Пра ініцыятыўную актыўнасць і актыўную прадпрымальнасць

Красамоўная на тэму стваральнага развіцця акалічнасць: сход актыву раёна, які падсумоўваў зробленае за 2006-2010 гады і ставіў задачы на 2011-2015 гады, праходзіў у гарадскім Доме культуры, што два месяцы таму гасцінна расчыніў дзверы пасля рэканструкцыі і капітальнага рамонту, выкананых за сродкі дзяржаўнага бюджэту. І гэты факт, і мноства іншых станоўчых прыкладаў сацыяльна-эканамічных здабыткаў і дасягненняў раёна адзначыў у сваім дакладзе старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук.
Сумленная праца нашых землякоў зрабіла рэальнасцю шмат добрых перамен. На карце Ляхавіччыны з’явіліся 11 аграгарадкоў, пабудаваны і працягваюць будавацца жыллёва-будаўнічыя кааператывы, штогод спраўляюцца наваселлі, мадэрнізуюцца вытворчасць, растуць яе маштабы, прыгажэюць населеныя пункты. Напрыклад, комплексна добраўпарадкуецца мікрараён вуліц Южакова, Будаўнікоў, Кальцавой, завулка Фестывальнага. Новы мікрараён з’явіўся на вуліцы Інтэрнацыянальнай. У СВК «Ляхавіцкі» і «Шлях новы» пабудаваны сучасныя малочнатаварныя фермы, у вёсцы Востраў уведзены ў строй дзеючых комплекс «БелДан», новыя цэхі з’явіліся на малочным і кансервавым заводах… Усё гэта — старонкі жыццясцвярджальнага сюжэта, у аснове якога — клопат пра павышэнне ўзроўню і якасці жыцця народа. «Патэнцыял чалавека — гэта патэнцыял дзяржавы, чым больш багаты чалавек, тым больш багаты наш раён, а, адпаведна, і краіна», — падкрэсліў Дзмітрый Бурдук.
Аднак, не толькі і не столькі на станоўчым засяродзіў увагу кіраўнік раёна. Ён усебакова і глыбока прааналізаваў дасягнутае, зрабіў аб’ектыўную ацэнку ўзроўню вытворчага, эканамічнага, сацыяльнага развіцця рэгіёна, назваў канкрэтныя адрасы, дзе патэнцыял выкарыстаны не ў поўнай меры, дзе ёсць магчымасць хуткага і якаснага росту. Старшыня райвыканкама перакананы: ва многім вынік справы залежыць ад яе арганізацыі, што, у сваю чаргу, непарыўна звязана з адказнасцю, сумленнасцю, зрэшты, талентам кіраўнікоў, іх здольнасцю мабілізаваць людзей на выкананне пастаўленых задач. А яны ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі раёна маштабныя і складаныя.
Дзмітрый Бурдук адзначыў, што ў прамысловасці раёна ствараецца каля 40 працэнтаў валавога прадукту. Летась прадпрыемствамі галіны выраблена прадукцыі на 89,2 млрд. руб. Лічба ўнушальная. Прагнозны паказчык росту вытворчасці за пяцігодку павінен быў дасягнуць 150,7 працэнта. Фактычна вытворчасць прадукцыі ў 2010 годзе ў параўнанні з пачаткам пяцігодкі склала 123,4 працэнта. За гэтай лічбай хаваецца нявыкарыстаны патэнцыял канкрэтных калектываў. За мінулы год, напрыклад, гаспадаркі раёна недапаставілі на малочны завод 5,5 тыс. тон малака. З-за недахопу сыравіны прадпрыемства проста не ў сілах было выканаць прагнозныя паказчыкі па росту вытворчасці прамысловай прадукцыі. Хаця, як адзначыў кіраўнік раёна, нягледзячы на недахоп сыравіны, на заводзе праводзіцца мэтанакіраваная работа па павелічэнні вытворчасці прадукцыі за кошт больш глыбокай перапрацоўкі, выпуску высокаканкурэнтаздольнага асартыменту. Пры гэтым, больш усіх недапаставіўшыя малако СВК «Востраў-Агра», «Шлях новы», ДП «Нача», адпаведна, недаатрымалі грашовую выручку. «Нача», напрыклад, — 703 млн. руб. (за кошт яе можна было амаль у паўтара раза павялічыць зарплату працаўнікам).
Дзмітрый Бурдук прааналізаваў прычыны невыканання на 0,7 працэнта прагнознага паказчыка прамысловай прадукцыі за мінулы год на ТБЗ «Ляхавіцкі». Старшыня райвыканкама станоўча ацаніў работу кансервавага завода, ільнозавода, кааппрама, якія забяспечылі запланаваны прырост аб’ёмаў вытворчасці ў мінулым годзе і за пяцігодку ў цэлым.
«Нам ёсць што прапанаваць замежнаму спажыўцу», – канстатаваў кіраўнік раёна, гаворачы пра развіццё экспарту. Аб’ём экспарту тавараў і паслуг летась па раёне склаў 20,3 млн. долараў ЗША. Забяспечаны тэмп росту ў размеры 166,3 працэнта пры заданні 130-131, а за пяцігодку, адпаведна, 277 і 219,8 працэнтаў. Дарэчы, асноўныя пастаўшчыкі прадукцыі на экспарт у раёне – малочны завод (52,7%) і «БелДан» (30%). Сальда знешняга гандлю па выніках года станоўчае – 11 млн. долараў ЗША пры заданні 3 млн. Знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг раён ажыццяўляў па дагаворах з прадпрыемствамі 20 краін свету.
Прагноз па росту інвестыцый за пяцігодку выкананы на 367 працэнтаў пры запланаваных 296 працэнтаў.
А вось у будаўнічай галіне прагнозны паказчык па ўводу ў эксплуатацыю жылля за кошт усіх крыніц фінансавання не выкананы. Пабудаваныя 53,6 тыс. кв. м не дацягнулі да задання, якое складала 55,9 тыс. Галоўная прычына – не ўведзены ў эксплуатацыю ЖБК-14 (падрадчык ПМК-17).
Кіраўнік раёна засяродзіў увагу таксама на прычынах недавыканання за пяцігодку задання па росту рознічнага тавараабароту райпо, нявыкарыстаным патэнцыяле росту платных паслуг, удасканаленні сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва.
У дакладзе былі падведзены вынікі сельскагаспадарчай вы-творчасці і вызначаны перспектывы яе далейшага развіцця. За мінулую пяцігодку забяспечаны тэмп росту валавой прадукцыі галіны, у сельгасарганізацыях раёна ён адпавядае 165,9 працэнта – перавышае заданне на 10 працэнтаў. Разам з тым, з 9-ці прагнозных паказчыкаў па вытворчасці асноўных відаў прадукцыі выкананы 3: вытворчасць цукровых буракоў, малака, агародніны.
Дзмітрый Бурдук адзначыў, што невыкананне задання абумоўлена не толькі неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я, але і, часам, няўмела арганізаванай работай у некаторых сельгаспрадпрыемствах. У выніку – сельская гаспадарка раёна па выніках апошняй пяцігодкі недаатрымала ў супастаўных цэнах прадукцыі на суму каля 26 млрд. руб., што раўняецца гадавому фонду аплаты працы работнікаў сельгаспрадпрыемстваў раёна. Пры гэтым галіна заўсёды адчувала і адчувае дзяржаўную падтрымку. Напрыклад, на яе развіццё толькі са сродкаў раённага бюджэту летась выдаткавана 1098,6 млн. руб. на набыццё тэхнікі па лізінгу, гаруча-змазачных матэрыялаў, запчастак, аплату рамонту, пагашэнне бюджэтных пазык.
Тэмп росту валавой прадукцыі ў сельгаспрадпрыемствах раёна ў мінулым годзе склаў 113,4 працэнта пры прагнозе 111-111,5 працэнта. Станоўчы ўплыў на гэта зроблены ЗТАА «БелДан». Між іншым, ні адна з гаспадарак не выканала даведзенага задання па тэмпах росту валавой прадукцыі і толькі шэсць перасягнулі стопрацэнтны ўзровень адносна 2009 года: аграрны каледж, ЗАТ «Белпрампрыбор», СВК «Ліпнянка», ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», СВК «Шлях новы» і «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік».
На аднаго сярэднегадавога працаўніка ў сельскай гаспадарцы за год выпушчана валавой прадукцыі на 39,6 млн. руб. Вышэйшы гэты паказчык у «Белпрампрыборы» – 60 млн. руб., райаграсэрвісе – 47,4 млн. руб., СВК «Дарава» — 46,2 млн. руб., СВК «Шлях новы» – 43 млн. руб. Нізкім застаецца ўзровень вытворчасці валавой прадукцыі ў СВК «Востраў-Агра», «Канюхі», «Тальмінавічы».
Як вынік, адзначыў кіраўнік раёна, – невыкананне сельгасарганізацыямі даведзенага задання па росту сярэднямесячнай зарплаты, якая за 2010 год у іх склала 766,6 тыс. руб. – 88,2 працэнта да задання.
Разам з тым, па папярэдніх разліках, апошні год чакаецца без стратных сельгаспрадпрыемстваў. Выручка ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі ў 2010 годзе дасягнула 95,5 млрд. руб., рост у параўнанні з пазалеташнім – 20,5 працэнта. Рэнтабельнасць ад рэалізацыі тавараў, прадукцыі, работ і паслуг у галіне дасягнула 2,8 працэнта, што на 5,3 пункта вышэй узроўню мінулага года. Па папярэдніх разліках, у 2010 годзе атрымана 14,2 млрд. рублёў чыстага прыбытку. Самы высокі ўзровень рэнтабельнасці ў СВК «Ляхавіцкі» (30,8%), «Дарава» (26,8%), «Жарабковічы» (24%).
Кіраўнік раёна гаварыў пра кадравы патэнцыял сельскай гаспадаркі, пра тое, што лагічным працягам дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады стане дзяржаўная праграма ўмацавання аграрнай эканомікі і развіцця сельскіх тэрыторый на 2011-2015 гады. Яе задачы, па сутнасці, застаюцца ранейшымі – павышэнне эфектыўнасці вытворчасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі. Як неаднаразова падкрэсліваў у сваіх выступленнях Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, сельскагаспадарчая галіна павінна перайсці ад датацыйнай вытворчасці да рэнтабельнага аграбізнэсу, павышаючы аддачу ад кожнага ўкладзенага рубля. Будзе працягвацца работа па развіцці ў вёсцы жыллёвага будаўніцтва, удасканаленні інфраструктуры сельскай мясцовасці.
Дзмітрый Бурдук падкрэсліў, што гэты год будзе напружаным для ўсіх галін аграпрамысловага комплексу. Раёну даведзена заданне па росту валавой прадукцыі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак і ў грамадскім сектары на 111 працэнтаў. Пры зніжэнні вытворчасці ў асабістых падсобных гаспадарках насельніцтва на 3,5 працэнта грамадскаму сектару для выканання задання неабходна павялічыць вытворчасць валавой прадукцыі на 13-14 працэнтаў. У раслінаводстве сёлета плануецца давесці валавы збор зерня да 80,3 тыс. тон – у 1,6 раза больш, чым летась, бульбы – 13,2 тыс. тон, цукровых буракоў – 88 тыс. тон, ільновалакна – 1860 тон. Будзе развівацца жывёлагадоўля, павялічвацца колькасць БРЖ, валавая вытворчасць малака складзе 56 тыс. тон, надой на карову – 5690 кілаграмаў, рэалізацыя жывёлы і птушкі ўзрасце да 9 тыс. тон. Сёлета ў сельскай мясцовасці будзе пабудавана 35 жылых дамоў, уведзены ў эксплуатацыю два зернеачышчальна-сушыльныя комплексы – у СВК «Ліпнянка» і «Тальмінавічы». Гаспадаркі раёна ўключаны на 2011 год у праграму бульбаводства. На добраўпарадкаванне тэрыторый машынных двароў, зернетакоў, жывёлагадоўчых комплексаў і ферм, пад’язных шляхоў да іх з рэспубліканскага бюджэту выдаткавана 1418,3 млн. руб. Плануецца сёлета рэканструкцыя меліярацыйных сістэм у вёсках Свяціца (194 га) і Гарбачы (150 га), будаўніцтва трох новых ферм.
Старшыня райвыканкама падрабязна спыніўся на выкананні прагнозных паказчыкаў, а таксама на перспектывах будаўнічай галіны раёна, мерапрыемствах па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі. У 2011 годзе ў раёне плануецца пабудаваць з улікам карэкціроўкі 20 тысяч кв. м жылля, а з 2012 па 2015 гады запланаваны ўвод 83 тыс. кв. м. Вялікія планы развіцця аб’ектаў інжынерна-транспартнай інфраструктуры Ляхавіч, па якіх ужо выраблена праектна-каштарысная дакументацыя і пачатак будаўніча-мантажных работ за-планаваны на гэты год. Маюцца на ўвазе, капітальны рамонт жалезабетоннага маста праз раку Ведзьма, рэканструкцыя вуліц Цітовіча і Куйбышава ў райцэнтры, праект квартала індывідуальнай забудовы «Патапавіцкі» ў Ляхавічах, інжынерна-транспартная інфраструктура мікрараёна па вул. Юбілейнай (дакументацыя прадугледжвае будаўніцтва сетак водаправода і каналізацыі, цвёрдае пакрыццё вуліц Палявая, Русінавіцкая, Цвяточная, завулкаў Тэхнікумаўскі, Гаражны, Шашэйны, Яблыневы). Ідзе распрацоўка праектнай дакументацыі на добраўпарадкаванне шэрагу іншых вуліц райцэнтра, на будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады ў Ляхавічах, а таксама плавальнага басейна. Збіраюцца зыходныя даныя для праектавання будынка новай паліклінікі.
Дзмітрый Бурдук засяродзіў увагу на развіцці сацыяльнай сферы раёна, якой удзялялася, удзяляецца і будзе ўдзяляцца асаблівая ўвага. Гаварыў пра дэмаграфію, клопат пра здароўе насельніцтва, пра развіццё і праблемы аховы здароўя, асабліва адзначыўшы праблемныя моманты і, у першую чаргу, дэфіцыт урачэбных кадраў. Кіраўнік раёна паставіў задачы таксама перад аддзелам фізічнай культуры і спорту па прыцягненні насельніцтва да здаровага ладу жыцця, гаварыў пра станоўчыя вынікі, спартыўныя дасягненні нашых землякоў і патэнцыял у гэтым накірунку, які неабходна выкарыстаць.
Старшыня райвыканкама спыніўся на задачах, якія пастаўлены перад установамі адукацыі, адзначыў паспяховае завяршэнне рэфармавання школы, рэалізацыю дзяржаўнай праграмы комплекснай інфарматызацыі сістэмы адукацыі, здабыткі ў рабоце з адоранымі вучнямі. Спыніўся і на шэрагу праблемных пытанняў, адзначыўшы, што агульнаадукацыйныя ўстановы не ў поўнай меры забяспечаны сучаснымі сродкамі навучання, лабараторным абсталяваннем, патрабуе замены школьная мэбля.
Асобна закрануў рэалізацыю Дэкрэта № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем’ях». Дарэчы, у раёне маецца 3 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, на будаўніцтва якіх было накіравана больш за 1 млрд. руб. з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў, набыта абсталяванне і інвентар на суму больш як 65 млн. руб. за кошт сродкаў раённага бюджэту.
Дзмітрый Бурдук спыніўся таксама на развіцці ўстаноў аддзела культуры, на рэарганізацыі і аптымізацыі сеткі яе ўстаноў, на пытанні работы з моладдзю. Ён выказаў упэўненасць, што раён будзе развівацца, што пастаўленыя перад працоўнымі калектывамі задачы будуць паспяхова выконвацца. Падкрэсліў, што поспехі ў эканоміцы і сацыяльнай сферы павышаюць узровень жыцця і дабрабыт людзей. Год прадпрымальнасці патрабуе ініцыятыўнай актыўнасці, творчай думкі, выніковых дзеянняў.
Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *