Якасць – сакрэт паспяховасці. На працягу двух апошніх дзесяцігоддзяў СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” упэўнена трымае марку аднаго з самых паспяховых перапрацоўчых прадпрыемстваў Брэстчыны і нават краіны /фота/

Наладчык абсталявання Міхаіл Гізун і машыніст расфасовачна-ўпаковачнай машыны Таццяна Ліпская.

На працягу двух апошніх дзесяцігоддзяў СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” упэўнена трымае марку аднаго з самых пас-пяховых перапрацоўчых прадпрыемстваў Брэстчыны і нават краіны. Статус аднаго з галоўных экспарцёраў раёна – таксама за ім. Для завадчан сталі звыклымі перамогі ў прэстыжных конкурсах, на выставах. Здаецца, зусім нядаўна “ЛВ” расказваў землякам пра паспяховы дэбют прадпрыемства ў конкурсе “Народная марка”, пераможцы якога вызначаюцца галасаваннем спажыўцоў праз СМІ. А літаральна днямі з дыпломамі вярнуліся з конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь-2015”, ініцыяванага Белдзяржстандартам, ляхавіцкія смятана і тварожны крэм. Паспяхова вытрымліваюць канкурэнцыю з вядомымі брэндамі ляхавіцкія кефір, малако, ёгурты, дэсерты, масла сметанковае і іншая прадукцыя. Пакупнікі даўно зрабілі выбар на карысць натуральных і смачных прадуктаў тутэйшых гандлёвых марак “Ляхавічок”, “Унучок Ляхавічок”, “Ляхавіцкае”.

Дырэктар завода Вячаслаў Жукоўскі.

Многія вытворцы аддаюць вялікія грошы на рэкламу сваёй прадукцыі. На Ляхавіцкім малочным прытрымліваюцца пазіцыі, што лепшая рэклама – якасць. І ўкладваюць сродкі ў развіццё вытворчасці, укараняюць сучасныя тэхналогіі, працуюць над пашырэннем асартыменту. –У аснове поспеху – рух наперад. А ён немагчымы без зацікаўленасці кожнага работніка ў выніках агульнай справы, без неабыякавасці, свядомай адказнасці, – упэўнены дырэктар прадпрыемства Вячаслаў Жукоўскі. – На кожным этапе выпуску прадукцыі, пачынаючы ад распрацоўкі рэцэптуры і да дастаўкі ў гандлёвыя кропкі, многае залежыць ад канкрэтнага чалавека на яго працоўным месцы. Наш калектыў – зладжаная каманда, якая дакладна і, галоўнае, вынікова вырашае пастаўленыя задачы. За 27 гадоў, што кіруе заводам, Вячаслаў Жукоўскі здолеў сабраць надзейную каманду аднадумцаў. Галоўны інжынер Аляксандр Клапаток, намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях Галіна Шастак, начальнік вытворчасці Людміла Скараход, начальнік вытворчай лабараторыі Алена Саладуха ў сваёй справе – асы, прафесіяналы, якіх пашукаць. Увогуле, на заводзе выпадковыя людзі не затрымліваюцца. Выдатныя ўмовы працы, яе дастойная аплата – адзін бок справы. Другі – напружаны рытм, жалезная дысцыпліна, вялікая асабістая адказнасць – бачны не ўсім, але ён неад’емны складальнік поспеху. На прадпрыемстве застаюцца працаваць толькі тыя, хто разумее гэта, жадае і можа падтрымаць дастойны ўзровень работы.

Любую абгрунтаваную ініцыятыву адміністрацыя завода прымае да ведама, пралічваецца яе эканамічны эфект. Калі відавочна, што задумка акупіцца ў бліжэйшы час, яна ўвасабляецца ў рэальнасць.

Сур’ёзная ўвага на прадпрыемстве надаецца прафесійнаму росту кадраў. Вучацца тут усе: і навічкі, і вопытныя спецыялісты. Літаральна днямі вярнулася з Расіі група спецыялістаў малочнага завода, якія вывучалі тонкасці выпуску знакамітага валагодскага масла. І гэта не проста цікавасць, а работа на перспектыву, прычым блізкую. Зараз распрацоўваецца праектная дакументацыя на будаўніцтва новага цэха па выпуску масла. Яно будзе весціся за ўласныя сродкі завода. Як, дарэчы, і ўся папярэдняя мадэрнізацыя, рэканструкцыя і будаўніцтва. Завяршаецца рэканструкцыя казеінавай лініі, рэканструююцца складскія і дапаможныя памяшканні. Летась быў сур’ёзна абноўлены сталярны ўчастак.

На сённяшні дзень прадпрыемства штодзённа ў сярэднім перапрацоўвае 135-140 тон малака, і гэта не мяжа. Справа за пастаўшчыкамі сыравіны.

Вячаслаў Жукоўскі адзначае, што апошнім часам 40-45 працэнтаў малака паступае на перапрацоўку з новых малочнатаварных фермаў СВК “Шлях новы”, “Ляхавіцкі”, “Жарабковічы”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” гатункам экстра. А якасная сыравіна, безумоўна, іграе не апошнюю ролю ў якасці гатовай прадукцыі.

Прыклад паспяховай канкурэнцыі – і фірменны гандаль прадпрыемства. Дзякуючы прафесіяналізму тутэйшых прадаўцоў, прадбачлівасці і рабоце на перспектыву спецыялістаў гандлёвага аддзела малочнага завода, фірменны магазін “Верас” стаў адной з самых папулярных у гараджан і гасцей горада гандлёвай кропкай.

Як расказала эканаміст гандлёвага аддзела Жанна Гаркавец, штодзённа ў сярэднім у магазіне робяць пакупкі паўтары тысячы чалавек. Што ж так прыцягвае сюды пакупнікоў?

–У тым ліку, канешне, якасць і ветлівасць абслугоўвання, шырокі асартымент. На сённяшні дзень у продажы каля 4 тысяч найменняў тавараў. Пастаянна вывучаем пакупніцкі попыт, каб задаволіць самыя разнастайныя густы і патрэбы. Часта праводзім акцыі – рэалізуем тавар па зніжаных цэнах, – расказвае галоўны спецыяліст па гандлі Тамара Гірыловіч.

Каб тавару хапала, спецыялісты не толькі ўмацоўваюць адносіны з пастаяннымі пастаўшчыкамі, але і знаходзяць новых. Добра ведаюць сваю справу таваразнаўца Лілія Ракашэвіч, бухгалтар Жанна Морская. На агульны поспех працуе ўвесь калектыў гарадскога “Вераса” ў складзе  21 чалавека на чале з загадчыцай Святланай Страмавус. І кіраўніцтва прадпрыемства,  і шматлікія наведвальнікі магазіна адзначаюць прафесіяналізм прадаўцоў Ларысы Бацкалевіч, Людмілы Булатай, Алены Івановай, Жанны Ціхан, Алены Вялічка, культуру абслугоўвання. Нядрэнна ідуць справы і ў фірменным магазіне “Верас”  у вёсцы Галаўнінцы.

Наогул, слова “культура” ў дачыненні СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” можна прымяняць вельмі часта. Тэрыторыя прадпрыемства ў любую пару года – у ідэальным стане. У вытворчых памяшканнях – безумоўныя чысціня і парадак. А яшчэ завод – традыцыйны пераможца штогадовага конкурсу на навагодняе афармленне будынкаў. Нехта скажа: былі б грошы – можна зрабіць што заўгодна. Але, з іншага боку, на мішуру, агеньчыкі патрэбна не так многа сродкаў. Куды больш каштоўныя ініцыятыва, ідэі і жаданне ўвасобіць іх як мага лепш. Якасна, адным словам. Як і ўсё, што робіцца на прадпрыемстве.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Інжынер-будаўнік Уладзімір Азімка і галоўны інжынер Аляксандр Клапаток.

Намеснік дырэктара Галіна Шастак з калектывам аддзела маркетынгу Вікторыя Равяка, Таццяна Рымша, Аксана Баўтрукевіч, Алена Яраш, Жанна Грамак, Ірына Міснік.

Прадаўцы магазіна «Верас» Ларыса Бацкалевіч, Алена Вялічка, Жанна Ціхан і Людміла Булатая.

На тварожным участку працуюць Святлана Пішч і Уладзімір Стрыхар.

Наладчык абсталявання Віталій Жытко.

Аператар пастэрызацыі Алена Стругава.

Дэгустацыя прадукцыі. Намеснік начальніка лабараторыі Алена Праўлоцкая, тэхнолаг Таццяна Пранчак, начальнік лабараторыі Алена Саладуха, інжынер-тэхнолаг Алена Грыцкевіч, начальнік вытворчасці Людміла Скараход.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *