Ляхавічы, вуліца імя…

Наш гарадок расце. З’яўляюцца новыя мікрараёны шматпавярховак і асабістых катэджаў. Вельмі прыемная і аптымістычная з’ява — такая вось «будаўнічая» дэмаграфія. Дарэчы, у квартале індывідуальнай забудовы «Патапавіцкі» праектуецца дзевяць новых вуліц. Дзевяць вуліц будучых наваселляў, дзевяць вуліц прыгажосці і эстэтыкі, арыгінальнага дызайну. Але гэта з цягам часу. Пакуль жа справа тычыцца адвядзення ўчасткаў для будаўніцтва і іншых неабходных у такім выпадку працэдур.
Вуліцы пакуль у праекце, а назвы іх вось-вось з’явяцца. Хацелася б, і гэта справядліва, каб у іх увасобілася ўдзячная памяць сённяшніх ляхавічан пра людзей, якія пакінулі адметны след у гісторыі менавіта нашай зямлі — ляхавіцкай, брэсцкай, беларускай. Гэта справядліва і прыгожа, годна і патрыятычна называць вуліцы, плошчы, музеі імёнамі славутых землякоў. Сама гісторыя гаворыць імі…
Каардынацыйным саветам райвыканкама па ахове матэрыяльнай і духоўнай спадчыны вырашана, чыімі імёнамі будуць названы новыя вуліцы ў квартале індывідуальнай забудовы «Патапавіцкі».
Пройдзе не так шмат часу, і з’явіцца ў райцэнтры вуліца імя Пятра Клімука, вядомага на ўсёй планеце нашага земляка-касманаўта — ураджэнца Брэстчыны. Двойчы Герой Савецкага Саюза, кавалер шматлікіх ордэнаў, медалёў, уладальнік ганаровых дыпломаў, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР, ён тройчы пабываў у космасе. З 1991 года — кіраўнік Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. У Брэсце ўстаноўлены бронзавы бюст Пятра Клімука, на радзіме касманаўта, у Брэсцкім раёне, у Тамашоўскай СШ адкрыты музей касманаўтыкі.
Другой вуліцы мяркуецца даць імя Анатолія Вайцешыка. Шмат гадоў жыцця Анатолія Міхайлавіча звязана з Ляхавіцкім раёнам, і ўсе — з Брэстчынай. Аграном калгаса «Новае жыццё», старшыня «Шляху да камунізму», начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі Ляхавіцкага райвыканкама, старшыня выканкама Ляхавіцкага райсавета народных дэпутатаў, кіраўнік Ганцавіцкага і Івацэвіцкага райкамаў КПБ, першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, а пасля — народны дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Ён сумленна служыў народу і краіне, шмат зрабіў для росквіту нашага раёна.
У назве вуліцы будзе ўвекавечана імя цудоўнага чалавека, таленавітага кіраўніка раёна, пры якім маштабна будавалася, эканамічна ўмацоўвалася, развівалася Ляхавіччына, узводзіліся заводы, школы, бальніцы, дзіцячыя садкі, мехмайстэрні, фермы, жывёлагадоўчыя комплексы, жылыя дамы, клубы і дамы культуры. Сціпласць, добрасумленнасць, веданне справы, павага да людзей вызначалі Аляксандра Антонавіча Цупрыка ўсё жыццё. Гэта асаблівы талент, якім ён быў надзелены шчодра.
Імёны Герояў Сацыялістычнай Працы трактарыста калгаса «Кастрычнік», звеннявога бульбаводчага звяна Віктара Малышкі і звеннявой па вырошчванні льну і цукровых буракоў калгаса імя Ламаносава Вольгі Мацюшка добра вядомы нашым землякам. Яны дасягнулі працоўных рэкордаў, былі лепшымі. Толькі лепшым прысвойваецца званне Герояў Працы — і імёнамі герояў называюць вуліцы…
Ураджэнец вёскі Валасачы нашага раёна Уладзімір Малахвей армейскую службу праходзіў у Афганістане. 23 ліпеня 1982 года радавы Малахвей загінуў там пры выкананні баявога задання. Яму было ўсяго 19…
20-гадовым пры выкананні баявога задання загінуў у Афганістане і Святаслаў Мядзвецкі з вёскі Нізкі нашага раёна. Быў ён стралком-зенітчыкам, надзейны салдат, любячы сын, прыгожы юнак…
Пахаваны абодва нашы «афганцы» дома: адзін у вёсцы Дамашы, другі — у Тальмінавічах. За мужнасць і гераізм пасмяротна ўзнагароджаны медалямі «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа», а Уладзімір Малахвей — і ордэнам Чырвонай Зоркі.
Зусім у іншы час — у пачатку ХХ стагоддзя жыў беларускі паэт, пазней удзельнік камуністычнага падполля ў Заходняй Беларусі Янка Чабор. Сапраўднае імя яго — Іван Сцяпанавіч Патаповіч. Ён наш зямляк — нарадзіўся ў вёсцы Рачканы ў ліпені 1911 года. Закончыў Віленскую беларускую гімназію, вучыўся ў Віленскім універсітэце. З яго удзелам у 1933 годзе быў створаны літаратурны фронт сялянска-рабочых пісьменнікаў. Быў арыштаваны польскімі ўладамі і асуджаны да пяці гадоў турмы. Прымаў удзел у лёсавызначальных падзеях у верасні 1939-га. Памёр у 1943 годзе.
У многіх гарадах ёсць вуліцы, названыя ў гонар газет: у Мінску — імя газеты «Звязда», у Гомелі — імя газеты «Гомельская праўда». Чаму б і ў нашым райцэнтры ні з’явіцца вуліцы імя газеты «Ляхавіцкі веснік», якая ў 1943 годзе нарадзілася партызанскім падпольным «Совецкім патрыётам» і змагалася з фашысцкімі акупантамі, потым была «Будаўніком камунізму» і годна апраўдвала сваю адказную грамадска-палітычную місію. Сённяшні «Ляхавіцкі веснік» — адно з лепшых раённых выданняў краіны, двойчы лаўрэат Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая літара», неаднаразовы пераможца абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый раённых газет, дыпламант шматлікіх творчых конкурсаў. І, што самае галоўнае, любімае, запатрабаванае чытачом выданне.
…Каб любіць гісторыю, яе трэба ведаць. Назвы вуліц, па сутнасці, становяцца ўрокам гісторыі для нашых землякоў — сённяшніх і заўтрашніх.
Уладзімір КРУК, намеснік старшыні райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *