У салдаты

Чарговая прызыўная кампанія ўступіла ў сваю завяршальную стадыю. Навабранцы прайшлі ўрачэбную камісію. Як падкрэсліла вядучы спецыяліст групы прызыву ваеннага камісарыята горада Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Марына Кузьміч, большасць цяперашніх прызыўнікоў па стане здароўя адпавядае высокай ступені годнасці, чаго ў ляхавіцкіх юнакоў не было падчас папярэдніх прызываў.
Пропуск у армейскае жыццё на руках у 56 нашых землякоў, 4 з іх будуць праходзіць службу ў рэзерве. Геаграфія прызыву не вельмі шырокая: Мінск, Брэст, Баранавічы, Пінск, Слонім. Нашым землякам давядзецца служыць у дэсантных войсках, артылерыі, авіяцыі, сувязі, унутраных і пагранічных войсках.
Яшчэ некалькі дзён, і восеньскія прызыўнікі ўбачаць усхваляваныя твары родных, пачуюць падбадзёрваючыя словы сяброў і пажаданні стойкасці ў нялёгкіх армейскіх буднях.
Першапраходцамі асенняга прызыву стануць будучыя спецназаўцы і дэсантнікі, якія 16 лістапада адправяцца ў свае часці ў Мінск і Брэст.
Нагадаем, што за ўхіленне ад прызыву беларускае заканадаўства прадугледжвае штраф ці арышт на тэрмін да 6 месяцаў, абмежаванне волі на тэрмін да 2 гадоў ці пазбаўленне волі на той жа тэрмін. Калі прызыўнік наўмысна нанёс сабе цялеснае пашкоджанне ці сімулюе хваробу, ухіляецца ад прызыву пры дапамозе фальшывых дакументаў, яму пагражае абмежаванне ці пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў. Сёлета 2 ляхавічаніна асуджаны за ўхіленне ад службы ў арміі і падробку дакументаў.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *