Асаблівасці зімовага адпачынку

Толькі зімовыя канікулы, пэўна,  могуць пахваліцца  такой колькасцю падарункаў і сюрпрызаў. Больш двух  тыдняў у распараджэнні хлопчыкаў і дзяўчынак, каб адпачыць і набрацца сіл перад трэцяй  чвэрцю.
Школы прапаноўваюць сваім падапечным разнастайныя формы адпачынку – ён  павінен быць карысным і максімальна бяспечным. Настаўнікі да дробязяў прадумалі арганізацыю  навагодніх ранішнікаў і дыскатэк, спаборніцтваў, паходаў і экскурсій, калектыўных творчых спраў.
Усё прадугледжана, каб кожны вучань мог знайсці сабе занятак па інтарэсе і ў адпаведнасці з узростам, расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Зубік. Акрамя гульнёва-забаўляльных праграм, віктарын і творчых майстэрняў, акцый і дэсантаў, у раскладзе і псіхалагічныя практыкумы, псіхакарэкцыйныя заняткі, майстар-класы. Кансультацыі і лекторыі для бацькоў правядуць псіхолагі і сацыяльныя педагогі.
Як заўсёды, зімовыя дні  насычаны паездкамі і экскурсіямі.  У  Мінск  адправяцца рабяты з некалькіх школ раёна: з СШ №1 – у тэатр,  Навасёлкаўскай СШ і Дараўскага дзіцячага сада-СШ – на навагодняе прадстаўленне ў Палац Рэспублікі, вучні Малагарадзішчанскага дзіцячага сада-СШ наведаюць дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Дараўскія школьнікі пабываюць у Баранавічах, а хлопчыкі і дзяўчынкі з Крывошынскай, Ліпскай і Тухавіцкай школ атрымаюць асалоду ад зімовага лесу, упрыгожаць там  елку агароднінай,  пакормяць птушак.
Асаблівае месца ў  карагодзе мерапрыемстваў адводзіцца спорту. Да паслуг жадаючых  паспаборнічаць, патрэніравацца – спартыўныя і трэнажорныя залы ўстаноў. Працуюць бібліятэкі  і кабінеты інфарматыкі. Для некаторых рабят канікулы не перашкода для заняткаў у гуртках. Хтосьці ў іх майструе, спявае, вывучае правілы дарожнага руху ці адточвае турыстычныя ўменні,  а нехта “лечыць”-падклейвае   кніжкі.
У СШ № 1  у снежні пабачыў свет першы выпуск школьнай газеты “Вместе”. У рэдкалегію  ўвайшлі вучні 7-9 класаў, дапамагаюць юнкарам   настаўнікі.  На канікулах яны ў творчых пошуках  ідэй і тэм  для   наступнага   нумара.
З 26 па 31 снежня 174 хлопчыкі і дзяўчынкі цікава правядуць  час у  аздараўленчых дзённых лагерах  на базе сямі школ: СШ № 1, гімназіі, Крывошынскай,  Ліпскай, Свяціцкай, Востраўскай, Тухавіцкай. Бацькоўская  даплата складае  ў залежнасці ад узросту 82000 рублёў і 104900 рублёў. Астатняе – дзяржаўныя датацыі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *