вулічна-дарожнай сеткі: ямачнасць, парушэнне пакрыцця тратуарных дарожак і іншае.
На тэрыторыі горада знаходзяцца арганізацыі, якія не хочуць
разумець, што навядзенне парадку на сумежных тэрыторыях з’яўляецца іх абавязкам. І наадварот: ёсць такія – і іх абсалютная большасць, – што добрасумленна займаюцца падобнай практыкай.
Ёсць праблемныя моманты адносна ўтрымання дваровых і прылеглых тэрыторый шматкватэрных дамоў, не заўсёды і не ўсё ў парадку з парадкам у масівах прыватнай жылой забудовы.
Да пытання адносна ўпарадкаванасці гарадскіх і сельскіх тэрыторый райвыканкам мае намер звярнуцца яшчэ раз – у бліжэйшы час.

Іван КАВАЛЕНКА.