Выбар зроблены. Наш выбар! /фота/

Яшчэ апоўдні 11 кастрычніка стала вядома: выбары ў Беларусі адбыліся – на той час на выбарчыя ўчасткі прыйшло больш за 50 працэнтаў грамадзян, унесеных у спісы для галасавання. Прычым, правам прагаласаваць датэрмінова скарысталіся больш за 36 працэнтаў выбаршчыкаў па краіне. Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што гэтая лічба – самая высокая за ўсю гісторыю выбараў у Рэспубліцы  Беларусь. А яшчэ – вельмі красамоўная і сведчыць, што беларусы даўно вызначыліся, за каго аддаць свае галасы.

Актыўна галасавалі і жыхары Ляхавіччыны. Напрыклад, на Канюхоўскім участку для галасавання № 12 – самым маленькім у раёне па колькасці выбаршчыкаў (усяго 140) – па стане на 19 гадзін мінулай суботы свой канстытуцыйны абавязак выканалі  70 працэнтаў вяскоўцаў, унесеных у спісы для галасавання.

–100-працэнтная яўка на выбарчы ўчастак, можна сказаць, добрая традыцыя нашых землякоў. Спадзяёмся, што і сёлета прагаласаваць прыйдуць усе, – расказвае старшыня ўчастковай камісіі Зінаіда Адаська. – І хаця многія нашы выбаршчыкі – людзі шаноўнага ўзросту, ніхто не захацеў, каб члены камісіі прынеслі урну для галасавання да іх дадому, усе самі ідуць на ўчастак. Учора, напрыклад, прыходзіла прагаласаваць старэйшая жыхарка Канюхоў – 88-гадовая Вольга Шода. Прагаласавала – і са спакойным сумленнем на зіму да дачкі ў горад…

На гадзінніку–9.20 нядзелі, а бюлетэні для галасавання на ўчастку, размешчаным у сельскай бібліятэцы, не атрымалі ўсяго   25 мясцовых выбаршчыкаў.
Дарэчы, 11 кастрычніка месцы для галасавання можна было беспамылкова знайсці нават у незнаёмым населеным пункце: па гучным музычным суправаджэнні і групах святочна апранутых людзей, што, не спяшаючыся, рухаліся ў накірунку ўчастка. У Жарабковічах ён працаваў у будынку сельвыканкама – адрас добра вядомы не толькі жыхарам аграгарадка, але і выбаршчыкам з навакольных вёсак – Гулічаў, Зарытава, Пірштукоў, Яцкаўшчыны.
На ўчастку – як, дарэчы, і на ўсіх без выключэння – поўны набор неабходных выбарных атрыбутаў: інфармацыя пра кандыдатаў у Прэзідэнты, кабінкі для тайнага галасавання, месцы для наглядальнікаў (ні на адным з наведаных участкаў яны не пуставалі), урны – пераносныя для галасавання на даму і асноўная. У Жарабковічах, як і на гарадскіх участках, яна празрыстая – і гэта спонсарская дапамога аднаго з мясцовых прадпрыемстваў, што вырабляе пластыкавыя вок-
ны. У спісах – 640 мясцовых жыхароў, па стане на 9 гадзін з улікам датэрміновага галасавання сваю грамадзянскую пазіцыю выказалі 46 працэнтаў тутэйшых выбаршчыкаў. Каля сотні – людзі шаноўнага ўзросту, асабліва з суседніх вёсак, а таксама хворыя – пажадалі прагаласаваць па месцы жыхарства.
– Прыйсці і прагаласаваць трэба абавязкова! Мы выбіраем сваю будучыню. Выбіраем лідара, якому давяраем, які стаіць за нашы інтарэсы. Асабіста я галасаваў за мір і спакой у Беларусі, — дзеліцца вядомы на Ляхавіччыне краязнаўца Уладзімір Лаўрэнаў.
На ўсіх наведаных участках у дзень выбараў панавала выключна добразычлівая, спакойная і адначасова дзелавая атмасфера. Усюды пастараліся прыўнесці ў афармленне пакояў для галасавання ноткі ўрачыстасці і святочнасці, амаль на кожным участку ладзілі выступленні калектывы мастацкай самадзейнасці. Падлескі выбарчы ўчастак – не выключэнне. Ён размясціўся ў тутэйшым СДК і аказаўся адным з самых утульных і светлых.
– Людзі галасуюць актыўна, датэрмінова прыйшлі на ўчастак 344 чалавекі з 564 нашых выбаршчыкаў. Прыемна, што і моладзь усведамляе: выбіраць – не проста грамадзянскі абавязак, гэта сведчанне неабыякавасці да лёсу сваёй краіны. Мы бачым настрой сваіх землякоў, і ён аптымістычны, – расказвае старшыня ўчастковай камісіі Ірына Керко.
Свяціца – адзін з самых аддаленых ад райцэнтра населеных пунктаў. Але на свядомасць і актыўнасць выбаршчыкаў гэта не ўплывае: свяцічане і жыхары Навасёлак таксама пацвярджаюць сваю нераўнадушнасць да значнай палітычнай падзеі. Да поўдня яшчэ паўгадзіны, а бюлетэні апусцілі ў урны 286 выбаршчыкаў з 546.
Пенсіянерка Марыя Буйкевіч у сваіх прыярытэтах адназначная:
– Галасую за мір і згоду! За працвітанне краіны!
Ліпскі СДК сустракае жывой
музыкай – тут якраз даюць канцэрт мясцовыя самадзейныя артысты. Але членам выбарчай камісіі не да адпачынку, іх участак адзін з самых вялікіх сельскіх – у спісах для галасавання 751 прозвішча – жыхары Ліпска, Заліпення і Залужжа. На
12 гадзін да выбарчага ўчастка пакуль яшчэ не дайшлі 260 чалавек. Каля паўсотні з іх чакаюць бюлетэні для галасавання ў сябе дома.
Члены камісіі расказваюць пра тое, што напярэдадні ў іх пабывалі наглядальнікі місіі БДІПЧ АБСЕ, якія, па ўсім было бачна, засталіся задаволеныя. Пра гэта ж, дарэчы, прыгадвалі на Свяціцкім і Галаўнінскім выбарчых участках.
Не выказвалі прэтэнзій і ўнутраныя наглядальнікі. На большасці ўчасткаў давялося бачыць прадстаўнікоў БРСМ, прафсаюзных арганізацый, ”Белай Русі”, працоўных калектываў, шэрагу партый. Святлана Курэц, якую незалежным наглядальнікам на Галаўнінскі выбарчы ўчастак
№ 18 вылучылі грамадзяне шляхам збору подпісаў, падкрэслівае: і ў асноўны дзень, і падчас датэрміновага галасавання абстаноўка на ўчастку спакойная, парушэнняў не адзначана. З 616 мясцовых і жыхароў Шчэрбава, Бенькаўцаў, Каўпакоў, Малышоў, Стральцоў, якія маюць права голасу, на 12 гадзін прагаласавала амаль 64 працэнты.
За правапарадкам і бяспекай на кожным участку сачылі міліцыянеры і супрацоўнікі РАНС. На ўсякі выпадак дзяжурылі тут і медработнікі.
На Ляхавіцкім-Кастрычніцкім участку для галасавання № 5 у ГДК райаграсэрвіса разгарнула бойкі гандаль райпо. Толькі-толькі адспявала народная эстрадная студыя “Экспрэс”. Участковая камісія сустракае ветлівымі ўсмешкамі, добрым настроем і аптымістычнымі прагнозамі на яўку выбаршчыкаў. Член камісіі Людміла Жукоўская заўважае, што сёлета 48 працэнтаў з 632 выбаршчыкаў на ўчастку прагаласавалі датэрмінова.

11 кастрычніка ў 8 гадзін раніцы ў дзіцячай школе мастацтваў расчыніў дзверы самы вялікі ў раёне Ляхавіцкі-Камсамольскі ўчастак для галасавання
№ 3. Тут у спісах выбаршчыкаў 1827 чалавек, якія жывуць на 42 вуліцах і завулках горада. У 8.05 першай прагаласавала Ніна Лейчанка.
– За каго буду галасаваць, вызначылася даўно. Давяраю свайму кандыдату, упэўнена ў ім: з такім кіраўніком наша Беларусь была і застанецца ў надзейных руках, – сказала жанчына.
Старшыня ўчастковай камісіі Таццяна Пятух адзначыла высокую – 41 працэнт – актыўнасць выбаршчыкаў і падчас датэрміновага галасавання.
Асаблівымі гэтыя выбары сталі для
6 юнакоў і дзяўчат, якія ўпершыню прымалі ўдзел у галасаванні. Алег Маслоўскі аддаў свой голас
7 кастрычніка, калі яму споўнілася 18 гадоў. Як і іншыя навічкі-выбаршчыкі юнак атрымаў падарунак – кнігу пра Ляхавічы, прывітальны адрас ад Цэнтрвыбаркама і сувенір.
З раніцы ў нядзелю члены камісіі раз’ехаліся па горадзе да 28 выбаршчыкаў, якія па стане здароўя ці па іншых уважлівых прычынах не змаглі прыйсці на ўчастак. Прагаласавала дома і былы вязень фашысцкіх канцлагераў Лізавета Судэнка.
Людзі ішлі з разуменнем, што кожны голас важны і вырашальны.
Толькі за 20 хвілін работы ўчастка прагаласавалі 15 чалавек. 84-гадовая Лідзія Іусава – адна з іх:
– У выбарах удзельнічаю абавязкова. Заўсёды прыходжу ў асноўны дзень галасавання – для мяне гэта свята.
Самы вялікі ўчастак не пакінулі без пільнай увагі і наглядальнікі, у тым ліку і міжнародныя ад місіі БДІПЧ АБСЕ Герман Бакфіш і Арманна Шоне.
– Беларусь – прыгожая краіна. Тут жывуць шчырыя, адкрытыя, гасцінныя людзі, – сказаў Герман Бакфіш.
Святочна-дзелавая атмасфера панавала і на Ляхавіцкім-Ленінскім участку для галасавання № 1, размешчаным у будынку ДЮСШ. 658 чалавек (44 працэнты з унесеных у спісы для галасавання) выказалі сваю пазіцыю і выканалі канстытуцыйны абавязак датэрмінова.
У перыяд падрыхтоўкі ўчастка для галасавання тут пабываў міжнародны наглядальнік ад СНД. 11 кастрычніка за ходам галасавання сачылі акрэдытаваныя мясцовыя наглядальнікі.
А людзі ўсё падыходзілі. Уладзімір Вялічка прыйшоў разам з унукам:
– Аддаю голас за будучыню. Настрой выдатны. Каб унук адчуў урачыстую атмасферу, узяў яго з сабой. Хутка і астатнія члены сям’і прыйдуць на ўчастак – свята сямейнае.
З самай раніцы паасобку і сем’ямі спяшаліся гараджане і на Ляхавіцкі-Гагарынскі ўчастак для галасавання № 2. 508 з 1278 чалавек, якія маюць права голасу, вызначыліся з кандыдатам на галоўны дзяржаўны пост датэрмінова. За першыя 3 гадзіны 11 кастрычніка прагаласавалі  165 выбаршчыкаў.
Старшыня камісіі Вольга Савасцюк адзначыла добразычлівы настрой людзей, галоўнае, – неабыякавасць, вялікае жаданне і моладзі, і пажылых землякоў прыняць удзел у выбарах Прэзідэнта краіны.
Наведала ўчастак № 2 і наглядальнік ад СНД Таццяна Гіблер. Многія прагаласаваўшыя заставаліся паслухаць канцэртную праграму, якую падрыхтаваў народны клуб ветэранаў вайны і працы “Сівізна”. З 14 гадзін члены камісіі раз’ехаліся да  38 грамадзян, якія выказалі жаданне прагаласаваць дома. А маладзёжная лабараторыя сацыялагічных даследаванняў праводзіла экзітпол (апытанне грамадзян на выхадзе з выбарчых участкаў).
З добрым настроем вярталіся дамоў Іван і Валянціна Брэчкі. У Ляхавічах яны галасуюць упершыню, пераехалі сюды да дачкі з Любаншчыны.
– Са сваім выбарам вызначыўся яшчэ шмат гадоў назад і не памыліўся, – гаворыць Іван Іванавіч.
Атмасфера свята і цудоўнага настрою панавала і на Ляхавіцкім-Чкалаўскім участку для галасавання № 4. Раніцай участак наведалі назіральнікі ад місіі АБСЕ. Сярод іншых участкаў раёна гэты адметны тым, што ўпершыню тут галасавалі амаль 100 маладых грамадзян. Практычна ўсе яны – навучэнцы Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа.
– Выбаршчыкі разумеюць, што кожны голас з’яўляецца важным, уплывае на будучыню дзяцей, унукаў і ўсёй Беларусі, таму і актыўныя, – падкрэсліла старшыня самага маладога ўчастка для галасавання – Ляхавіцкага-Інтэрнацыянальнага № 6 Галіна Якубец. Людзі не хавалі аптымізму і пераканання, што зрабілі правільны выбар, які паспрыяе далейшаму росквіту нашай рэспублікі. Усіх, хто прыйшоў галасаваць сустракалі як самых чаканых гасцей. Вечарам участак наведалі назіральнікі АБСЕ.
У 20 гадзін участкі для галасавання закрыліся. Пачаўся яшчэ адзін важны этап выбараў – падлік галасоў.

Матэрыялы  падрыхтавалі Святлана БЕЛЬМАЧ, Галіна КАНЬКО. Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *