Прафесія – любіць зямлю

Каляндарны год яшчэ не закончаны, а год хлебаробаў, аграномаў, механізатараў завяршаецца. І як бы не наракалі аграрыі на засушлівае надвор’е, валавы намалот зерневых і зернебабовых сёлета прырос на 6,6 тысячы тон і дасягнуў амаль 87 тысяч пры сярэдняй ураджайнасці ў бункернай вазе 54,3 цэнтнера з гектара.
Дзякуючы старанням аграрыяў, наш раён у абласным спаборніцтве заняў першае месца па вытворчасці піваварнага ячменю і трэцяе – па вытворчасці зерневых і зернебабовых. А СВК “Шлях новы” – лідар сярод гаспадарак Брэстчыны ў вырошчванні піваварнага ячменю.
Парадавала сёлета бульба, кожны гектар якой “пацяжэў” на 10 цэнтнераў у параўнанні з леташняй ураджайнасцю. Асноўная вытворчасць другога хлеба сканцэнтравана ў СВК “Ляхавіцкі”, “Жарабковічы” і райаграсэрвісе. У першых дзвюх гаспадарках створана база для захоўвання клубняў у міжсезонне. Валавы збор бульбы сёлета – 12,5 тысячы тон. Як заўсёды, самы важкі бульбяны гектар у СВК “Ляхавіцкі” – 336 цэнтнерамі вымяраецца яго прадукцыйнасць, што і прывяло гаспадарку на другое месца ў абласным спаборніцтве.
Cамай высокай ураджайнасцю цукровых буракоў вызначыліся палеткі СВК “Жарабковічы” – больш як 440 цэнтнераў з гектара.
На нарыхтоўцы кармоў з траў, канешне, не маглі не адбіцца ўмовы надвор’я. 18,7 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы – паказчык па стане на 1 лістапада. Чатыры сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна маюць комплекс машын для нарыхтоўкі сенажу ў рулоны. Сёлета такім метадам назапашана 16,5 тысячы тон вітаміннага корму. Лепшым у раённым спаборніцтве па вытворчасці кармоў прызнаны СВК “Ляхавіцкі”. Пры вызначэнні пераможцаў улічвалася не толькі колькасць і якасць нарыхтаванага, але і шчыльнасць жывёлы на 100 гектараў сельгасугоддзяў і станоўчая дынаміка нарыхтоўкі да ўзроўню трох папярэдніх гадоў. А трактарыст-машыніст СВК “Шлях новы” Уладзімір Мацюшка вызначыўся ў абласным спаборніцтве як адзін з лепшых на перавозцы травяных кармоў.
Па стане на 1 лістапада ў сельгасарганізацыях раёна налічвалася 30,3 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы (10,8 тысячы кароў) і 33,5 тысячы свіней. Вытворчасць малака да леташняга ўзроўню вырасла на 2167 тон, надой ад каровы – на 193 кілаграмы і дасягнуў 4093 кілаграмы. Аб’ём рэалізацыі малака павялічыўся на 7,8 працэнта. Для выхаду на яшчэ больш высокія паказчыкі ў жывёлагадоўлі недастаткова толькі рэканструкцыі ферм – неабходна кардынальна перабудаваць тэхналогію на ўсіх участках вытворчасці.
Дарэчы, у дзевяці сельгасарганізацыях раёна працуюць 2341 чалавек. Найбольш запатрабаваныя прафесіі – жывёлаводы, аператары машыннага даення, трактарысты-машыністы, вадзіцелі. Гаспадаркі адчуваюць недахоп у спецыялістах заатэхнічнага і ветэрынарнага профілю, хаця штогод у раён размяркоўваюцца каля 25 дыпламаваных выпускнікоў сельгасустаноў розных спецыяльнасцяў. Для аграрыяў сёлета пабудаваны 7 кватэр. Сярэднямесячная зарплата склала 4921 тысячу рублёў.
Вытворчасцю прадукцыі раслінаводства займаюцца і 17 фермерскіх гаспадарак. Найбольш важкія вынікі ў “Даманскім”, “Уладзімір плюс”, “Улазавічы”, “Вялікім Падлессі-Агра”, “ЖарСк”.
Перапрацоўчая прамысловасць раёна прадстаўлена трыма прадпрыемствамі. СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” вядомы сваёй прадукцыяй не толькі ў вобласці і рэспубліцы, але і далёка за межамі Беларусі. Моцнае сучаснае мадэрнізаванае прадпрыемства аказвае раёну падтрымку па многіх напрамках, і, дзякуючы яго эфектыўнай рабоце, умацоўваецца фінансавы і эканамічны стан Ляхавіччыны, павышаецца экспартны патэнцыял, сельгаспрадпрыемствы своечасова выплачваюць зарплату, арганізацыям аказваецца спонсарская дапамога.
На ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” пасля нядаўняй мадэрнізацыі працуе новая высокапрадукцыйная лінія па выпуску льновалакна. Для забеспячэння яе работы на поўную магутнасць асаблівая ўвага – пытанню вырошчвання льну. Сёлета ў раёне атрымана 8171 тона льнотрасты, у пераразліку на льновалакно – 2743 тоны пры сярэднім нумары 1, 43.
Рытмічна і, што важна, не на склад працуе мясцовае ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод».
Чысты прыбытак сельгасарганізацый ад рэалізацыі прадукцыі склаў 12,4 мільярда рублёў, узровень рэнтабельнасці – 3,4 працэнта.
Гаворачы аб выніках і задачах, нельга забываць, што за кожнай лічбай статыстыкі, вытворчым паказчыкам – праца людзей. Гэта іх намаганнямі забяспечваецца харчовая бяспека краіны, гэта яны ў любое надвор’е сумленна робяць сваю спрадвечную справу. Хвала рукам, што пахнуць хлебам, паклон цярплівым, умелым, адданым, мудрым працаўнікам палёў і ферм, іх партнёрам-перапрацоўшчыкам.
Са святам!
Ірына СТРАМАВУС,
намеснік начальніка райсельгасхарчу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *