З Верай па жыцці
Мусіць, у ёй спалучаюцца самыя важныя і неабходныя для медработніка рысы: уважлівасць, чуласць, уменне супакоіць і, самае галоўнае, прафесійна дапамагчы пацыенту. У аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі цэнтральнай раённай бальніцы Вера Крываруцкая каля 20 гадоў. У старшай медсястры клопатаў хапае: кантроль за работай калег і санітарна-супрацьэпідэміялагічным станам, удзел у аперацыях, забеспячэнне аддзялення медыцынскімі расходнымі матэрыяламі і г.д. Без мітусні, але дакладна і поўна яна спраўляецца з усім гэтым.
Вера Мікалаеўна прафесію выбрала па падказцы сэрца. Не памылілася і ні разу не пашкадавала пра свой выбар, як і пра тое, што пасля двух гадоў працы ў сталіцы прыехала ў Ляхавічы. Яе стаж у медыцыне – 31 год без уліку вучобы ў мінскім медвучылішчы. І без уліку таго, што да паступлення пастаянна чула расказы мамы – санітаркі аперацыйнага блоку – пра самую лепшую і цікавую ў свеце работу людзей у белых халатах.
Галоўная медсястра бальніцы Ала Туркіна ў ацэнцы калегі не вагаецца:
–Выдатны спецыяліст з вышэйшай катэгорыяй, член савета медсясцёр, вельмі адказны і сумленны чалавек, Вера Мікалаеўна з тых, чый аўтарытэт заслужаны і стаўленнем да справы, і адносінамі да калег і пацыентаў.
…Яна з радасцю і жаданнем ідзе на работу – на любімую работу. І з не меншымі радасцю і жаданнем спяшаецца дадому – у любімую сям’ю. Муж з разуменнем адносіцца да яе працы і ва ўсім падтрымлівае, яна адказвае гэтым жа. Абодва сыны не проста любяць бацькоў, а вельмі паважаюць іх, і ёсць за што.
Як жа важна не толькі спадзявацца на лепшае, а падмацоўваць гэтыя спадзяванні важкімі справамі. З верай па жыцці – аптымістычна, з Верай – цудоўна, калі гэта Вера Мікалаеўна Крываруцкая.
Вольга СВЯТЛОВА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

