Лячэнне плюс прафілактыка. За дзень у аддзяленні ў сярэднім праходзяць працэдуры больш за паўтысячы чалавек

Загадчыца аддзялення Наталля Гарбачова і старшая медсястра дэманструюць лазерны апарат.

Фізіятэрапеўтычнае аддзяленне вельмі запатрабаванае і сярод пацыентаў райбальніцы, і сярод амбулаторных хворых. Працэдуры, якія можна атрымаць тут, добрая падтрымка асноўнаму лячэнню, а яшчэ – выдатная прафілактыка.

– Фізіятэрапія – адзін са старэйшых   лячэбных і прафілактычных накірункаў медыцыны. Прымяняецца як самастойна, так і ў спалучэнні з іншымі спосабамі лячэння, – расказвае загадчыца аддзялення Наталля Гарбачова.

Кожны, перш чым атрымліваць працэдуры, абавязкова прыходзіць на прыём да Наталлі Станіславаўны. Вывучыўшы гісторыю хваробы, вопытны фізіятэрапеўт – загадчыца аддзялення (на гэтай пасадзе яна больш за 15 гадоў) прызначае адпаведныя працэдуры, іх колькасць, працягласць і чарговасць:

–Эфектыўныя працэдуры змяншаюць працягласць лячэння і магчымае неспрыяльнае ўздзеянне медыкаментаў.    За адзін дзень у аддзяленні ў сярэднім праходзяць працэдуры 560 чалавек, амаль палова з іх атрымлівае электрасвятлолячэнне.

Купіраванне самых разнастайных болевых сіндромаў, гіпа- ці гіпертаніі, неўрозаў, паскарэнне зажыўлення ран, знешніх і ўнутраных язваў, аднаўленне апорна-рухальнага апарату пасля траўмаў – далёка не поўны пералік таго, што дае фізіятэрапія.

Побач з традыцыйнымі электрафарэзам, дарсанвалізацыяй, УВЧ-тэрапіяй, магніта- і ультрагукавой тэрапіяй, святло- і парафіналячэннем, масажамі, якія даўно паспяхова зарэкамендавалі сябе – навінкі, што адразу прыйшліся даспадобы пацыентам. У тым ліку з-за высокай эфектыўнасці ўздзеяння, амаль што адсутнасці пабочных эфектаў і нязначнымі супрацьпаказаннямі. У  першую чаргу – лазератэрапія, эфектыўнасць якой Наталля Гарбачова падкрэслівае асабліва. Напрыклад, надвеннае лазернае выпраменьванне – сапраўдная палачка-выручалачка для людзей з аслабленым імунітэтам, тых, хто перанёс інфаркт міякарда, мае парушэнні сардэчнага рытму, з дыягназам – стэнакардыя; незаменная рэч і для амаладжэння арганізму. Інгаляцыі з інтэрферонам таксама ўмацоўваюць імунітэт.

Яшчэ адзін запатрабаваны від пра-цэдур – водалячэнне. Вада – крыніца жыцця, прымяняюць яе і для аздараўлення арганізма. Асаблівае месца ў “мокрым” лячэнні адводзіцца падводнаму душу-масажу, які выклікае расслабленне мышцаў, змяншае боль. Да таго ж паляпшаецца састаў крыві і лімфазварот, стымулюецца абмен рэчываў – усё гэта садзейнічае больш хуткаму змяншэнню запаленчых працэсаў. Высокаэфектыўныя таксама душ Шарко, цыркулярны душ, розныя віды ваннаў.

Увогуле аддзяленне нядрэнна аснашчана неабходным абсталяваннем, хаця некаторае і патрабуе замены. Мара Наталлі Гарбачовай – сучасны медыцынскі прыбор “ортаскоп” для комплекснай магнітатэрапіі, які вельмі эфектыўны ў лячэнні захворванняў апорна-рухальнага апарату.

Змяншэнне ці павелічэнне нагрузкі можа прывесці да неспрыяльных наступстваў, таму вельмі важны прафесіяналізм медыкаў, уменне знайсці кантакт з пацыентам. Малых забаўляюць цацкамі, для дарослых знаходзяць словы, што супакояць і падбадзёраць, расказваюць пра ўплыў на арганізм працэдур. Падчас кожнай сочаць за станам пацыента, цікавяцца, наколькі камфортна ён сябе адчувае, рэгулююць нагрузку.

У аддзяленні працуюць  12 медыцынскіх сясцёр, 4 масажысты, 2 інструктары лячэбнай фізкультуры, 7 работнікаў малодшага медперсаналу. Многія – больш за дзесяцігоддзе. У старшай медсястры Алены Прыгуновай, медсясцёр Ганны Масель, Наталлі Ракашэвіч, Ірыны Пілінога, Наталлі Байчык – медыцынскі стаж у фізіятэрапіі ўвогуле ад 15 да 20 гадоў.

Вопытная і каманда масажыстаў. Іх рукі сапраўды залатыя. Гэта – і пра вопытных, з 20-гадовым стажам, Ігара Піскуна і Вольгу Войцік, стараюцца не адставаць ад іх Ігар Варанкоў і Марына Шпак.

З кожным годам павялічваецца колькасць жадаючых атрымаць працэдуры на платнай аснове: у 2012 годзе такіх было 145 чалавек, сёлета за 11 месяцаў – 210. Кошт паслуг у разы таннейшы, чым у санаторыях і прафілакторыях. Зручны для пацыентаў і графік работы аддзялення.

Жадаеце паправіць здароўе, умацаваць імунітэт, амаладзіцца? Не мінайце аддзяленне фізіятэрапіі. Тутэйшыя работнікі паклапоцяцца, каб працэдуры прынеслі не толькі здароўе, карысць, задавальненне, але і  добры настрой.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

У фізіятэрапеўтычным аддзяленні Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы на платнай аснове можна атрымаць наступныя працэдуры:
душ Шарко – 13800 руб.;
падводны душ-масаж – 27500 руб.;
узыходзячы душ – 6900 руб.;
цыркулярны душ – 6900 руб.;
лазератэрапія – 6900 руб.;
інгаляцыі лекавыя – 6900 руб.;
масаж – ад 9100 да 22700 руб. (у залежнасці ад зоны масажу);
электрасонтэрапія – 20600 руб.;
дарсанвалізацыя –13800 руб.;
кансультацыя ўрача-фізіятэрапеўта   – 62000 руб.
У эпідсезон пад’ёму захворвання грыпам і вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі  асабліва актуальныя інгаляцыі з інтэрферонам, амбраксолам, АЦЦ як з лячэбнай, так і прафілактычнай  мэтай. Таксама ў гэтых выпадках пажадана скарыстацца лячэннем чырвоным святлом лазера.
У кабінетах электрасвятлолячэння, лазернай тэрапіі, інгаляторыі, водалячэбніцы працэдуры праводзяцца ў будныя дні з 8 да 20 гадзін, у суботу – з 8 да 16 гадзін.
Адміністрацыя ЦРБ.

Усё пра перавагі фізіятэрапіі ведаюць медсёстры Наталля Ракашэвіч, Марына Баўтрукевіч, Аксана Грышчык.

Больш за 10 гадоў працуюць медсёстрамі ў аддзяленні Ларыса Русіна і Наталля Байчык.

Ванну для чарговага пацыента рыхтуюць малодшыя медыцынскія работнікі Галіна Саўко і Марыя Пальчык.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *