Іх парадкавы нумар

У мінулы панядзелак на апаратнай нарадзе ў райвыканкаме мела працяг практыка справаздач старшынь сельскіх выканаўчых камітэтаў аб ходзе выканання плана па добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета. На гэты раз пра зробленае (і тое, чаго зрабіць не атрымалася) дакладваў кіраўнік жарабковіцкай сельадміністрацыі Аляксандр Трыбухоўскі.
У 17 населеных пунктах сельсавета пражывае каля 3000 чалавек. Жарабковіцкую “прапіску” маюць два вытворчыя кааператывы: СВК “Жарабковічы” і часткова “Шлях новы”. Факт не радавы: улічваючы абмежаванасць сельскіх адміністрацый у фінансах і, адпаведна, магчымасцях, такое “плячо” з’яўляецца дадатковым бонусам у пытаннях добраўпарадкавання. Вось і дакладчык, гаворачы аб добрых справах, праведзеных на тэрыторыі сельсавета з пачатку года, неаднойчы рабіў спасылку на дапамогу названых сельгаскааператываў.
Як і паўсюдна ў раёне, збор цвёрдых бытавых адходаў з прыватных домаўладанняў сельсавета ажыццяўляецца праз два тыдні – згодна дамоўленасцям і сіламі камунгаса. Нараканняў ад насельніцтва з гэтай нагоды не паступала. Аднак, нягледзячы на магчымасць пазбавіцца ад смецця цывілізавана, не-не, ды і вырастаюць на “целе” сельсавета “язвы”, у выглядзе дзікіх сметнікаў. Толькі ў бягучым годзе амаль дзясятак такіх быў ліквідаваны. Але новыя працягваюць з’яўляцца, правакатарам чаго, здараецца, становяцца пакінутыя без нагляду дамы. Як і ў абсалютнай большасці вёсак раёна, праблема такога кшталту дамоў у сельсавеце застаецца актуальнай. Магчыма, у меншай ступені, чым у некаторых іншых – яшчэ і таму, што СВК “Жарабковічы” надае пытанню эфектыўную практычную ўвагу. Гаспадарка зносіць пустуючыя дамы ўласнымі сіламі, за свае грошы. Вызваленыя ад трухі соткі, дзе гэта магчыма і рацыянальна, рэкультывуюцца і пускаюцца ў сельгасабарот.
Далёка не ў ідэальным стане знаходзяцца некаторыя з размешчаных на тэрыторыі могілак (пра гэта “ЛВ” згадваў у № 83 за 28 кастрычніка). Адзін з судакладчыкаў адзначыў, што ўпарадкаванне могілак павінна адбывацца не рэйдава, а на пастаяннай аснове. Як любыя іншыя работы па навядзенні парадку.
Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Баргамон заўважыў: у плане добраўпарадкавання населеных пунктаў Жарабковіцкі сельсавет выглядае далёка не лепш. За выключэннем “сталіцы” раённых “Дажынак”, многія вёскі “просяць” добраўпарадкавання. Асабліва гучна – Сваятычы.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *