Запрашэнне ў казку. Акцыя «Нашы дзеці» крочыць па Ляхавіцкім раёне /фота/

Надвор’е быццам чакала моманту, каб нарэшце ўпрыгожыць дамы і вуліцы  снегам  і стварыць  святочны настрой.  Рабяты і нават дарослыя чакаюць цудаў. І яны абавязкова прыходзяць да тых, хто ў іх верыць. Акцыя “Нашы дзеці” ўпэўнена крочыць па краіне, спраўджвае жаданні хлопчыкаў і дзяўчынак, запальвае ўсмешкі і дорыць радасць. Мэта традыцыйнай акцыі – каб ні адно дзіця ў гэтыя казачныя дні не засталося без падарунка і ўвагі.

29 снежня 15 нашым юным землякам пашчасціла пабываць на абласной дабрачыннай ёлцы. Уражанні ад феерычнага музычнага дзейства, танцавальна-забаўляльнай праграмы самыя яркія.

У гэты ж дзень 100 хлопчыкаў і дзяўчынак з усяго раёна – пераможцаў конкурсаў і алімпіяд, спаборніцтваў, актыўных удзельнікаў школьнага жыцця, дзяцей з мнагадзетных, няпоўных і малазабяспечаных сем’яў, сірот – прыйшлі на раённую дабрачынную ёлку ў ГДК. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч шчыра вітаў рабят і іх бацькоў, жадаў ім у надыходзячым годзе здароўя, весялосці, радасці і, канешне, падарункаў. Дарэчы, усе ўдзельнікі свята атрымалі ад райвыканкама салодкія сюрпрызы-пачастункі.

Тэатралізаванае прадстаўленне “Кніга магіі, ці Тайны навагодняга чараўніцтва”, падрыхтаванае педагогамі ЦДАДіМ, захапіла дзяцей, падарыла незабыўныя імгненні і яркія ўражанні. Разам з казачнымі героямі яны дружна спявалі і танцавалі, гулялі, разбіваючы чараўніцтва Каралевы Марганы, што ператварыла Дзеда Мароза ў Марозіка, і збіралі слова “магія”.

А затым былі карагоды вакол прыгажуні-ёлкі і забаўляльная праграма ад культработнікаў ГДК.

Вясёлы і радасны настрой, Дзед Мароз і Снягурка, мора ўсмешак і падарункаў – нязменныя атрыбуты ранішнікаў, якія ладзяць для дзяцей сваіх работнікаў многія прадпрыемствы і арганізацыі раёна.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *