Свабодныя ад курэння

І ўсё ж як многа людзей з цыгарэтай – на вуліцах, прыпынках, у пад’ездах. Пры тым, што з 2011 па 2015 гады ў Брэсцкай вобласці ажыццяўляецца комплекс мерапрыемстваў па барацьбе супраць курэння.

На Ляхавіччыне зонамі, свабоднымі ад курэння, аб’яўлены 2 паркі (па вуліцы Дзесюкевіча і каля плошчы Перамогі), сквер з фантанам, 11 прыпынкаў грамадскага транспарту і 3 зоны адпачынку на вадаёмах (на рацэ Ведзьма ў райцэнтры, на рацэ Шчара ў аграгарадку Дарава і ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Чайка”).

Мяркую, што гэта інфармацыя не заўсёды даведзена да насельніцтва. Ва ўсякім разе гэтыя зоны ў нашым горадзе не па-значаны. Рэдакцыя такіх шыльдаў-перасцярог не знайшла. Людзі, з якімі давялося размаўляць на гэтую тэму, ці не чулі пра такія, а хто чуў – дзе яны знаходзяцца, не ведаюць. Кампетэнтным службам варта прабел ліквідаваць.

Дарэчы, на Брэстчыне налічваецца больш за 8 тысяч аб’ектаў, на якіх курыць забаронена ў заканадаўчым парадку (за выключэннем месцаў, спецыяльна прызначаных для такіх мэт). У пералік увайшлі ўстановы аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту, аб’екты гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва, грамадскага харчавання, вакзалы. Наш раён – не выключэнне.

Як паведамілі ў РАУС, сёлета фактаў парушэння забароны курэння не выяўлена… Мусіць, проста яны засталіся па-за ўвагай мясцовых міліцыянераў? А вось у вобласці такіх – больш за 9 тысяч. Супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі з пачатку года склалі

7 пратаколаў за парушэнне санітарных правілаў – курэнне на тэрыторыі аб’ектаў сацыяльнай сферы: школ, дзіцячых садкоў, магазінаў, бальніц. Сума аднаго штрафу ў сярэднім – 5 базавых велічынь (дарэчы, максімальная сума – да 30 БВ). Курыць – сабе даражэй, і ў плане здароўя, і ў матэрыяльным.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *