Патэнцыял ёсць, і яго трэба задзейнічаць

Падчас рабочай паездкі ў Ляхавіцкі раён Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч пабываў на мясцовым ільнозаводзе.

Гэта неаднаразова падкрэсліваў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, упаўнаважаны прадстаўнік Кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці Міхаіл Мясніковіч падчас наведвання ў мінулую пятніцу Ляхавіцкага раёна.

Напрыканцы мінулага тыдня ў Ляхавіцкім раёне з рабочай паездкай пабываў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, упаўнаважаны прадстаўнік Кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці Міхаіл Мясніковіч. Ён прыняў удзел у пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, а пасля наведаў СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” і ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”.
У пасяджэнні райвыканкама таксама ўдзельнічалі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў і дэпутат  аблсавета па Ляхавіцкай выбарчай акрузе Уладзімір Махнач.

На парадку дня разглядаліся два стратэгічныя пытанні: аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця і выкананні бюджэту Ляхавіцкага раёна за 2015 год і задачах па забеспячэнні выканання бюджэту ў 2016 годзе, а таксама аб рэалізацыі кадравай палітыкі на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна, выкананні рэгіянальнай праграмы “Кадры” на 2011-2015 гады.
Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч падкрэсліў, што такое “суседства” не выпадковае: пытанні ўзаемазвязаны і ўзаемазалежныя. Адна з галоўных мэт дзяржаўнай палітыкі ў нашай краіне – павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва. На гэта, па вялікім рахунку, заклікана працаваць эканоміка краіны, вобласці, раёна. Паспяховая эканоміка – трывалы фундамент сацыяльнай сферы, падмурак сацыяльнай палітыкі дзяржавы, дабрабыт кожнай сям’і. У сваю чаргу, дабрабыт – агульны і асабісты – ствараецца на кожным працоўным месцы, залежыць ад сумленнай, зацікаўленай і эфектыўнай работы кадраў: кіраўнікоў, спецыялістаў, простых працаўнікоў.
Старшыня райвыканкама нацэліў дакладчыкаў на прадметную размову па сутнасці: для таго, каб вызначыць шляхі далейшага развіцця, неабходна дасканала прааналізаваць пралікі, недапрацоўкі, агучыць іх прычыны.

Намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба і начальнік райфінаддзела Ірына Маляр прааналізавалі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіччыны і яго фінансавы складальнік. Агульную карціну па сваіх галінах і сферах дапоўнілі намеснікі старшыні райвыканкама Сяргей Баргамон і Дзіяна Трысцень.
Сказаць, што “карціна” атрымалася бязвоблачнай, безумоўна, не выпадае. Пры шэрагу пазітыўных тэндэнцый (выкананні прагнозных паказчыкаў па тэмпах росту экспарту паслуг, стварэнні новых арганізацый і працоўных месцаў у сферы прадпрымальніцтва, прамых замежных інвестыцыях, уводзе жылля ў эксплуатацыю, нізкім узроўні запасаў гатовай прамысловай прадукцыі на складах, планамерным павелічэнні долі ўласных даходаў у бюджэце раёна за апошнія гады з 35 да 45 працэнтаў, выкананні асноўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва і г.д.) хапае і праблем. Менавіта на іх акцэнтаваў увагу Старшыня Савета Рэспублікі.
Сярод ключавых параметраў, над выкананнем якіх раёну належыць сур’ёзна працаваць, – экспарт тавараў. Як адзначыла ў сваім дакладзе Таццяна Кацуба, аб’ём знешняга гандлю таварамі за 11 месяцаў мінулага года склаў 12,8 мільёна долараў і роўны, напрыклад, агульнаму аб’ёму экспарту трох раёнаў – Ганцавіцкага, Маларыцкага і Столінскага. Тым не менш, да прагнозных паказчыкаў гэта лічба значна недацягвае, складае ўсяго каля 83 працэнтаў да ўзроўню 2014 года.
Яшчэ адно “балючае” пытанне для раёна – інвестыцыйнае. Летась арганізацыі Ляхавіччыны прыцягнулі 225 мільярдаў рублёў інвестыцый у асноўны капітал – менш за палову ад узроўню 2014 года. Значна ўпаў аб’ём будаўніча-мантажных работ, ды і на мэты мадэрнізацыі было накіравана ўсяго крыху больш за 38 мільярдаў рублёў – у разы менш ранейшага.
“З разумнай мадэрнізацыяй спыняцца ні ў якім разе нельга. Гэту работу трэба працягваць для таго, каб выпускаць высока-
канкурэнтную прадукцыю. А канкурэнтнасць сёння – гэта цана, якасць, сэрвіс. У гэтым плане мы, заканадаўцы, робім усё, каб падтрымаць пытанні інвестыцый. Інвестыцыі – гэта развіццё, новыя тэхналогіі, стварэнне новых вытворчасцяў, новыя працоўныя месцы, даходы бюджэту і зарплата для работнікаў,”– падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.
Асобную ўвагу ён звярнуў на пытанне занятасці насельніцтва. Даць чалавеку магчымасць зарабляць на дастойнае жыццё ўласнай працай – адно з патрабаванняў Кіраўніка дзяржавы. І ад таго, як яно выконваецца, залежыць дабрабыт людзей і стабільнасць у грамадстве.  Прагучала лічба: за мінулы год у раёне 11,7 працэнта ад спісачнай колькасці работнікаў працавала ў рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці, у тым ліку 385 чалавек былі вымушаны па ініцыятыве наймальніка пайсці ў водпуск без захавання або з частковым захаваннем заработнай платы, яшчэ 546 працавалі няпоўны працоўны тыдзень. Сярод апошніх – 312 работнікаў камунгаса. Тлумачэнні па гэтым пытанні Старшыня Савета Рэспублікі запатрабаваў ад дырэктара КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандра Мядзвецкага.
Сярод асноўных задач, што стаяць перад раёнам, Міхаіл Мясніковіч прыгадаў работу з так званымі праблемнымі сельгасарганізацыямі, укараненне эфектыўнай і пралічанай да дробязяў стратэгіі корманарыхтовак, зніжэнне сабекошту прадукцыі і паслуг (і гэта ў роўнай ступені датычыць як сельгасвытворцаў, так і, напрыклад, камунальнікаў). Па меркаванні Міхаіла Уладзіміравіча, нямала рэсурсаў у атрыманні дадатковых даходаў у бюджэт раёна: за кошт аптымізацыі расходаў, стварэння новых працоўных месцаў, нетрадыцыйных крыніц. Разумна эканоміць ва ўмовах скарачэння бюджэтнага фінансавання – надзвычай важнае сёння ўменне.
Увагі патрабуе і замацаванне ў раёне маладых кадраў. Па інфармацыі начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Ірыны Чуры, за апошнія 5 гадоў у раён прыбыло 335 маладых спецыялістаў. За 2011-2013 гады замацаванне склала 47 працэнтаў.
Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў: у раёне ёсць рэальныя рэзервы, і іх трэба выкарыстоўваць.
Ва ўнісон прагучала і меркаванне кіраўніка раёна: “Усё ў нашых руках. Спадзявацца трэба, у першую чаргу, на сябе – уласныя сілы, магчымасці, прафесіяналізм, веды, на свае калектывы”.
Міхаіл Мясніковіч даў даручэнне дапрацаваць і канкрэтызаваць рашэнні па разгледжаных на пасяджэнні райвыканкама пытаннях з улікам агучаных заўваг і прапаноў.
Яскравая ілюстрацыя таго, як павінна працаваць прадпрыемства нават у сённяшніх няпростых эканамічных умовах, — СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”. Яго дырэктар Вячаслаў Жукоўскі – кіраўнік з 27-гадовым стажам, па спецыяльнасці не эканаміст, але ў пытаннях эканомікі дасць фору любому дыпламаванаму. Таму і карыстаецца бясспрэчным аўтарытэтам сярод калег, падначаленых, у кіраўніцтва.
Міхаіл Мясніковіч пабываў у цэхах прадпрыемства, пацікавіўся вынікамі фінансава-гаспадарчай дзейнасці, планамі па развіцці вытворчасці і ўмовамі работы тутэйшых працаўнікоў, высока ацаніў эканамічны эфект праведзенай на заводзе мадэрнізацыі. Толькі летась у абнаўленне вытворчасці тут было ўкладзена каля 7 мільярдаў рублёў уласных сродкаў. За 2015 год тэмп росту валавой вытворчасці цэльнамалочнай прадукцыі дасягнуў 161 працэнта. Якасная і натуральная прадукцыя прадпрыемства запатрабавана не толькі на ўнутраным рынку, Ляхавіцкі малочны – сярод найбольш буйных экспарцёраў раёна, летась экспарт прадукцыі склаў 5,6 мільёна долараў. Адносна невялікае прадпрыемства не губляецца на фоне брэндавых малочных гігантаў, з зайздросным пастаянствам перамагае ў шматлікіх конкурсах у галіне якасці.
Прадэгуставаўшы прадукцыю Ляха-віцкага малочнага завода, Старшыня Савета Рэспублікі ахарактарызаваў яе коратка, але вельмі ёміста: “Смачна!”.
Сярод найбольш паспяховых прамысловых прадпрыемстваў раёна сёння – і ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”. З верасня 2014 года, дзякуючы істотнай дзяржаўнай падтрымцы, тут уведзены ў строй новы цэх па перапрацоўцы льнотрасты з высокапрадукцыйным абсталяваннем, што дазволіла выйсці на кардынальна іншы ўзровень работы. За мінулы год на заводзе тэмп росту вытворчасці перасягнуў 168 працэнтаў: перапрацавана амаль 10 тысяч тон ільнотрасты, атрымана 2800 тон валакна, у тым ліку 900 тон доўгага. Павялічыўся экспарт: палова ад агульнага аб’ёму прадукцыі адпраўляецца за мяжу – у Кітай, Літву. Для таго, каб забяспечыць цэх сыравінай (а яна на 70 працэнтаў – уласная) пашыраюцца пасяўныя плошчы льну.
У льнозавадчан і іх дырэктара Дзмітрыя Скакуна вялікія планы. У тым ліку і пра гэта ішла размова падчас наведвання прадпрыемства Міхаілам Мясніковічам.
Дарэчы, пасля вытворчай інспекцыі Міхаіл Уладзіміравіч вылучыў у сваім напружаным графіку некалькі хвілін, каб паразмаўляць з журналістамі. Старшыня Савета Рэспублікі гаварыў пра тое, што сёння эканоміку краіны выпрабоўваюць на трываласць знешнія абставіны. Падкрэсліў, што ўстаноўка Кіраўніка дзяржавы – не толькі стабілізаваць сітуацыю, але і крочыць наперад. “Безумоўна, складана. Але мы гэта зробім, калі кожны раён здолее дабавіць хаця б у трох складальніках – экспарце, інвестыцыях і занятасці – і будзе сур’ёзна працаваць са стратнымі прадпрыемствамі. Патэнцыял ёсць, і яго трэба задзейнічаць”, — рэзюмаваў Міхаіл Мясніковіч.

Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Падчас наведвання СААТ «Ляхавіцкі малочны завод».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *